Паводле падлікаў Інстытута міжнародных палітычных даследаванняў (ISPI), да чэрвеня плошча тэрыторый ва Украіне, пакрытых мінамі і іншымі выбухованебяспечнымі прадметамі, дасягнула 139 тыс. км² — гэта больш за памер Англіі (130 тыс. км²), піша The Moscow Times.

У небяспечных раёнах і побач з імі жыве больш за 6 мільёнаў чалавек. Асабліва пацярпелі сельскагаспадарчыя землі ў Харкаўскай, Сумскай і Запарожскай абласцях.
З пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ад выбухаў мін загінулі 359 мірных жыхароў, у тым ліку 18 дзяцей, яшчэ амаль тысяча атрымала раненні, паведаміла Дзяржаўная служба па надзвычайных сітуацыях Украіны.
Прадстаўнік праграмы ААН па размініраванні Пол Хеслап адзначыў, што выбухованебяспечнымі прадметамі пакрыта амаль 25% тэрыторыі краіны, гэта больш за 1 мільён адзінак боепрыпасаў.
Асаблівую пагрозу ўяўляюць супрацьпяхотныя і супрацьтанкавыя міны з 5—10 кг выбухоўкі, а таксама боепрыпасы, якія скідваюцца з дронаў. Гэта значна ўскладняе працу сапёраў і павышае рызыку для насельніцтва.
Жыхары пацярпелых рэгіёнаў кажуць, што небяспека становіцца звычайнай справай. «Міны цяпер паўсюль, і людзі часам ужо перастаюць паведамляць пра знаходкі», — адзначыла жыхарка Шосткі Сумскай вобласці і спецыялістка па выбухоўцы Лізавета Кіселева.
Украіна з 2023 года лічыцца адной з самых замініраваных краін свету. Нядаўна яна разам з Польшчай, Літвой, Латвіяй, Эстоніяй і Фінляндыяй абвясціла пра выхад з Атаўскай канвенцыі аб забароне супрацьпяхотных мін, патлумачыўшы гэта патрэбай умацавання абароны. Улады пры гэтым падкрэсліваюць, што гуманітарнае размініраванне застаецца прыярытэтам.
Паводле ацэнак Мінпрыроды, на размініраванне прыярытэтных тэрыторый пасля вайны спатрэбіцца каля 10 гадоў і $38 мільярдаў, а поўная ачыстка краіны можа расцягнуцца на стагоддзі.
Як выглядае самая дасканалая лінія абароны ў Еўропе, якую Польшча будуе на мяжы з Беларуссю
Украіна выходзіць з дамовы аб забароне супрацьпяхотных мін
«Новая жалезная заслона». НАТА замініруе ўсю усходнюю мяжу ад Фінляндыі да Польшчы
Літва следам за Польшчай плануе замініраваць мяжу з Беларуссю і Расіяй
У Мінабароны Польшчы не выключылі мініравання мяжы з Беларуссю
Каментары