Як мінімум 68 мігрантаў загінулі ля берагоў Емена ў выніку крушэння лодкі, дзясяткі зніклі без вестак
Як мінімум 68 чалавек загінулі ў выніку крушэння лодкі з мігрантамі каля ўзбярэжжа Емена. Паведамляецца, што ўсяго на борце судна знаходзілася больш за 150 чалавек, паведамляе Бі-бі-сі.

Паводле мясцовых уладаў, судна перакулілася і патанула каля паўднёвага ўзбярэжжа правінцыі Аб'ян у дрэнных умовах надвор'я.
Як паведаміў Бі-бі-сі кіраўнік прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі па міграцыі (МАМ) у Емене Абдусатар Эсаеў, з вады былі выняты 68 цел загінулых.
Паводле яго слоў, 12 чалавек удалося выратаваць, а астатнія да гэтага часу лічацца зніклымі без вестак.
«Паводле папярэдніх даных, загінулі дзясяткі людзей, многія з якіх, падаецца, з'яўляюцца грамадзянамі Эфіопіі», — заявіла Міжнародная арганізацыя па міграцыі раней.
Емен застаецца асноўным маршрутам для мігрантаў з афрыканскіх краін, што накіроўваюцца ў краіны Персідскага заліва ў пошуках працы.
Паводле ацэнак МАМ, за апошнія месяцы ў выніку крушэнняў суднаў з мігрантамі загінулі або зніклі без вестак сотні людзей.
«Гэта жахлівае здарэнне падкрэслівае вострую неабходнасць умацавання механізмаў абароны мігрантаў, што накіроўваюцца ў небяспечныя падарожжы, якія часта арганізуюцца несумленнымі кантрабандыстамі, што выкарыстоўваюць роспач і ўразлівасць людзей. МАМ заклікае да ўзмацнення міжнароднага супрацоўніцтва з мэтай прыцягнення да адказнасці асобаў, вінаватых у такіх злачынных дзеяннях, і прадухілення новых трагедый», — гаворыцца ў заяве арганізацыі.
Цяпер чытаюць
Хрыста Грозеў: ад рамантыка-радыёаматара да чалавека, які выкрыў самыя змрочныя таямніцы ГРУ і ФСБ. Як яго вербавала спецслужба Люксембурга і як ён вымушаны хавацца цяпер

Каментары