Грамадства11

«З'ездзілі за дзень 8 разоў». Што робіцца на польскай мяжы, дзе прадавалі выезд без чаргі

На мінулым тыдні чаты, дзе абмяркоўваюць перасячэнне мяжы, перапоўніліся эмоцыямі: у чарзе на Польшчу сабралася амаль 4800 машын і 140 аўтобусаў. На машыне трэба было чакаць выезду 8—9 дзён, на аўтобусе — да трох сутак.

Праўда, у нейкі момант льготнае перасячэнне мяжы па-за чаргой ператварылася ў паслугу з цэннікам 400—500 еўра (а некаторыя кажуць пра 1000 еўра), што абурыла беларусаў. Onliner.by паспрабаваў скарыстацца гэтай схемай.

«З’явілася проста карусель льготнікаў»

Апошнія тыдні на мяжы ажыўлена: чарга з аўтобусаў пачынаецца яшчэ за межамі «стометроўкі». Маштабы аўтамабільнай чаргі можна ацаніць на сайце Дзяржпагранкамітэта: кіроўцы рэгіструюцца на мяжы ў сістэме электроннай чаргі і павінны з’явіцца, калі прыйдзе іх чарга.

Стаяць у «калейцы» суткамі больш не трэба, як і не трэба сачыць, каб у чаргу не ўклініліся «левыя» машыны. Гандлярам месцамі ў чарзе давялося згарнуць свой бізнэс, а людзі атрымалі магчымасць не начаваць на пад’ездах да мяжы (праўда, і цэны на жыллё ў Брэсце падскочылі).

Гэта агульныя правілы, але ёсць выключэнні: калі ў машыне дзіця да трох гадоў або чалавек з інваліднасцю, то ў агульнай чарзе чакаць не трэба. На мяжы трэба паказаць дакумент, які пацвярджае права на льготу, і тэхпашпарт на аўто. Тады машыну адразу выклікаюць у пункт пропуску.

У жніўні агульная чарга перавысіла 4500 аўтамабіляў. Відавочна, што не ўсе былі гатовыя чакаць тыдзень — і, як сцвярджаюць відавочцы, «з’явілася проста карусель льготнікаў».

Гэта выглядала так: людзі з правам прыярытэтнага перасячэння мяжы падсаджваліся ў машыны, якім тэрмінова трэба ў Польшчу (ці далей па маршруце). Такое аўто заязджала ў пункт пропуску для стандартнага памежнага і мытнага кантролю. Унутры пункта пропуску трэба было рухацца ў чарзе іншых машын, але гэта ўсё адно прыкметна скарачала час у дарозе.

Калі машына перасякала беларускую частку мяжы па прыярытэце, льготнік выходзіў і перасаджваўся ў любое аўто, якое ехала з Польшчы, і вяртаўся дадому.

Схема працавала, нават калі ў льготніка не было візы або дазволу на жыхарства, бо на беларускім баку не правяралі падстаў для ўезду ў іншую краіну, а да польскай мяжы чалавек проста не даязджаў.

Хтосьці «абкатваў» такую схему і з візай — праязджаў абедзве часткі мяжы і вяртаўся назад. Для льготніка гэта не акт дабрыні і дапамогі незнаёмаму чалавеку, а часта платная паслуга. Выканаўцы і кліенты знаходзілі адно аднаго праз сарафаннае радыё, у чатах пра перасячэнне мяжы або проста на мяжы. Праўда, у чатах больш актыўнічалі кліенты.

Цана за такую паслугу — прадукт попыту, прапаноў і колькасці ўдзельнікаў у схеме. Некаторыя льготнікі «працавалі» ў адзіночку, часам пошукам кліента займаўся іншы чалавек, а чалавеку з прыярытэтам трэба было толькі сесці ў машыну і перасекчы мяжу — тады ганарар дзяліўся на дваіх.

Сама па сабе схема не новая: людзі, з якімі журналісты пагаварылі ў чарзе на мяжы, распавядалі, што некаторыя ездзілі такім спосабам і летась. Можна было напісаць у чатах, што шукаеш перасячэнне з прыярытэтам, — людзі з льготамі адгукаліся і пісалі, колькі гэта будзе каштаваць. Калі чалавек з льготай не з Брэста, ён можа папрасіць аплату пражывання і харчавання ў горадзе.

У жніўні праезд з прыярытэтам каштаваў каля 400 еўра — такую лічбу называюць людзі на мяжы.

Гэтую суму мог узяць адзін льготнік або яна дзялілася паміж льготнікам і арганізатарам схемы. Льготнік мог «працаваць» з арганізатарам за працэнт, але тады для яго рызыка вышэй, бо ён не ведае, на якую суму арганізатар дамовіцца з кліентам.

400 еўра — гэта не максімум, часта кліентаў шукаюць проста каля акенца рэгістрацыі ў сістэме электроннай чаргі. У першую чаргу паслугу прапаноўвалі тым, хто ехаў на замежных нумарах.

— Калі масава прапаноўваць прыярытэт машынам з беларускімі нумарамі, не выключана, што можна нарвацца на «кантрольную закупку» з боку падаткавікоў, — кажа чалавек, знаёмы з гэтай схемай.

Таму ў першую чаргу ішлі да замежнікаў: немцу на добрай машыне маглі агучыць кошт і 1000 еўра, замежніку з больш сціплым аўто — 500 еўра.

Сярод арганізатараў падобных схем называюць і ўжо вядомых усім «толікаў» — раней яны ўкліньваліся ў чаргу або станавіліся ў канец, а бліжэй да выезду на мяжу прадавалі сваё месца. Тады справа даходзіла да боек у «калейцы», а некаторым «прыляталі» штрафы за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць (часта згадваюць пра 20—50 базавых велічынь) і канфіскацыю аўто, якое ўдзельнічала ў схеме. У асобных выпадках маглі даць суткі за непадпарадкаванне.

Важна сказаць, што сярод тых, хто едзе па прыярытэце, ёсць сем’і з маленькімі дзецьмі і людзі з інваліднасцю, якія перасякаюць мяжу па сваіх прычынах і ніяк не звязаныя з такой бізнес-схемай. Часам яны таксама шукаюць у чатах спадарожнікаў і гатовыя сесці ў чужую машыну і такім чынам забяспечыць ёй прыярытэт, але грошай за гэта не просяць — толькі каб іх прывезлі ў патрэбны горад.

«Калі везці, то за 400 еўра»

Людзі ў чарзе, з якімі журналісты размаўлялі на мяжы, знаёмыя з гэтай тэмай. Калі казалі, што шукаюць прыярытэтчыка на падсадку, кіроўцу адразу пачынаюць адгаворваць.

— Ім выпісваюць штраф 50 базавых за тое, што яны парушаюць [правілы] знаходжання ў памежнай зоне, — сцвярджае адзін з мужчын у чарзе.

— Вы мне растлумачце, куды ён едзе? У яго ж візы няма, ён выходзіць каля апошняга беларускага шлагбаума. Рэальны варыянт — хтосьці з дзіцём да трох гадоў з візай. Яна да цябе садзіцца, праехалі, ты разлічыўся, яна ў Тарэспалі выйшла і села назад у іншую машыну.

— Якая сітуацыя цяпер з прыярытэтам?

— Я б не рызыкаваў. Ведаю чалавека — яму 50 базавых далі, хацеў праехаць з інвалідам. Дык ён жа яшчэ і інваліду даў 350 еўра, а назад забраць не можа! Учора ехаў калега. Кажа, што [на мяжы] канкрэтна папярэджваюць: калі ў вас інвалід у машыне — або разварочвайцеся, або будзе праблема.

Адзін мужчына кажа, што дзевяць гадоў ездзіць на працу за мяжу і такіх вялікіх чэргаў не бачыў ніколі. Ён лічыць, што ў нейкі момант «людзі прыстасаваліся і адзін льготнік вёз цэлы бус — дзевяць чалавек». Калі за бізнэсоўцаў на мяжы ўзяліся, чарга быццам пайшла хутчэй.

— Учора размаўляў з адным, таксама ехалі з Віцебска за мяжу на працу на такім бусе, яны па сотцы на кожнага падзялілі. Я яму кажу: «Ну калі хочаш так рызыкаваць…»

Ці шмат у чарзе бусаў, сказаць складана. Частка пасажыраў ужо ўнутры з багажом, камусьці тэлефануюць на мабільны і кажуць хутка бегчы да буса.

— Ці можна даехаць да Варшавы і колькі гэта будзе каштаваць?

Кіроўца адказвае: «Месцаў няма, толькі калі хтосьці не паспее дабегчы».

Знаёмыя з тэмай людзі кажуць, што ў бусах звычайна просяць у раёне 100 еўра. Пры гэтым не абавязкова, што мяжу перасякаюць з льготнікам — транспарт можа проста заняць чаргу і збіраць пасажыраў за плату.

Каля зоны чакання машына на французскіх нумарах. Мужчына распавядае, што заняў чаргу восем дзён таму і едзе па агульных правілах.

Ці прапаноўваў хто-небудзь перасекчы мяжу хутчэй. Аказваецца, так — сёння падыходзіў мужчына ў блакітнай кашулі, але суразмоўца не ўдаваўся ў падрабязнасці, бо планаваў ехаць па сваёй чарзе.

Праз нейкі час на запраўцы з’яўляецца той самы мужчына. Судзячы па боце, які фіксуе нумары аўтамабіляў і месца ў чарзе, ён зарэгістраваўся загадзя і прыярытэту ў яго няма, але да яго ў машыну перасела сям’я, і яны разам паехалі на мяжу.

Непадалёку дзяўчына з дзіцём у вазку. Высвятляецца, што дзяўчына ўжо ездзіла такім спосабам (і ўсе дакументы для перасячэння польскай мяжы ў яе ёсць). Праўда, падсаджвацца ў машыну яна гатовая, калі ёй самой трэба ехаць у Польшчу, таму правезці па прыярытэце яна можа толькі ў тыя канкрэтныя даты, калі ёй гэта зручна.

— Можа, зараз бы маглі праехаць?

— Не, я ж толькі прыехала, з дарогі.

— А калі б дамовіліся, то колькі гэта зусім будзе каштаваць?

— Калі везці, то за 400 еўра, — задумваецца дзяўчына. — Вы напішыце ў чатах, толькі акуратна, хто-небудзь адгукнецца.

Адзін з чытачоў сцвярджае, што на мінулым тыдні бізнэс‑схема з продажам прыярытэту яшчэ працавала і ён амаль стаў яе ўдзельнікам:

— Дамовіліся ў сераду з чалавекам, які падышоў на мяжы. Прапанаваў 400 еўра — па 200 еўра яму і льготніку, інваліду І групы. Ён патлумачыў, што там дзядуля ўсё ведае і выйдзе, дзе трэба, пасля мяжы, то-бок перад мастом да палякаў, сам папросіцца ў іншую машыну і паедзе.

Арганізатар сказаў, што ўсё будзе ў норме, ездзілі за дзень 8 раз (падобна, гаворка пра некалькіх льготнікаў), то-бок схема працавала. У чацвер ён сказаў, што двух з трох льготнікаў ужо развярнулі на мяжы і разам з машынай і са штрафамі адправілі ў Брэст. «У выніку ў мяне ўсё сарвалася — той чалавек сказаў, што больш не пускаюць, калі высадзіць пасажыра, а з візай нікога не знайшлі, як я зразумеў».

Падобнай інфармацыяй людзі пачалі дзяліцца ў чатах пра праходжанне мяжы (арфаграфія, пунктуацыя і стылістыка захаваны):

  • «Не пускаюць па прыярытэце, калі ў пашпарце няма польскай візы або іншага дакумента на ўезд у Польшчу. Здаецца, прыкрылі лазейку з інвалідамі».
  • «І інваліда, і машыну, якая яе высадзіла на мосце, разгарнулі назад у РБ. Толькі дурны купіць такі прыярытэт».
  • «Памежнік правярае наяўнасць візы ў льготніка, калі няма — то машыну на разварот. Плюс забарона на высадку пасажыра на мосце, штраф кіроўцу і льготніку».

Пазней з’явілася і афіцыйнае пацвярджэнне ад падаткавікоў: некаторыя людзі выкарыстоўвалі льготы для хуткага перасячэння мяжы і зараблялі на гэтым. Па гэтай прычыне на мяжы сталі актыўна правяраць мэты і абставіны паездкі,

Акрамя таго, пасля праверкі гісторыі паездак такіх льготнікаў іх могуць выклікаць у кампетэнтныя органы (падаецца, гаворка пра частату паездак і тое, ці перасякалі людзі польскую мяжу, або толькі беларускую і неадкладна вярталіся назад). Справы могуць дайсці да суда, і тады парушальнікам пагражае штраф 4200 рублёў за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць. Магчыма таксама канфіскацыя даходу, інструментаў і сродкаў здзяйснення правапарушэння.

— Колькасць выпадкаў выезду грамадзян, якія скарысталіся льготным парадкам перасячэння мяжы, ужо паменшылася ў тры разы, — паведамлялі ў падаткавай службе.

Тым часам за выходныя затрымалі яшчэ 10 чалавек, якіх падазравалі ў продажы прыярытэту — аўто вярнулі ў канец чаргі, льготнікаў чакаюць штрафы

Ці ёсць іншыя лазейкі?

Яшчэ адна катэгорыя, якую актыўна абмяркоўвалі ў чатах — матацыклісты. Маўляў, едуць па сваёй чарзе, не трэба стаяць суткамі, і таксама перавозяць людзей за грошы. Але нюанс такога спосабу — можна ўзяць мінімум багажу.

Журналісты, калі прабылі некалькі гадзін на мяжы, не заўважылі актыўнага патоку матацыклістаў. Аўтамабілісты ў чарзе кажуць, што гэта так задумана — паток стаў занадта вялікім, і яго вырашылі прытармазіць, бо некаторыя нават здавалі матацыклы ў арэнду, каб людзі маглі хутка перасекчы мяжу.

— Я сам браў за 100 рублёў, праехалі за дзве гадзіны мяжу, прыгожа. Потым у чатах пачалі з’яўляцца фота — людзі на матацыклах і з чамаданамі. Цяпер зрабілі так, што запускаюць два матацыклы ў гадзіну. Тым, каму трэба, і так паедуць, а зарабіць ужо не атрымаецца, — разважае мужчына, які сумленна прастаяў чаргу. Раней жа як было? 17—20 матацыклаў у суткі. А як пачалі чаргі аўто расці — так ледзь не 70—100.

Але відаць, што не кожны матацыкліст — абавязкова парушальнік. Хоць калі яны перасякаюць мяжу хутчэй, хто-небудзь можа скарыстацца гэтым.

Некаторыя людзі, якія выходзяць на мяжы з таксі, спрабуюць падысці і на месцы дамовіцца з вадзіцелямі аўто, каб падсесці да іх. Такія папуткі шукаюць і ў чатах, размах тарыфаў значны: нехта гатовы падвезці за 20 еўра, іншыя просяць 80 еўра з чалавека з Брэста да Варшавы.

Што ў выніку? Схема з ільготнікамі значна ўскладнілася, усё можа скончыцца не проста папярэджаннем, а рэальным штрафам і вывучэннем ўсёй гісторыі паездак ільготніка. Ці варта яно таго? Магчыма, падатковая неўзабаве раскажа і пра іншыя прыклады з канкрэтнымі памерамі штрафаў.

Некаторыя падазравалі кіроўцаў бусаў, што тыя арганізуюць карусель ільготнікаў. Але, мяркуючы па чатах, такі транспарт, калі ён едзе па прыярытэце, таксама не застанецца па-за ўвагай. Для матацыклістаў перасячэнне мяжы стала павольней, браць пасажыраў за грошы можа быць не так выгадна. А на аўтобусе хутчэй? Там ніякія льготы не дзейнічаюць, аўтобус не можа аб'ехаць чаргу.

Але ёсць лайфхакі, якімі карыстаюцца пасажыры, каб паскорыць праходжанне мяжы. Калі ісці ад запраўкі да пункта пропуску, чарга злева — рэйсавыя аўтобусы, а справа — турыстычныя, якія возяць арганізаваныя групы.

У першых ёсць умоўны прыярытэт: спачатку праязджае тры рэйсавыя аўтобусы, потым запускаюць адзін турыстычны. Кіроўцы турыстычнага аўтобуса, з якім размаўлялі ў пятніцу, прыехалі на мяжу яшчэ ў панядзелак — каб заняць чаргу і гарантавана адвезці людзей на адпачынак.

— Турысты ўвесь гэты час у аўтобусе з намі не сядзяць, іх толькі цяпер падвязуць, але гэта ўсё роўна дурдом. Усяго стаіць больш за сотню аўтобусаў, а заказных за суткі праязджае на мяжу 11-15, плюс у тры разы больш рэйсавых. Вось і лічыце, 50 аўтобусаў у дзень, хоць раней было 80-90, — распавялі кіроўцы.

У чарзе з заказнымі аўтобусамі людзей сапраўды не відаць, іх падвозяць асобна, каб не прыйшлося праводзіць у аўтобусе лішнія суткі. З рэйсавымі аўтобусамі падобная сітуацыя: некалькі з іх стаялі ў чарзе пустымі, на спробы падсесці кіроўцы рэагавалі адмовай — хутка падвязуць «сваіх» пасажыраў і месцаў не будзе. У іншыя аўтобусы можна было падсесці без праблем, цана ў першай дзясятцы стандартная — 50 еўра.

Танней магло быць у хвасце чаргі, але тады губляецца ўвесь сэнс схемы. Адзін з кіроўцаў нават прапанаваў паехаць пагуляць у горадзе і быў гатовы патэлефанаваць нам, калі аўтобус будзе ўжо бліжэй да шлагбаўма. Частка людзей ідзе з рэчамі з апошніх аўтобусаў да першых, а некаторыя адразу прыязджаюць да мяжы на таксі з валізкамі.

З Мінска купляюць білет на цягнік да Брэста (білет на хуткі «Штадлер» будзе каштаваць 27 рублёў), а потым ад чыгуначнага вакзала выклікаюць таксі да мяжы. Гэтая схема з падсадкай таксама не новая, аўтобусы можа праверыць Транспартная інспекцыя і задаць пытанні кіроўцам і пасажырам. У такія дні шчыліны з перасадкамі зачыненыя (калі толькі сам перавозчык не перасаджвае сваіх пасажыраў у свае ж аўтобусы бліжэй).

— А што, калі прыйдзе Транспартная інспекцыя? Вы дасьцё білет? 

— Ой, начытаюцца ўсякага ў інтэрнэце… Сядайце і едзьце ўжо, — уздыхае кіроўца.

Адна дзяўчына кажа, што сутыкалася з такой сітуацыяй, калі на мяжы дзяжурыла Транспартная інспекцыя: «Вядома, ніводны кіроўца не ўзяў на падсадку. Прыйшлося выклікаць таксі на мяжу і паехаць на аўтавакзал, там купіць квіток у касе, сесці ў аўтобус і так вярнуцца на мяжу. Але пашанцавала, што тады ў чарзе было ўсяго 6 аўтобусаў і не трэба было стаяць суткі».

Да вечара панядзелка на мяжы было менш аўтобусаў, гэта значыць чарга прыстойна скарацілася, зараз у чарзе стаяць 25 аўтобусаў.

Летась у гэты час было прыкладна столькі ж аўтобусаў, а ў верасні стала крыху лепш.

Каментары1

  • Кралала
    26.08.2025
    Ва Украіне безвіз з 2015 года, а застабілы і хатаскрайкі гатовыя плаціць 400€ за тое каб мяжу прайсці. Дзе логіка?

Цяпер чытаюць

Памёр 50-гадовы спецназавец Буцько. Ён быў удзельнікам выкрадання і забойства Захаранкі і Ганчара28

Памёр 50-гадовы спецназавец Буцько. Ён быў удзельнікам выкрадання і забойства Захаранкі і Ганчара

Усе навіны →
Усе навіны

Археолагі пастарылі Менск на 70 гадоў3

«Усё так ці інакш будзе вырашацца на полі бою». Чым будзе займацца новая кіраўніца Місіі дэмакратычнай Беларусі ва Украіне?16

У Гродне маланка ўдарыла проста перад жанчынай1

Ціханоўская сустрэнецца з міністрамі замежных спраў ЕС6

Жонка Бруса Уіліса расказала пра самы цяжкі выбар пасля дыягназу мужа9

Поўзаў на каленях у смецці. Мужчына перарыў звалку, каб знайсці пярсцёнкі жонкі2

Зумеры, альфа, міленіялы — хто гэта такія? Тлумачым4

У Трампа збіраюцца ўрэгуляваць расійска-ўкраінскі канфлікт да канца года 1

Пад Магілёвам заўважылі павука пагрозліва-яркага віду. Ці варта ад яго хавацца?5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памёр 50-гадовы спецназавец Буцько. Ён быў удзельнікам выкрадання і забойства Захаранкі і Ганчара28

Памёр 50-гадовы спецназавец Буцько. Ён быў удзельнікам выкрадання і забойства Захаранкі і Ганчара

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць