Вайна4242

Гіркін: Вайна на знясіленне знясіліла саму Расію, будзе рэвалюцыя

Зняволены крытык Пуціна, які дакладна прадказваў ход ваенных дзеянняў у 2022 і 2024 гадах, у сваім новым пасце жорстка раскрытыкаваў стратэгію расійскага камандавання, назваўшы яе «крэтынічнай», а кіраўніцтва краіны — няздольным да любых змен. На яго думку, вайна на знясіленне прывяла да знясілення самой Расіі. Гіркін лічыць рэвалюцыю непазбежнай. На ягоную думку, лепш бы гэта была «рэвалюцыя зверху», а не «рэвалюцыя знізу».

Загінулы расійскі салдат за некалькі кіламетраў ад Андрэеўкі Данецкай вобласці Украіны, верасень 2023 года. Фота: Alex Babenko / AP Photo

Правал «стратэгіі на вымотванне»

Зняволены палкоўнік ФСБ Ігар Гіркін (Стралкоў) пачаў свой новы ліст з калоніі з аналізу ваеннай стратэгіі, якую ўзяло на ўзбраенне Міністэрства абароны РФ пасля мяцяжу Прыгожына. Ён апісвае яе з'едліва і проста:

«Знайшлі рэцэпт перамогі: «Бяром шмат грошай, купляем шмат мяса, а потым тупа закідваем гэтым мясам хахлоў! У нас мяса больш, рана ці позна хахлы не вытрымаюць і зламаюцца!». Назвалі гэтую крэтынічную стратэгію «вайной на знясіленне» (…) і абвясцілі яе «адзіна правільнай». І «пайшла круціцца мясарубка», — гэтым разам не «Вердэнская» (як у 1916-м), а «Данецкая».

Аднак, па словах Гіркіна, праз два гады такой тактыкі вынікі аказаліся катастрафічнымі для самой Расіі. Ён пералічвае праблемы, якія сталі відавочнымі: «Высветлілася, што: а) грошы канчаюцца; б) «мяса» таксама; в) вораг знайшоў спосабы і тактыку барацьбы з «мясам», «разменьваючы» абсалютна несувымерна малыя ўчасткі мясцовасці на несувымерна вялікія аб'ёмы «мяса», якое штурмуе іх «у лоб»».

У выніку, сцвярджае Гіркін, Расія апынулася далей ад перамогі, чым была ў пачатку ўварвання:

«У выніку мы за два мінулыя гады ўзялі штурмам сотні «хатак лесніка» (выкарыстоўваючы вядомы мем часоў Першай сусветнай), далі дзясяткі «бітваў на р. Ізонца» (адтуль жа), загубілі рэшткі кадравага войска і большую частку тых, каго мабілізавалі ў 2022-м, а таксама добраахвотнікаў — і… сталі значна далей ад перамогі над ворагам, чым былі».

Ён падкрэслівае, што Украіна за гэты час не толькі не саслабела, але і значна ўзмацнілася:

«За 2 гады ВОРАГ СТАЎ МАЦНЕЙШЫ. Не колькасна хіба што (УСУ таксама нясуць вялікія страты). Але тэхнічна і арганізацыйна — цалкам дакладна. Два гады таму ўкраінцы фізічна няздольныя былі наносіць удары па нашай эканоміцы і рэсурсах за межамі прыфрантавых рэгіёнаў. Цяпер — гэта звычайная рэч, — звычайная штодзённасць! Да Урала ўключна!

Вораг вельмі цвёрды і адчувае наймагутную ваенна-тэхнічную і эканамічную (і сацыяльную таксама!) падтрымку ўсяго НАТА. Зламаць яго, узяўшы яшчэ некалькі сотняў нічога не вартых (пасля татальнага разбурэння) «хацінак мясніка» (хай сабе яны хоць з Часаў Яр памерам) — немагчыма».

«Праблема ў кіраўніцтве, якое не здольнае да дзеянняў»

На думку Гіркіна, «незаменныя правадыры» Расіі — так ён называе кола Уладзіміра Пуціна — не здольныя «ні рызыкаваць, ні (тым больш!) ахвяраваць. «Ахвяраваць» для іх павінна краіна і народы, якія яе насяляюць».

Ігар Гіркін (Стралкоў) у судзе, 17 кастрычніка 2023 года. AP Photo / Alexander Zemlianichenko

Як даводзіць Гіркін, вышэйшае кіраўніцтва Расіі баіцца любых рашучых дзеянняў, бо яны пагражаюць яго стабільнасці.

Гіркін сцвярджае, што галоўная задача цяперашняй улады Расіі — самазахаванне, а не дасягненне перамогі. Любыя змены ўспрымаюцца як пагроза.

«Фірмовы стыль яго кіравання — «пускаць усё на самацёк», а потым любы вынік «аб'яўляць дасягнутай мэтай». Галоўная задача — захаванне ўлады для сябе і для групы паплечнікаў (…) Так выйшла, што любое «актыўнае дзеянне» ў бягучай востра-крызіснай сітуацыі нязменна прыводзіць толькі да пагаршэння становішча і, такім чынам, да росту пагроз для ўлады».

Ён апісвае кіруючую эліту як састарэлую і няздольную да рызыкі групу, для якой стабільнасць важней за эфектыўнасць: «Стрыжань [улады] моцна пастарэў і нават, месцамі, струхнеў. Кожны рэзкі рух выклікае востры дыскамфорт, а «статычны спакой» — адчуванне бяспекі і стабільнасці».

Прагноз Гіркіна: ніякіх змен і непазбежная рэвалюцыя

Зыходзячы з гэтага, Гіркін робіць выснову, што ўлада не будзе нічога мяняць і працягне дзейнічаць па старой схеме да поўнага вычарпання рэсурсаў.

«Працягнуць «збіраць мяса за грошы», пакуль для гэтага ёсць яшчэ хоць найменшыя магчымасці. Пры гэтым нікога і нічога ў «расходаванні гэтага мяса» таксама мяняць не будуць: аднойчы запушчаная, «машына перамолвання» спыніцца толькі пасля поўнага вычарпання рэсурсаў, якія яе сілкуюць».

Калі рэсурсы скончацца, улада, на яго думку, паспрабуе правесці «з дзікім спазненнем» мабілізацыю, каб працягнуць працу «мясарубкі».

Адзіным выхадам для захавання краіны Гіркін бачыць «рэвалюцыю зверху», але сам жа лічыць гэты сцэнар амаль маларэальным. «Усе астатнія «выхады» (…) абрынуць краіну ў жорсткую смуту адразу і адначасова з пройгрышам вайны».

Аднак шанцы на такі паварот падзей, паводле яго слоў, імкліва змяншаюцца, бо цяперашняя эліта арганічна не здольная да рэвалюцыйных пераўтварэнняў.

«Імавернасць «рэвалюцыі зверху» — надзвычай нізкая і працягвае падаць. Проста таму, што «ў клубе тых, каму за 70» з «рэвалюцыйнымі ідэямі» традыцыйна дрэнна. А ў нас не проста «клуб састарэлых», а яшчэ і «зборышча састарэлых геданістаў».

Ігар Гіркін — расійскі спецслужбіст, які ў 2014 годзе ўзначаліў штурмавікоў, якія ажыццяўлялі захоп украінскага Данбаса. У выніку разнагалоссяў з Крамлём яго адхілілі ад кіравання сепаратыстамі. Пасля гэтага ён стаў крытыкам маскоўскіх эліт і голасам ультрашавіністычнага крыла расійскага грамадства.

Сёння ён выказвае думкі тых слаёў, якія расчараваліся ў выніках імперыялістычнай вайны ва Украіне. Паводле ацэнак заходніх разведак, Расія страціла каля 200—250 тысяч забітымі і яшчэ каля мільёна параненымі, не дасягнуўшы пастаўленых напачатку мэтаў.

Каментары42

  • Питон
    17.10.2025
    лучше няхай рабсея в гражданской, чем весь мир в мировой..
  • .
    17.10.2025
    Слушная крытыка, і не толькі сучаснага становішча пуцінскай Расеі ў вайне, а ўвогуле традыцыйных падыходаў рускага свету за ўсю яго гісторыю.
    Толькі такія крытыкі не разумеюць, як супярэчліва яны выглядаюць. Тыпа давайце заменім расейскі бардак і паказуху... але на што? Вы можаце прапанаваць толькі нешта падобнае.
    Праект "Расея" з яго звычайнымі гвалтам і дурасцю ад улады прынцыпова немагчыма рэфармаваць і выправіць.

    А яшчэ, не ясна, вось такія крытыкі ў РФ свабодна пішуць на волю, а шмат беларускіх зняволеных не могуць звязацца з роднымі па простых бытавых пытаннях, не тое каб палітычных.
  • да 1917 і дэкаланізацыі Маскоўскай імперыі
    17.10.2025
    Кітай і Трамп заўсёды пра гэта ведалі, і яны рыхтуюцца да 1917 і дэкаланізацыі Маскоўскай імперыі

Цяпер чытаюць

Суддзі, якія плакалі, суддзі, якія атрымлівалі асалоду, і суддзі, якія прыніжаліся перад міліцыяй

Суддзі, якія плакалі, суддзі, якія атрымлівалі асалоду, і суддзі, якія прыніжаліся перад міліцыяй

Усе навіны →
Усе навіны

У Міграцыйным дэпартаменце Літвы патлумачылі, як будуць дэпартаваць Скіндзерава10

У Балгарыі на трасе сутыкнуліся ажно 86 машын, 12 чалавек загінулі

Катэдж за Нацыянальнай бібліятэкай стаў самым дарагім домам Беларусі, прададзеным у кастрычніку

У Францыі з царквы скралі і знішчылі мошчы святога Мікалая — таго, хто стаў правобразам Санта-Клауса6

Гамяльчук збіў сяброўку, скінуў яе з другога паверха, а пасля прапанаваў ажаніцца3

Кіндар-сюрпрыз для дарослых: на «Куфры» прадаюць палеты са згубленымі пасылкамі. Просяць 2000 рублёў8

На Арлоўскай у Мінску сталі зносіць двухпавярховікі2

Зяленскі назваў найхутчэйшы спосаб завяршыць вайну33

Качанаву спыталі пра Threads. Яна адказала, што на дэстабілізацыю Беларусі «кінутыя такія грошы»31

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Суддзі, якія плакалі, суддзі, якія атрымлівалі асалоду, і суддзі, якія прыніжаліся перад міліцыяй

Суддзі, якія плакалі, суддзі, якія атрымлівалі асалоду, і суддзі, якія прыніжаліся перад міліцыяй

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць