Чаму Мінск пастаянна падтапляе і ці можна з гэтым нешта зрабіць? Спецыяліст адказаў
Апошнія тыдні праз залевы беларускую сталіцу затапляе ледзь не штодня. Галоўны інжынер «Гаррамліўнесцёку» Аляксей Фільчанкоў патлумачыў, чаму праблему немагчыма вырашыць канчаткова.

Як пішуць «Мінск-Навіны», пад Мінскам размяшчаецца вялікая сетка ліўневай каналізацыі працягласцю 2125,9 км. Па словах Фільчанкова, пры праектаванні калектары робяць з трайным запасам. Але пры пастаянных і моцных летніх дажджах іх аб'ёму ўсё роўна не хапае, а анамальнае лета 2025 года стварыла вялікую нагрузку на каналізацыю.
«Для ліпеня месячная норма ападкаў разлічаная на аснове шматгадовых назіранняў і вызначаная на ўзроўні 98 мм на 1 кв. м. Але здаралася, што яе палова выпадала за некалькі гадзін ці нават дзясяткаў хвілін», — наракае спецыяліст.
Таксама ён патлумачыў, чаму калектары не даюць рады залевам. Фільчанкаў кажа, што пры моцным патоку вада не паспявае трапляць у дажджапрыёмнікі і цячэ ў нізіннае месца. Адсюль і рэгулярныя падтапленні вуліц.
У тэорыі праблему можа вырашыць падземная сетка даўжынёй амаль 20 км і дыяметрам 6 м. Гэта супастаўна з танэлем метро.
«З улікам шчыльнасці заляганняў усіх інжынерных сетак і існуючай забудовы гэтага горад не пацягне. Таксама гэта немэтатазгодна. Моцныя дажджы маюць непрадказальны характар, і адгадаць, дзе, у якім аб'ёме і на якой тэрыторыі яны пройдуць, немагчыма», — растлумачыў Фільчанкоў.
У арганізацый, якія займаюцца каналізацыяй ёсць карты месцаў частых падтапленняў, і за 5 гадоў іх колькасць знізілася са 150 да 100. Цяпер ідзе будаўніцтва калектара да ачышчальных збудаванняў вёскі Яркава, таксама працягваецца ўзвядзенне трох аварыйных трубаправодаў у раёне вуліц Ванеева, Васняцова і Пляханава і рыхтуюцца праекты па аналагічных збудаваннях у Маскоўскім і ў Фрунзенскім раёнах.
Каментары