Грамадства55

«Забярыце дадому з разбітай галавой». Беларуска паскардзілася, што сыну не выклікалі хуткую ў школе

У рэдакцыю Onliner.by звярнулася маці шасцікласніка з Гомеля і распавяла, што падчас перапынку сын атрымаў траўму галавы, але яму ніхто не выклікаў хуткую дапамогу.

«Мая сястра пабегла ў школу, зайшла ў медпункт. Дзіця ляжала адно, на кушэтцы, да раны на галаве была прыкладзена марля, яго кашуля была ў крыві. Завуч прапанавала ёй забраць Карыма дадому і ўжо адтуль выклікаць брыгаду хуткай медыцынскай дапамогі. Але сястра, занепакоеная станам дзіцяці, выклікала медыкаў проста ў школу. У бальніцы яму наклалі чатыры швы», — расказала Яніна, маці хлопчыка, і дадала, што не разумее дзеянняў адміністрацыі школы ў такой сітуацыі.

«Патэлефанавалі і папрасілі забраць сына дадому з разбітай галавой»

Сын вучыцца ў шостым класе адной са школ Гомеля. Урокі ў гэтым годзе ў яго праходзяць у другую змену. Інцыдэнт, пра які пойдзе гаворка, адбыўся 5 верасня каля 18:30.

У «Акце аб няшчасным выпадку з навучэнцам» (дакумент складаецца згодна з пэўным алгарытмам) абставіны апісваюцца так: «Падчас перапынку навучэнец 6 «Б» класа Карым Р. гуляў, бегаў па калідоры трэцяга паверха, зачыняў дзверы і ўдарыўся галавой аб дзверы, якія адчыняліся іншым навучэнцам».

У якасці прычыны пазначана «парушэнне вучнем, які атрымаў траўму, дысцыпліны, правіл унутранага распарадку».

Па словах суразмоўцы, у яе няма прэтэнзій да спосабу атрымання сынам траўмы, паколькі «дзеці ёсць дзеці». Але засталіся пытанні да таго, як у далейшым сітуацыя вырашалася адміністрацыяй школы.

— 5 верасня ў 19:00 мне патэлефанавала завуч школы, якая ў той вечар была дзяжурным адміністратарам, і сказала: «Яніна Аляксандраўна, добры дзень, тут такая сітуацыя: Карым разбіў галаву. Прыязджайце і забірайце яго».

Я патлумачыла, што знаходжуся на сутачным дзяжурстве да восьмай раніцы і не магу пакінуць сваё працоўнае месца, у мяне свае пацыенты.

Далей, са слоў Яніны, яна распытала завуча пра стан сына, удакладніла, наколькі сур'ёзная рана і ці ў прытомнасці ён. З размовы яна зразумела, што кроў удалося спыніць, дзіця ў прытомнасці, але медсястры побач няма — яе працоўны час ужо скончыўся.

— Я кажу: тады выклікайце хуткую дапамогу, паколькі я прыехаць не магу. На што яна мне адказвае: «Мы не можам гэтага зрабіць». Я перапытала: «У сэнсе не можаце?» У адказ яна сказала, што калі яна выкліча хуткую дапамогу, то нас паставяць на ўлік у міліцыю. Я яшчэ тады ўдакладніла: каго гэта «нас»? А яна адказала, што Карыма і іншых хлопчыкаў. Я была [ад пачутага] у разгубленасці, у мяне шок быў.

Далей, па словах суразмоўцы, ёй прапанавалі знайсці каго-небудзь з блізкіх, хто змог бы прыехаць і забраць хлопчыка дадому. У выніку ў школу прыбегла сястра Яніны — Вольга, яна была бліжэй за ўсіх.

— Калі сястра зайшла ў медпункт, дзіця ляжала там адно, на кушэтцы, да раны на галаве была прыкладзена марля, кашуля ў крыві. Завуч прапанавала ёй забраць Карыма дадому і ўжо адтуль выклікаць брыгаду хуткай медыцынскай дапамогі. Сястра пацікавілася ў яе, чаму яны самі не выклікалі дзіцяці хуткую. А завуч ёй: «Дык усё ж нармальна, ён жа размаўляе [гэта значыць у прытомнасці]. Сястра ж адмовілася весці Карыма з кровацячэннем з галавы дадому і сама выклікала хуткую прама ў школу.

Па словах суразмоўцы, брыгада ХМП прыехала літаральна за пяць хвілін, і паколькі рана аказалася сур'ёзнай, дзіця забралі ў бальніцу яе зашываць.

У пацверджанне сваіх слоў Яніна прадаставіла дакументы, якія тычацца сітуацыі. Згодна з даведкай, выдадзенай Гомельскай абласной дзіцячай бальніцай, у хлопчыка была «рана лобна-цемянной вобласці», а таксама пад пытаннем закрытая чэрапна-мазгавая траўма; на рану яму наклалі чатыры швы.

— Увечары мне патэлефанавала класная кіраўніца, пацікавілася станам сына і ўдакладніла, ці буду я кудысьці звяртацца. Паколькі гэта была не першая сітуацыя і я ўжо ішла на саступкі раней, я папярэдзіла, што ў гэты раз буду [звяртацца ў адпаведныя інстанцыі].

Па словах Яніны, у панядзелак, 8 верасня, яна напісала ў чат-бот Уладзіміра Прывалава, старшыні Гомельскага гарвыканкама, і выклала там усю сітуацыю.

— Ужо пасля гэтага мне патэлефанавала дырэктар школы з прабачэннямі за свайго адміністратара. Але маё дзіця чула, калі ляжала ў медпункце, як завуч тэлефанавала дырэктару і пыталася, выклікаць хуткую ці не. Адказу ён не чуў. 

На наступны дзень, 9 верасня, па словах Яніны, ёй патэлефанавалі з гарвыканкама і запрасілі на сустрэчу з начальнікам упраўлення адукацыі. Туды ж паклікалі і адміністрацыю школы.

— На сустрэчы я расказала пра тое, што сыну адмовіліся выклікаць хуткую і ў адваротным выпадку пагражалі пастаноўкай на ўлік у міліцыю. Начальнік упраўлення адукацыі пераконвала, што забароны на выклік хуткай няма, і задавала пытанне адміністрацыі школы, чаму яны гэтага не зрабілі, але тыя не змаглі нічога адказаць. Пры мне начальніца ўпраўлення даручыла дырэктару правесці ўнутрышкольнае расследаванне. Увогуле, нам абяцалі разабрацца ў сітуацыі.

Калі расследаванне было праведзена, Яніну папрасілі прыйсці ў школу і азнаёміцца з актам.

— Там было паказана, што ўсё адбылося па віне майго дзіцяці. Але ў мяне не было прэтэнзій да ўзнікнення гэтай траўмы: дзеці ёсць дзеці. Я нават не маю прэтэнзій да таго, што, як высветлілася пасля, на паверсе ў момант інцыдэнту не было ніводнага настаўніка. Мяне вельмі хвалюе сітуацыя, што дзіцяці пры такой траўме, калі з галавы ішла кроў, адмовілі ў выкліку хуткай дапамогі. Сын ішоў з разбітай галавой з трэцяга на першы паверх, спрабуючы закрыць рану, каб кроў не запэцкала кашулю. Відавочна, у школе палічылі гэта нармальным.

Чаму работнікі школы не выклікалі хуткую, у акце не тлумачыцца. Пасля гэтага выпадку маці школьніка напісала заяву ў міліцыю, але адказу пакуль не было.

— На сустрэчы ў гарвыканкаме начальнік упраўлення пыталася пры мне ў дырэктара, чаму тыя не дзейнічалі згодна з унутрышкольным алгарытмам. Але я не ведаю, пра які дакумент ішла гаворка.

Суразмоўца адзначае, што ў падобную сітуацыю яе сын трапляе не ўпершыню. Падобны выпадак быў у студзені 2025 года, але тады, запэўнівае Яніна, яна нікуды не звярталася, акрамя медыкаў (хлопчык атрымаў удары галавы і цела).

— Сын з траўмай прасядзеў увесь урок і толькі пасля змог узяць тэлефон у класнай і патэлефанаваць мне. Пры гэтым урок вяла дырэктар школы і сітуацыю, што майго сына перакуліў на падлогу аднакласнік, ударыўшы яго галавой аб падлогу, ведала. Мы аб'ездзілі ўсе бальніцы, рабілі КТ галавы. Дзякуй Богу, тады ўсё абышлося.

Які алгарытм ёсць для такіх выпадкаў?

Мы звярнуліся па каментарыі ў школу, дзе вучыцца сын Яніны, а таксама ва ўпраўленне адукацыі Гомельскага гарвыканкама, куды мама хадзіла на прыём. У прыёмнай школы нам спачатку сказалі, што дырэктар знаходзіцца на паверсе як дзяжурны адміністратар, а пасля перасталі адказваць на званкі з рэдакцыі. Мы таксама паказалі зваротны спосаб сувязі, але з намі пакуль ніхто не звязаўся.

У мясцовым упраўленні адукацыі гісторыю пракаментаваць па тэлефоне адмовіліся. Рэдакцыя адправіла пісьмовы запыт і апублікуе адказ, як толькі яго атрымае.

У Беларусі праца школ рэгулюецца Міністэрствам адукацыі, якое распрацоўвае пастановы, указы, правілы і алгарытмы. Ведамствам у тым ліку распрацаваны правілы, якія тычацца бяспечнага знаходжання дзяцей у школе, — «Правілы расследавання і ўліку няшчасных выпадкаў, якія адбыліся з навучэнцамі пры засваенні зместу адукацыйных праграм, з выхаванцамі пры рэалізацыі праграм выхавання, зацверджанымі пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь 03.08.2022 № 227 (далей — Правілы № 227).

На базе гэтых правіл складзены «Алгарытм дзеянняў педагогаў пры няшчасным выпадку», які можна знайсці на сайтах многіх беларускіх школ. У ім, напрыклад, пералічаны віды няшчасных выпадкаў у школе (траўма, у тым ліку нанесеная іншай асобай; вострае атручэнне; цеплавы ўдар, апёк, абмаражэнне, утапленне, паражэнне электрычным токам, выпраменьваннем, маланкай; укусы насякомых; пашкоджанні, атрыманыя ў выніку выбухаў, аварый, разбурэнняў будынкаў і інш.), а таксама ўмовы, пры якіх падобныя выпадкі падлягаюць уліку і расследаванню. 

Далей ідзе сам алгарытм неабходных дзеянняў, калі адбыўся няшчасны выпадак, дзе гаворыцца пра тое, што кіраўнік установы адукацыі, дзяжурны настаўнік або адміністратар абавязаны выклікаць хуткую дапамогу або забяспечыць дастаўку дзіцяці ў траўмпункт.

Вось фрагмент інструкцыі

1. Пацярпелае дзіця або дзіця-сведка няшчаснага выпадку павінен паведаміць настаўніку, які знаходзіцца бліжэй за ўсё, пра тое, што адбылося.

2. Настаўнік абавязаны:

• тэрмінова арганізаваць першую дадоктарскую дапамогу (катэгарычна забараняецца адпраўляць дзіця ў медыцынскі кабінет самастойна);

• паведаміць кіраўніку адукацыйнай установы, дзяжурнаму настаўніку або дзяжурнаму адміністратару пра тое, што адбылося;

• захаваць абстаноўку месца здарэння да правядзення расследавання (калі няма пагрозы жыццю і здароўю навакольных і гэта не прывядзе да аварыі) да прыходу камісіі па расследаванні няшчаснага выпадку.

1. Кіраўнік адукацыйнай установы, дзяжурны настаўнік або дзяжурны адміністратар абавязаны:

• выклікаць хуткую дапамогу (арганізаваць дастаўку ў траўмпункт з суправаджэннем дзіцяці педагогам у выпадку адсутнасці бацькоў);

• неадкладна прыняць меры па ліквідацыі прычын, якія выклікалі няшчасны выпадак (калі ёсць пагроза жыццю і здароўю навакольных і гэта не прывядзе да аварыі);

• паведаміць пра тое, што адбылося, у аддзел адукацыі па адпаведнай форме.

Каментары5

  • каментар
    22.09.2025
    Лагер лагер лагер, всегда так было. Или забыли, кто лучезарному 30 лет проценты рисует?
  • Андрусь
    22.09.2025
    Улада стварыла ў школах атмасферу ўсеагульнага страху. Але ж гэта і выбар многіх педагогаў - жыць і працаваць у атмасферы ўсеагульнага страху. Менавіта педагогі сталі асноўнымі фальсіфікатарамі вынікаў выбараў 2020 года. Плён тых іхніх дзеянняў выходзіць у тым ліку і такім бокам.
  • Tut
    22.09.2025
    Пішыце афіцыйную скаргу ў Мінадукацыі, пракуратуру і ў МУС. Есць артыкул 159 КК. Бяздзеянні адміністрацыі школы падпадаюць пад гэты артыкул. Шаштажаванне пастаноўкай у міліцыю гэта таксама злачынства. Тэрміновае медычная дапамога патрабуецца абавязкова пры траўмах галавы, нават калі няма крыві, бо пашкоджанні могуць быць выключна ўнутранымі. Адкрытая рана патрабуе медычнай дапамогі як мага хутчэй, таму што з кожнай хвілінай расце верагоднасць ускладнення ў выглядзе інфекцыі. А адміністрацыя адмаўлялася выклікаць хуткую дапамогу толькі таму, што яны па законе адказваюць за здароўе дзяцей пакуль яны ў школе і не жадаюць браць на сябе адказнасць. Але гэтыя дзеянні незаконныя.

Цяпер чытаюць

Трамп паверыў у поўную перамогу Украіны27

Трамп паверыў у поўную перамогу Украіны

Усе навіны →
Усе навіны

«Таму без усялякай крыўды». Лукашэнка даручыў Галоўчанку сачыць за працаю Турчына3

Польшча адкрывае мяжу з Беларуссю70

Дроны над пляжам, груз 200 і не працуе GPS. Як беларусы сёлета адпачывалі ў Крыме6

Вікторыя Азаранка прыляцела ў Мінск. Яе з сынам заўважылі на трыбунах «Мінск-Арэны» ФОТАФАКТ4

Байсол: Сродкі з экстраннага збору будуць выплачаныя палітвязням цалкам9

У расійскай школе, што абвалілася на вачах у людзей, у той дзень павінны былі вучыцца разбіраць аўтамат, але ніхто не прыйшоў1

Як фаварыткі Лукашэнкі зарабляюць у б’юці-сферы12

Лукашэнка распытаў Турчына пра касякі ўрада19

Закрыццё беларуска-польскай мяжы заблакавала больш за 130 цягнікоў з Кітая ў Еўропу5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп паверыў у поўную перамогу Украіны27

Трамп паверыў у поўную перамогу Украіны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць