Раніцай 18 жніўня тэлеграм-каналы, звязаныя з сілавымі структурамі ў Беларусі, заявілі пра ўзлом сайта «Палеская вясна» і нібыта атрыманне доступу да паштовай скрынкі, якая была звязаная з адміністрацыйнай часткай сайта. Праваабарончы цэнтр «Вясна» пацвердзіў, што рэгіянальны сайт «Палеская вясна» сапраўды быў узламаны, і даў тлумачэнне сітуацыі.

У «Вясне» адзначылі, што сайт «Палескай вясны» не абнаўляўся амаль два гады і фактычна выкарыстоўваўся толькі як архіў старых матэрыялаў.
Праваабаронцы падкрэслілі, што гэты сайт і згаданая паштовая скрынка не былі звязаныя з цэнтральным рэсурсам арганізацыі — spring96.org, а таксама з іншымі інфармацыйнымі платформамі «Вясны».
Цэнтральны сайт, афіцыйныя электронныя скрынкі арганізацыі і звароты, якія праз іх дасылаюцца, паводле заявы «Вясны», знаходзяцца ў бяспецы.
Цяпер праваабарончы цэнтр высвятляе, што адбылося з паштовай скрынкай, пра якую заявілі сілавікі, і ці быў да яе атрыманы доступ.
«Вясна» таксама абвергла інфармацыю пра нібыта ўцечку фінансавых даных арганізацыі. Па словах праваабаронцаў, гэтыя заявы не адпавядаюць рэчаіснасці і з'яўляюцца спробай сілавых структур дыскрэдытаваць дзейнасць арганізацыі.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» заявіў, што будзе і надалей паведамляць пра развіццё сітуацыі.
Каментары
І 3 пісьма "нігерыйскага спаму" (развода) як прыклад вялікіх прыбыткаў праваабаронцаў:
"В феврале 2026 из Канады им предложили 16 800 000 $"
"в позапрошлую субботу ... получили платеж в 5 800 000 €."
"300 000 $"
На звычайныя электронныя пошты такое даўно не прыходзіць - фільтруецца, а на слабаабароненыя скрыні сайтаў дагэтуль дасылаюць.
Вось гэта было смешна. ГУБАЗікі, як кажуць, віншуем з падключэннем да інтэрнэту.
А калі вы гэта тыпа дурняў уключылі (фэйк), то ў дурнях апынулася ў першую чаргу вашая лаяльная ч-з аўдыторыя.
Беларускім ініцыятывам - повад задумацца, што закінутых сайтаў/рэсурсаў не павінна быць. Калі сайт нехта аплаціў і ён пакуль жывы, павінны быць абавязковыя выдаткі і на яго абарону, аўдыт. Калі і гэтага няма, то на акуратны вывад у архіў і адключэнне.