«Ідэя ўзнікла пасля званка выбаршчыцы». Беларуская дэпутатка стварыла сайт з тысячамі магіл
Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў з Магілёва Галіна Бяляева запусціла сайт «Некропаль Беларусі», прысвечаны старым пахаванням. Акрамя фіксацыі і збору звестак пра пахаваных, ёй даводзіцца яшчэ і аднаўляць гістарычныя магілы, якія злодзеі раскрадаюць на метал.

Гісторыю стварэння сайта ў снежні 2024 года і незвычайнага зацікаўлення дэпутаткі расказвае выданне komkur.info.
«Ідэя ўзнікла пасля званка маёй выбаршчыцы. Гэта была жыхарка Магілёва Ірына, якая займалася генеалагічнымі пошукамі сваіх продкаў. Яна сказала, што хацела б мець у Беларусі адкрытую базу, дзе можна было б шукаць інфармацыю пра пахаванні. І я падумала: сапраўды, чаму б не зрабіць такую справу?» — узгадвае Галіна Бяляева.
Для Бяляевай тэма старадаўніх могілак — не выпадковая. Яна ўжо шмат гадоў займаецца некрапалістыкай, вывучае эпітафіі і гісторыі людзей, пахаваных на беларускіх могілках. Як гісторык яна добра ведае, што ў пачатку ХХ стагоддзя ўжо існаваў праект «Рускі правінцыйны некропаль», дзе апісваліся пахаванні выбітных асоб Расійскай імперыі.
«Цэлых восем гадоў я шукала гэтыя дакументы і знайшла іх у Дзяржаўным архіве ў Пецярбургу. Праз некалькі дзён я выехала ў «Паўночную сталіцу» Расіі. Тры «экспедыцыі», не адзін спісаны сшытак, звыш 4700 перапісаных эпітафій, якія належаць да пахаванняў з больш чым 800 населеных пунктаў сучаснай Беларусі. Але гэтыя звесткі трэба было яшчэ праверыць, і мы з сям’ёй у выхадныя пачалі аб’язджаць беларускія могілкі, шукаць пахаванні са спісу».

Сайт «Некропаль Беларусі» стаў працягам гэтай шматгадовай працы. Ён аб’ядноўвае не толькі гістарычныя звесткі, але і сведчанні жыхароў, якія памятаюць, дзе былі старыя пахаванні.
Цяпер на сайце ўжо больш за 3400 старонак з пахаваннямі, зробленымі да 1945 года. А самыя раннія датуюцца яшчэ XV стагоддзем — 1471 годам. Усё гэта ствараецца дзякуючы валанцёрам, якіх цяпер 21 чалавек.

«Нашы валанцёры адзін з адным і нават са мной асабіста не знаёмыя, жывуць у розных гарадах Беларусі і нават у розных краінах. Сярод іх ёсць маці і дачка. Дзяўчынцы ўсяго 8 гадоў, але яна ўжо ўсведамляе, у якім важным гістарычным праекце ўдзельнічае», — расказвае Бяляева.
Але праект не абмяжоўваецца зборам звестак. У ім шмат асабістых гісторый. Напрыклад, сям'я з канадскага Ванкувера вельмі доўга шукала магілу свайго продка і ўжо амаль страціла надзею.
«І калі яны чарговы раз уводзілі ў пошуку яго прозвішча ў надзеі, што раптам нешта змянілася, натрапілі на наш сайт. З дапамогай нашага праекта яны даведаліся, што іх продак быў пахаваны на адных са старых мінскіх могілак. Паводле слоў сям’і, яны нават не маглі дапусціць, што іх род паходзіць з Беларусі».
Здараюцца і экзатычныя знаходкі. Так, прачытаўшы аднойчы прозвішча на непрыкметным пахаванні на Успенскіх могілках у Магілёве, Галіна раптам зразумела, што пахаваны там чалавек належаў да вельмі знатнага роду ў Албаніі і на пачатку ХХ стагоддзя мог нават прэтэндаваць на трон гэтай дзяржавы.
Акрамя некрапалістыкі, дэпутатка займаецца яшчэ і пошукавай працай — яна член пошукавага магілёўскага абласнога гістарычна-патрыятычнага клуба «Віккру» і кіраўніца моладзевага пошукавага атрада «Т-34».


Акрамя даследаванняў, каманда «Некропаля Беларусі» займаецца рэстаўрацыяй старых пахаванняў. У красавіку гэтага года яны пачалі аднаўляць магілы роду Гартынскіх у Магілёве.
«У лістападзе 2024 года на тэрыторыі Успенскіх могілак Магілёва вандаламі было разбітае пахаванне Канстанціна Гартынскага — злодзеі паквапіліся на метал. Даследаваўшы стан яшчэ пяці пліт, я прыйшла да высновы, што 180‑гадовыя пахаванні патрабуюць рэканструкцыі. Мы доўга і ўпарта працавалі і здолелі выратаваць гэтыя надмагіллі, адрэстаўраваць іх, прывесці ў належны выгляд».
За год каманда ўжо адрэстаўравала 24 пахаванні. Пасля гэтага людзі пачалі званіць Галіне Бяляевай і расказваць, што таксама ўпарадкавалі старыя магілы, якія даўно былі занядбаныя.
Дэпутатка заклікае далучацца да праекта і дасылаць на сайт звесткі пра іншыя пахаванні — эпітафіі, фатаграфіі, біяграфіі ці проста апісанні, нават калі саміх магіл ужо не існуе.
«Разам мы здолеем захаваць імёны людзей, якія памерлі, увекавечыць іх і адрэстаўраваць помнікі», — кажа яна.
Цяпер чытаюць
«Як Вольскі прыходзіў з ператрусам да Коласа, а Крапіва і Глебка даносілі на калег». Апублікаваныя жахлівыя ўспаміны Рыгора Бярозкіна пра рэпрэсіі 1920—1940-х
Каментары
https://oldpomnik.by/o-sluczkom-nekropole/