Усяго патроху33

Ты спіш, а мозг працуе. Як з дапамогай простага трука рашаць у сне праблемы і нараджаць ідэі

Часам найлепшыя ідэі прыходзяць, калі мы перастаём свядома кантраляваць свае думкі. Кароткі сон можа адчыніць дзверы для нестандартных рашэнняў, бо менавіта тады мозг сплятае далёкія асацыяцыі ў нечаканыя камбінацыі. Расказваем, як гэта працуе.

Выява: Andriy Onufriyenko / Getty Images

Яскравы прыклад таго, як у сне прыходзяць выдатныя ідэі, гэта гісторыя нямецкага хіміка Фрыдрыха Кекуле. Ён доўга не мог зразумець структуру бензолу, пакуль, паводле легенды, не ўбачыў у сне змяю, што кусала сябе за хвост. Гэты вобраз падказаў яму геніяльнае рашэнне — малекулярную структуру ў выглядзе кольца.

Не менш знакаміты выпадак звязаны з Дзмітрыем Мендзялеевым. Як сцвярджае папулярная легенда, пасля доўгіх і безвыніковых роздумаў ён убачыў у сне ўсю перыядычную табліцу элементаў у яе канчатковым выглядзе. Прачнуўшыся, ён нібыта адразу запісаў яе на аркушы паперы.

У абодвух выпадках мозг, вызвалены ад рамак свядомага мыслення, працягваў апрацоўваць інфармацыю і знайшоў нечаканы, элегантны адказ на пытанне, якое здавалася невырашальным наяве.

Як піша выданне Wysokieobcasy.pl, наш сон неаднародны і складаецца з некалькіх фаз. Падчас глыбокага сну гіпакамп (цэнтр памяці) «перазапісвае» ўспаміны ў кару галаўнога мозгу для доўгатэрміновага захоўвання.

Выява: vecteezy

Але найбольш творчай лічыцца фаза хуткага сну (REM), калі мазгавая актыўнасць вельмі высокая. Даследаванні паказалі, што менавіта ў гэтай фазе паслабляюцца «кагнітыўныя тармазы», што дазваляе нашаму мысленню адыходзіць ад шаблонаў і ствараць арыгінальныя асацыяцыі.

Псіхолаг Дэйдра Барэт з Гарвардскай медыцынскай школы даследавала феномен «інкубацыі сноў».

Яна прасіла студэнтаў перад сном інтэнсіўна думаць над пэўнай задачай (матэматычнай, літаратурнай ці асабістай).

Вынікі ўразілі: амаль палова ўдзельнікаў паведаміла, што ў сне з'явіліся вобразы ці ідэі, якія дапамаглі знайсці рашэнне. Часам гэта былі прамыя адказы, а часам — сімвалічныя падказкі, што накіроўвалі думкі ў новы бок.

Аднак не толькі глыбокі сон важны. Найноўшыя даследаванні паказваюць, што

для крэатыўнасці надзвычай карысны стан на мяжы сну і явы — так званы паўсон або гіпнагогія (фаза N1). У гэты момант логіка слабее, а ўяўленне працуе на поўную моц.

Навукоўцы з Масачусецкага тэхналагічнага інстытута нават навучыліся ўплываць на змест сноў на гэтай стадыі з дапамогай гукавых стымулаў, каб мэтанакіравана стымуляваць творчы працэс.

Больш за тое, у 2024 годзе ў часопісе Frontiers in Sleep быў апісаны інструмент, які дазваляе інкубаваць сны ў хатніх умовах з выкарыстаннем простых аўдыяпаведамленняў. Гэта азначае, што паўсон — гэты няўлоўны момант паміж явай і сном — становіцца даступным як практычны інструмент для стымулявання крэатыўнасці для кожнага, а не толькі для ўдзельнікаў спецыялізаваных даследаванняў.

Заснуць, каб убачыць

Фрыдрых Аўгуст Кекуле і Дзмітрый Мендзялееў — не адзіныя, каму сон падкінуў геніяльную падказку. Пол Макартні пачуў у сне мелодыю Yesterday.

Сальвадор Далі практыкаваў «кантраляваныя сны»: ён засынаў у крэсле з ключом у руцэ; калі мышцы расслабляліся, ключ падаў, будзіў яго. Мастак рабіў гэта, каб злавіць стан гіпнагогіі, калі свядомасць знаходзіцца паміж сном і явай. Менавіта тыя дзіўныя вобразы, што ўзнікалі ў гэты момант, мастак адразу ж занатоўваў.

Падобную тэхніку выкарыстоўваў і Томас Эдысан, які засынаў з металічнымі шарыкамі ў далонях, каб злавіць момант на мяжы сну, дзе, на яго думку, нараджаліся найлепшыя ідэі.

Заданне для сну

Каб выкарыстоўваць гэты патэнцыял, можна паспрабаваць простую тэхніку: перад сном сканцэнтравацца на праблеме, нібы даючы мозгу хатняе заданне. Раніцай важна трымаць пад рукой нататнік, каб адразу запісаць любыя ўрыўкі сноў, бо яны хутка выслізгваюць з памяці. Карысным з'яўляецца і кароткі дзённы сон па 15‑20 хвілін, які дапамагае ўвайсці ў творчы стан гіпнагогіі.

Сучасная навука разглядае сон не як страту часу, а як магутны пазнавальны механізм. Калі Фрэйд бачыў у снах зашыфраваныя жаданні, то сённяшнія даследчыкі лічаць іх эксперыментальнай пляцоўкай мозгу, дзе без цэнзуры логікі можна спалучаць факты і эмоцыі. Таму парада пераспаць з праблемай мае трывалае навуковае абгрунтаванне.

Каментары3

  • Anatol Starkou
    03.10.2025
    "выпадак звязаны з Дзмітрыем Мендзялеевым" Гэта той, хто прыдумаў рускую водку? А я даўно ўжо прыдумаў да яе беларускую прымаўку: "Колькі рускай водкі не пі, а рускім не станеш". Ну для бчб мая прымаўка не падойдзе. Я для вас новую прыдумаў: "Колькі б Водкі Выбаровай не выпіў, а другім Сьвятым Зянонам не станеш." Аднаго праз край хопіць.

    З 1981, у няпоўныя 30, працаваў у ФізТэхе АН БССР вядучым канструктарам, і тады ж упершыню сутыкнуўся з працай навукоўцаў. Прыходзіць да мяне адзін і кажа, што трэба ўстройства, каб магло падаваць у пракатны стан (поперечно-клиновой прокатки) загатоўкі рознага дыяметру і рознай даўжыні. Пачаў думаць і аднойчы сню сон: я на моры, марскія хвалі на ім. Я прачнуўся ад правільнай ідэі. Хвалі могуць прынімаць і перамяшчаць загатоўкі рознага дыяметру і даўжыні. Заставалася прыдумаць устройства. Прыдумаў. Увогуле за час працы ў мяне было некалькі сумесных заявак на вынаходства з навукоўцамі ФізТеха. Сам жа навукоўцам стаў у БПІ (сёння БНТУ), куды мяне ўзяў з сабой мой рускі начальнік.

    Аднойчы мы з суседам па доме ва Ўруччы-2 сабраліся (здуру) пад Новы год паехаць на дачы недалёка ад Смалявіч і паглядзець як там снег пажывае. Напярэдадні ноччу сню сон: я на сваім Масквічы іду з дачы і перад правым крылом раптоўна ўзнікае чалавек, я рэзка руль улева і аб'ехаў момант. Ускочыў ад такога сна. Прачнуўся. Прыблізна праз 12 гадзін у пяць вечара ў канцы снежня перад Новым годам выртаемся з дачы з суседам. Завіруха. Я іду за двума чырвонымі габарытнымі агенчыкамі Жыгулёнка, і раптоўна ён рвануў у левы бок дарогі на Мінск, я, не думаючы, аўтаматам, раблю тое ж самае, і ў гэты момант ля майго правага крыла з'явіўся чалавек і я ізноў раблю рывок к левы бок дарогі. Праз некалькі метраў Жыгулёнак прыняў у права і спыніўся. Я таксама. "Ты чаго?", - пытаецца сусед-пасажыр - "А можа хто-небудзь за намі неяк па іншаму ехаў." Вадзіла Жыгулёнка і мы выйшлі з машын і пайшлі назад па дарозе. Убачылі ГАЗон з тупым носам і ля яго вадзілу і цела мужчыны, якога збіў ГАЗон з віцебскімі нумарамі. Вадзіла Жыгулёнка быў міліцыянер (у гражданке), вызваў ДАІ і мы ўсё распавялі як было. Пазней даведаліся, што па дарозе да сваёй смерці ішоў пьяны не стары, а малады чалавек, таму вадзілу з Віцебска нічога не было. Тры дні потым я быў у шоку. А зараз пакуль пісаў мурашкі па целу бегалі. Вось такі быў сон і пасля яго такая адбылася рэчаіснаць на дарозе Смалявічы-Мінск пад Новы год.
  • .
    03.10.2025
    1. Адваротны бок гэтага падыходу ў тым, што можна загнаць мозг у кашмар або прымусіць яго вырашаць задачу, якую насамрэч вырашаць не трэба. І разумееш гэта толькі, калі прачынаешся і тое не адразу.
    Класічныя прыклады: што рабіць з экзаменам, да якога не падрыхтаваўся, або як эмігранту, які неяк ізноў з'явіўся на радзіме, пазбегнуць пераследу.
    Мозг жа перабірае праблемы, якія сустракаліся цягам дня (напрыклад, і праз навіны, праз успаміны), і ў момант аслабленай логікі таксама не разумее іх актуальнасць.

    2. Штучны Інтэлект зараз прыдатны для пошуку нестандартных рашэнняў, бо крэатыўнасць і трызненне блізкія.

    3. Насамрэч карысная задача, якую больш ніхто, ў тым ліку ШІ, не дапаможа вырашыць - гэта паспрабаваць прыгадаць нешта з уласнага досведу, з таго, што забыў.
  • Anatol Starkou
    03.10.2025
    Так наз вещие сны у меня были и не раз. "Вещий сон — это тип сновидения, который предсказывает будущее." Так вот дошло дело до того, что я просил Бога избавить меня от такого несчастья - от вещих снов. Вроде, услышал.

Цяпер чытаюць

Мінгандлю выпадкова зліла дакумент, у якім паказала, як і за што налічвае прэміі7

Мінгандлю выпадкова зліла дакумент, у якім паказала, як і за што налічвае прэміі

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка прапанаваў Германіі аднавіць адносіны, здымаючы памежныя і іншыя бар'еры5

Пратэсты «пакалення Z» у Марока — забітыя тры чалавекі3

Ты спіш, а мозг працуе. Як з дапамогай простага трука рашаць у сне праблемы і нараджаць ідэі3

Інжынеры стварылі парашут-кірыгамі, які абяцае ідэальна прамы і танны спуск4

На буйным хімзаводзе «Азот» у Пермскім краі прагрымелі моцныя выбухі5

Адроджаныя лютаваўкі Ромул і Рэм адзначылі свой першы дзень нараджэння3

Міліцыя схавала галоўнае — магілёўскі маньяк-ліфцёр ужо сядзеў за згвалтаванне. Але яго не праверылі на датычнасць да забойстваў16

Туск у Капенгагене заклікаў еўрапейскіх лідараў усвядоміць, што вайна ўжо ідзе6

Ілан Маск анансаваў стварэнне канкурэнта Вікіпедыі6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінгандлю выпадкова зліла дакумент, у якім паказала, як і за што налічвае прэміі7

Мінгандлю выпадкова зліла дакумент, у якім паказала, як і за што налічвае прэміі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць