Грамадства11

Вызвалены філосаф Уладзімір Мацкевіч: Я пакуль не гатовы расказваць пра тое, што было на мяжы

Філосаф-палітвязень даў інтэрв’ю DW на наступны дзень пасля вызвалення з турмы.

Фота: DW

Беларускі філосаф і метадолаг, стваральнік Агенцтва гуманітарных тэхналогій і Лятучага ўніверсітэта Уладзімір Мацкевіч быў адным з 52 палітвязняў, якіх вызвалілі 11 верасня. У пятніцу ён даў інтэрв’ю журналістцы DW Аляксандры Багуслаўскай і распавёў пра сваё самаадчуванне, пра час у турме і пра тое, чаму ён не лічыць, што цяпер знаходзіцца на волі.

Я не лічу, што апынуўся на волі

Deutsche Welle: Уладзімір, як вы пачуваецеся, як прайшла першая ноч на волі?

Уладзімір Мацкевіч: (доўга смяецца) Я не лічу, што я апынуўся на волі, бо я не мог выбраць месца, куды я выйду з турмы. Мяне сюды прывезлі. Я хацеў бы застацца ў Мінску, але апынуўся тут, і таму я не магу назваць гэта воляй. Ну, ноч я правёў добра, выспаўся.

— Як вы ўвогуле сябе адчуваеце? Як ваша здароўе?

— Ну, думаю, дзякуй Богу, здароўе я не вельмі падарваў — нягледзячы на тое, што быў перыяд, калі мне даводзілася вельмі цяжка. І былі праблемы са здароўем, выкліканыя, адпаведна, гэтымі месцамі знаходжання. Але потым трошкі ачуняў. Увогуле, не скарджуся.

— Вы сказалі, што не хацелі з’язджаць, і ў СМІ была інфармацыя, што вы разам з палітыкам Мікалаем Статкевічам адмаўляліся пакідаць краіну. Можаце расказаць падрабязней, што адбывалася на мяжы?

— Не, пакуль я расказваць не гатовы і не хачу. Я хачу зарыентавацца.

Але гэта была не вельмі дакладная інфармацыя. Так, я хацеў (застацца). Але адначасова з гэтым я не хацеў геройстваваць і рабіць неэфектыўныя крокі. Я разумеў, што не змагу застацца. У мяне не тая сітуацыя, што ў Мікалая Статкевіча. Я цаню яго мужнасць і гераізм і гэтак далей, і падтрымліваю. Але ў мяне крыху іншы тып паводзін і дзеянняў. Я да такіх выхадак не вельмі схільны, таму я ўстрымаўся. Думка такая была, але я ўстрымаўся.

— Пакуль вы былі ў турме, Deutsche Welle шмат пра вас пісала. Нам нават удалося арганізаваць інтэрв’ю, пакуль вы былі ў ізалятары. Тады вашы паплечнікі запусцілі кампанію «Філосаф у турме» і шмат распавядалі пра тое, што вы працягваеце пісаць свае інтэлектуальныя працы, што вы напісалі некалькі кніг. Ці атрымалася вывезці гэтыя матэрыялы з сабой з турмы?

— Ведаеце, вось за ўчорашні дзень (чацвер), калі ўжо стала зразумела, што нас вязуць за мяжу, я перажыў два вельмі непрыемныя моманты. Па-першае, тое, што мяне вывозяць з маёй краіны гвалтоўна. А па-другое — тое, што ў мяне адабралі ўсе мае запісы.

У некаторых сітуацыях, калі мяне пакідалі ў спакоі, мяне наведвала, скажам гучнымі словамі, натхненне. І мне здаецца, некаторыя старонкі, некаторыя сшыткі, якія я напісаў — адны з лепшых з таго, што я нарабіў у філасофіі, у сваіх даследаваннях. І, на жаль, гэта ўсё ў мяне забралі.

І гэта мой самы вялікі боль. Фізічныя непрыемнасці, што суправаджаюць, напэўна, любое зняволенне, я пераносіў спакойна, дзякуючы настрою, духу. Але вось гэта для мяне вельмі балюча.

Турма калечыць усіх

— Вы ў лістах пісалі, што здзіўляліся сабе, наколькі чалавек прывыкае да новых умоў, наколькі вы здолелі там адаптавацца. Як увогуле чалавек сапраўды можа так хутка адаптавацца ў турэмных умовах?

— Я яшчэ напішу пра гэта, таму што тут няма, на мой погляд, нічога дзіўнага. Усё залежыць ад унутранага стрыжня, стану, свядомасці асобы чалавека. Турма калечыць усіх. Гэта жахлівая штука. І я буду, напэўна, пісаць пра гэта, напішу артыкул, і не адзін, пра тое, што ў цывілізаваным грамадстве інстытут турмаў павінен быць скасаваны.

Мы ўжо саспелі, цывілізацыя саспела да скасавання смяротнага пакарання. Я думаю, што сучасная тэхніка дазваляе асуджаным людзям заставацца ў здаровым грамадстве, нягледзячы на асуджэнне. І кантроль штучнага інтэлекту, камеры назірання — так, гэта парушае правы чалавека і асабістую прастору, правы асобы. Але для людзей, асуджаных, ужыванне такіх рэчаў цалкам апраўданае. Ім лепш заставацца ў нармальным, здаровым грамадстве, чым у гэтым хворым грамадстве, якое ствараецца ў ізаляванай турме. І гэта калечыць усіх.

Так, ёсць рэдкія выпадкі, калі людзі захоўваюць сябе, захоўваюць нейкі маральны, асабісты патэнцыял і ў гэтых страшных умовах. Але кідаць усіх у гэтыя ўмовы — гэта бязлітасна. І гэта шкодзіць маральнаму стану ўсяго грамадства. Таму што потым, калі людзі выходзяць, многія з'яўляюцца носьбітамі гэтай прымітыўнай, першабытнай — нават не скажаш «культуры», бо гэта не культура — гэта нейкія ўзоры паводзінаў, што захаваліся ў нас ад дачалавечых продкаў. І ў турме яны квітнеюць.

Я буду прыхільнікам і спадзяюся растлумачыць гэта ў сваіх артыкулах, што інстытут турмы, месцаў зняволення павінен быць трансфармаваны. У цывілізаваных краінах, прынамсі.

— Вы ў турме таксама трымалі галадоўку. Як гэта было, як гэта магчыма перажыць?

— Усё можна перажыць… Усё можна перажыць. Адзін з урокаў, які я вынес з гэтага, — што турма не такая страшная, як падаецца людзям, якія ніколі там не былі. Гэта жахліва, гэта дрэнна, гэта бесчалавечна, гэта нецывілізавана, негуманна і гэтак далей. Але гэта можна пераносіць. І галадоўка — гэта адзін са спосабаў нечага дабівацца.

Але я папярэдзіў бы людзей, якія спантанна спрабуюць гэта рабіць. Галадоўкі трэба арганізоўваць правільна, з улікам усіх абставін і ўмоў, у якіх людзі знаходзяцца. То-бок да гэтага трэба быць гатовым. Гатовы падзяліцца з кімсьці сваім досведам галадовак (смяецца), але тым не менш не рэкамендую нікому рабіць гэта проста з эмацыянальнага парыву.

Зняволеныя ў беларускіх турмах салідарныя з украінцамі

— А скажаце, атрымлівалі вы ўвогуле нейкія навіны пра тое, што адбываецца ў свеце?

— Так, я мог падпісвацца на нейкія газеты, яны прыходзілі нерэгулярна, але тым не менш. Былі цяжкасці з перапіскай, перабоі. Радыё, якое перыядычна гучыць, — цалкам ідэалагічнае. Праўдзівай інфармацыяй, ды нават проста інфармацыяй, яно з намі вельмі бедна дзялілася. Таму галоўныя падзеі, напэўна, даносіліся, але менавіта тыя, пра якія нельга было маўчаць.

— Як вы даведаліся пра пачатак вайны Расіі ва Украіне?

— Гэта было… пра гэта нельга было маўчаць. Да канца я не верыў, што пуцінскі рэжым на гэта пойдзе. Ну а тое, што беларускі рэжым будзе ў фарватары Расіі, у гэтым я не сумняваўся. Але, вядома, калі ўсё ж такі Крэмль, расійскі рэжым пачаў гэтую вайну, я быў у шоку.

Я ў гэтым сэнсе хацеў бы проста схіліць галаву перад гераізмам украінцаў — і простых людзей, і Зяленскага як прэзідэнта ўсёй Украіны. Бо гэта нешта неверагоднае. Увогуле, Слава Украіне!

— Як зняволеныя ўвогуле абмяркоўваюць вайну, што яны пра гэта думаюць?

— У большасці сваёй зняволеныя ў беларускіх турмах салідарныя з украінцамі. Ёсць розныя людзі, тым больш што ў беларускіх турмах сядзяць і расіяне. Некаторыя з іх марылі б запісацца ў добраахвотнікі, у расійскую армію, каб іх вызвалілі з турмы. Але большасць усё ж супраць вайны ўвогуле, і канкрэтна — за Украіну. Нават крымінальнікі, не толькі палітычныя.

— У інтэрв’ю, якое нам удалося зрабіць з вамі з турмы — гэта быў жнівень 2021 года — вы казалі, што «нас адкінулі далёка назад, і цяпер трэба ўсё пачынаць спачатку». Цяпер, у 2025 годзе, нас яшчэ далей адкінулі назад?

— Без каментароў. Я пра гэта яшчэ падумаю. Я толькі другі дзень па-за турмой. Зноў жа, я паўтаруся: я не адчуваю сябе пакуль на волі, хоць і ў вольнай краіне, але і ў вольнай краіне можна быць нявольным — як я цяпер.

Я хачу падзякаваць МЗС Германіі, пасольству Германіі ў Беларусі, якія віншавалі мяне ў турме, віншавалі маю сястру — маю адзіную родную, што засталася ў Беларусі. І так памяталі пра мяне і клапаціліся. І ўвогуле яны, напэўна, былі аднымі з тых, хто паспрыяў таму, што мяне ўсё ж такі за тры месяцы да тэрміну вызвалілі. Акрамя прэзідэнта ЗША, акрамя нашых праваабаронцаў і акрамя гераізму ўкраінскага народа — Германія таксама паспрыяла гэтаму.

Асобна мне хацелася б выказаць падзяку Сіноду лютэранскай царквы Паўночнай Германіі, якія пастаянна памяталі пра мяне. Я ведаю, што яны маліліся пра мяне і за мяне. І калі гэта магчыма, (перадайце) усялякую маю падзяку і ўдзячнасць. На жаль, паколькі ў мяне забралі паперы, я не памятаю імя пастаркі. Яна адна з апошніх, хто перадаў мне ліст. Памятаю, што другая частка яе прозвішча — Акерман. Прашу прабачэння, што не запомніў імя. Я думаў, што я запісаў, і яно ў мяне застанецца, але, на жаль, ніводнай паперкі не здолеў захаваць.

Таму вось толькі дзеля таго, каб выказаць гэтыя словы падзякі, я і пагадзіўся на гэта інтэрв’ю. А ўсё астатняе я яшчэ буду абдумваць — і фармуляваць свае ўяўленні і думкі.

Каментары1

  • .
    13.09.2025
    Стал похож внешне на Караганова. К счастью, только внешне

Цяпер чытаюць

Аляксандр Лукашэнка так ляснуўся на лёд на хакеі, што трыбуны замерлі ВІДЭА115

Аляксандр Лукашэнка так ляснуўся на лёд на хакеі, што трыбуны замерлі ВІДЭА

Усе навіны →
Усе навіны

Дзяржаўны знак якасці прысвоілі толькі адной з дзвюх беларускіх згушчонак. Дык Глыбокае ці Рагачоў?16

У Пінску пенсіянерка правалілася на сваім аўто ў яму дарожнікаў. Яе яшчэ і аштрафавалі6

Дырэктара філіяла «Гомсельмаша» ў Аргенціне шукаюць па аб'яве і прапануюць зарплату зваршчыка ў Мінску4

У Слуцку прадаюць па акцыі карыстаны чырвона-зялёны халадзільнік12

У Казахстане за год завялі 709 крымінальных спраў на грамадзян, якія завербаваліся ваяваць за Расію1

Страты аэрапортаў Літвы ад беларускіх метэазондаў перавысілі 800 тысяч еўра1

Мінабароны Расіі: Купянск пад нашым кантролем. Z-блогеры: Байцы ў акружэнні10

Спявачка Валерыя прызналася, што ў 47 гадоў зацяжарыла ад Прыгожына11

Вітаўтас Ландсбергіс, або Хто не баіцца стаць лідарам у пераломны час23

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Аляксандр Лукашэнка так ляснуўся на лёд на хакеі, што трыбуны замерлі ВІДЭА115

Аляксандр Лукашэнка так ляснуўся на лёд на хакеі, што трыбуны замерлі ВІДЭА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць