Вайна11

«Пояс крэпасцяў» на Данбасе: чаму ён важны для Украіны

Асноўны вынік саміту на Алясцы палягае ў тым, што прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін нібыта хоча замарозіць вайну ва Украіне ў абмен на здачу астатняй часткі Данецкай вобласці. Расія кантралюе каля 70% гэтай вобласці, уключна з абласным цэнтрам, пасля больш як дзесяцігадовых баёў, у якіх Данеччына і суседняя Луганшчына былі крывавым сэрцам канфлікту. Захоп усёй Данецкай вобласці дазволіў бы Расіі замацавацца ў гэтым рэгіёне, а таксама пазбегнуць далейшых значных ваенных страт. Для Украіны адыход з заходняй часткі Данеччыны азначаў бы цяжкую страту не толькі тэрыторыі, што можа выклікаць новую хвалю бежанцаў, але і падзенне фарпосту супраць магчымага далейшага наступу Расіі. ВВС піша, чаму гэтая тэрыторыя мае такое вялікае значэнне.

Вайсковец УСУ рыхтуецца зрабіць стрэл па пазіцыях расійскай арміі каля горада Часаў Яр, Данецкая вобласць, Украіна. Фота: Oleg Petrasiuk / Ukraine's 24th Mechanized Brigade via AP

Што дагэтуль кантралюе Украіна

Паводле ацэнкі агенцтва Reuters, Украіна дагэтуль утрымлівае каля 6 600 кв. км тэрыторыі ў Данецкай вобласці.

Там застаецца прыкладна чвэрць мільёна чалавек, паведамілі нядаўна мясцовыя чыноўнікі.

Сярод галоўных гарадскіх цэнтраў — Краматорск, Славянск, Канстанцінаўка і Дружкаўка.

Гэта тэрыторыя з’яўляецца часткай галоўнага прамысловага рэгіёна Украіны — Данбаса, хоць яго эканоміка разбурана вайной.

«Рэальнасць у тым, што доступ да гэтых рэсурсаў, найхутчэй, будзе немагчымы прынамсі цягам дзесяцігоддзя з-за мінных палёў», — сказала ў каментары Reuters доктарка Марні Гаўлет, выкладчыца кафедры расійскай і ўсходнееўрапейскай палітыкі ў Оксфардскім універсітэце.

«Гэтыя землі цалкам разбураныя, гэтыя гарады цалкам сцёртыя з твару зямлі», — дадала яна.

У чым вайсковая каштоўнасць тэрыторыі

Нядаўні даклад амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW) апісвае «пояс крэпасцяў», які цягнецца на 50 км праз заходнюю частку Данеччыны.

«Украіна цягам апошніх 11 гадоў укладала час, грошы і высілкі ва ўмацаванне гэтага пояса фартыфікацыйных збудаванняў і стварэнне значнай абароннай прамысловай і ахоўнай інфраструктуры», — гаворыцца ў дакладзе.

Гаваорка пра акопы, бункеры, мінныя палі, супрацьтанкавыя загароды і калючы дрот.

Расійскія войскі, што наступаюць у напрамку Пакроўска, «спрабуюць яго захапіць, і на гэта, імаверна, спатрэбяцца гады», сцвярджае ISW.

Фартыфікацыі безумоўна з’яўляюцца часткай украінскай абароны, але важную ролю адыгрывае і рэльеф.

«Мясцовасць досыць зручная для абароны, асабліва вышыня Часавага Яра, якая падмацоўвала ўкраінскую лінію», — сказаў у каментары BBC News Нік Рэйналдс, навуковы супрацоўнік па сухапутнай вайне ў брытанскім Каралеўскім аб’яднаным інстытуце абаронных даследаванняў (RUSI).

Аднак ён дадае: «Калі паглядзець на тапаграфію Данбаса і Усходняй Украіны ўвогуле, то яна ў цэлым не надта спрыяльная для ўкраінцаў».

«Горад Данецк размешчаны на ўзвышшы. Далей, калі рухацца на захад, усё ідзе ўніз, і гэта не надта добра для ўкраінцаў у плане вядзення абаронных аперацый».

«Гаворка не толькі пра складанасць блізкага бою ці цяжкасці перамяшчэння ўгору — уніз. У значнай ступені гэта таксама пытанне агляду, а значыць — магчымасці каардынаваць артылерыйскі агонь і іншыя віды агнявой падтрымкі без выкарыстання дронаў».

«Таксама ўчасткі ўзвышша лепш падыходзяць для распаўсюджання радыёхваляў, для каардынацыі дронаў».

Часаў Яр, які, як нядаўна заявілі расіяне, яны захапілі, «з’яўляецца адной з апошніх вышынь, якія кантралююць украінцы», адзначае ён. Сілы абароны Украіны кажуць, што працягваюць утрымліваць там пазіцыі.

Рэйналдс падкрэслівае, што разведка з дапамогай спадарожнікавых здымкаў — ці то ад міжнародных партнёраў Украіны, ці камерцыйная — мае вялікае значэнне, «але гэта не тое самае, што мець магчымасць непасрэдна каардынаваць уласныя тактычныя місіі».

Ці патрэбная расійскім вайскоўцам уся Данеччына

Заходняя частка Данеччыны — гэта толькі адзін з участкаў фронту працягласцю каля 1 100 км, але менавіта тут гэтым летам адбываліся адны з моцных расійскіх атак.

Аднак нават калі б Масква паспрабавала скіраваць свае сухапутныя сілы ў іншым напрамку, наўрад ці гэта дало б лепшыя вынікі.

«На поўдні лінія фронту ў Запарожскай вобласці цяпер вельмі падобная на тую, што на Данбасе, таму там давялося б гэтаксама прабівацца праз глыбокія абаронныя пазіцыі», — кажа Рэйналдс.

«Расіяне сутыкаюцца з той жа праблемай, спрабуючы прабівацца і на поўначы, таму гэта ніяк не будзе «адкрытымі дзвярыма» для наступу», — дадае ён.

Ці зможа Украіна аднавіць сваю абарону на захадзе

Тэарэтычна, у выпадку мірнай дамовы ўкраінцы маглі б адсунуць сваю лінію абароны далей на захад.

Аднак заставалася б праблема неспрыяльнага рэльефу, а стварэнне глыбокіх умацаванняў патрабавала б часу, нават з удзелам грамадзянскіх падрадчыкаў, якім не давялося б працаваць пад абстрэламі.

Але тэорыя — гэта адно, але, як адзначае навуковы супрацоўнік RUSI па пытаннях сухапутнай вайны, ён не бачыць, каб украінскія вайскоўцы адмовіліся ад заходняй часткі Данеччыны без бою.

«Нават калі адміністрацыя Трампа паспрабуе выкарыстаць падтрымку ЗША ці гарантыі бяспекі як рычаг, — кажа Нік Рэйналдс, — улічваючы папярэднія паводзіны Расіі, а таксама яўна транзакцыйны падыход, якога прытрымліваецца адміністрацыя ЗША, цяжка ўявіць, што ўкраінскі ўрад захоча аддаць гэтую тэрыторыю».

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што Украіна адхіліць любую расійскую прапанову саступіць Данбас у абмен на спыненне агню, падкрэсліўшы, што гэтую тэрыторыю расіяне могуць выкарыстаць як плацдарм для будучых нападаў.

Каментары1

  • Янка
    22.08.2025
    Сітуацыя з патрабаваннямі Пуціна здаць Славянска-Краматорскую агламерацыю вельмі нагадвае гісторыю са здачай Судзетаў у 1938. Пасля прыхода Гітлера да ўлады чэхаславацкі ўрад сур'ёзна заняпакоіўся небяспекай з захаду і ў 1936 пачаў будаваць г.з. "Лінію Бенэша" - пояс разнастайных ўмацаванняў, у тым ліку і бетонных дотаў. Будаўнцтво ішло вельмі хутка і на момант заключэння Мюнхенскай дамовы ўжо былі пабудаваныя больш за 200 аб'ектаў. Здача адносна невялікіх Судзетаў фактычна пакінула неакупаваную частку Чэхаславакіі без абароны і восенню 1938 Гітлер акупавал і яе. Тое ж самае назіраецца зараз і ва Ўкраіне. Здача Славянска і Краматорска створыць сур'езную пагрозу Дняпру і Запарожжу.

Цяпер чытаюць

«Некаторым людзям варта зняць ружовыя акуляры». Лявончык — пра Мельнікаву, уцечку ў «Байхэлп», белыя паліто і грошы на 1300 палітвязняў5

«Некаторым людзям варта зняць ружовыя акуляры». Лявончык — пра Мельнікаву, уцечку ў «Байхэлп», белыя паліто і грошы на 1300 палітвязняў

Усе навіны →
Усе навіны

Бум на бікіні-стрынгі. Гэта бодзіпазітыў ці нешта іншае?24

Гарыць станцыя перапампоўвання нафты ў Бранскай вобласці, праз якую атрымлівала сыравіну Беларусь12

Dana Holdings выключылі з санкцыйнага спісу ЗША5

Сілавікі апублікавалі рапарты, якія ім пісала палітзняволеная Канавалава. Але яна прызнавалася ў супрацы яшчэ раней15

Больш за чвэрць трафіку — TikTok. МТС прааналізаваў інтэрнэт-актыўнасць беларускай моладзі2

Кавуны, буякі і «Каралева Ганна» па рублю за кіло. Дзе танней купіць гародніну і ягады?3

Урад забараніў вываз яблык без ліцэнзіі2

«Вось такі цырк». У Бабруйску па даведку ад акуліста людзі стаяць у чарзе ў оптыку1

На конкурсе ў Італіі перамог малюнак крэйдай у гонар абраза ў беларускім Будславе. Аўтарка — мексіканка1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Некаторым людзям варта зняць ружовыя акуляры». Лявончык — пра Мельнікаву, уцечку ў «Байхэлп», белыя паліто і грошы на 1300 палітвязняў5

«Некаторым людзям варта зняць ружовыя акуляры». Лявончык — пра Мельнікаву, уцечку ў «Байхэлп», белыя паліто і грошы на 1300 палітвязняў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць