На Камчатцы пачалося першае за 500 гадоў вывяржэнне вулкана Крашаніннікава
Выкіды попелу дасягалі вышыні 5-6 км над узроўнем мора.

Навукоўцы ўпершыню зафіксавалі вывяржэнне вулкана Крашаніннікава на Камчатцы. Пра гэта паведаміла Камчацкая група рэагавання на вулканічныя вывяржэння (KVERT) Інстытута вулканалогіі і сейсмалогіі Акадэміі навук Расіі.
«Выбуховае вывяржэнне вулкана Крашаніннікава пачалося ў 16:50 UTC 2 жніўня 2025 года (4:50 3 жніўня паводле камчацкага часу), з выкідамі попелу да 3-4 км над узроўнем мора. Назіраецца першае ў гісторыі вывяржэнне вулкана», — пішуць навукоўцы.
Пазней выкіды попелу дасягнулі вышыні 5-6 км над узроўнем мора, частка тэрыторыі Краноцкага запаведніка пакрылася попелам.
Спадарожнікавыя здымкі KVERT паказалі, што шлейф попелу перамяшчаецца на 75 км на ўсход ад вулкана.
Паводле расійскага МНС, на шляху распаўсюджвання шлейфу попелу няма населеных пунктаў. Зарэгістраваных турыстычных груп у раёне вулкана таксама няма.
Вулкану Крашаніннікава прысвоены аранжавы код авіяцыйнай небяспекі (гэта азначае павышаную пагрозу для палётаў у гэтым раёне з-за выкідаў попелу ў атмасферу).
Гэты вулкан адносіцца да ўсходняга вулканічнага пояса. Ён знаходзіцца ў 13 км на поўдзень ад Краноцкага возера.
Па даных навукоўцаў, апошні раз вулкан вывяргаўся прыкладна ў 1463 годзе.
Каментары