Нерухомасць3737

Бетанаваць грошы — нацыянальная ідэя беларусаў? Параўналі тэмпы будаўніцтва ў Беларусі, Польшчы, Літве і Латвіі

Паглядзелі, як будаўніцтва новага жытла ў Беларусі выглядае на фоне суседзяў з ЕС. Спойлер: розніца здзіўляе.

ЖК «Мінск Свет». Фота забудоўшчыка

Ці паўплывала масавая эміграцыя на аб'ёмы будаўніцтва?

Цягам апошніх пяці гадоў у Беларусі ўводзяць у эксплуатацыю па 47—52 тысячы новых кватэр у год. (Пад кватэрамі ў статыстыцы лічацца як кватэры ў шматпавярховіках, так і аднакватэрныя дамы).

Гэта каля 51—56 новых кватэр на кожныя 10 тысяч жыхароў. Гэта нямала, але і да рэкордных паказчыкаў далёка.

Пры гэтым, калі паглядзець на 2019 год, які можна назваць апошнім стабільным (паколькі пасля яго адбыліся пандэмія і масавая эміграцыя), то мы ўбачым, што аб'ёмы будаўніцтва тады былі нават крыху ніжэйшыя, чым у наступныя гады — 46,9 тысячы кватэр.

Пікавым быў перыяд з 2009 па 2011 гады і пазней 2014 год. У гэтыя гады будавалі нашмат больш, чым пасля. Так, у рэкордным 2010 годзе ў Беларусі здалі ў эксплуатацыю 84,5 тысячы кватэр, у 2009 і 2011 гадах будавалі амаль па 70 тысяч кватэр, а ў 2014‑м — каля 72 тысяч.

Але каб зразумець, шмат у Беларусі будуюць жытла ці не, трэба глядзець на колькасць пабудаваных кватэр у пераліку на колькасць насельніцтва і параўнаць гэтыя даныя з іншымі краінамі рэгіёну.

У пераліку на колькасць насельніцтва ў 2009-м, 2011‑м і 2014‑м будавалі па 73‑74 кватэры на 10 тысяч чалавек штогод, а ў пікавым 2010‑м — усе 89 кватэр.

Лічба кватэр пабудаваных на 10 000 насельніцтва. Да 2021 года ўключна — даныя Белстата. 2022‑2024 — падлік «Нашай Нівы» на падставе іншых даных Белстата 

Атрымліваецца, што за апошнія дваццаць гадоў у Беларусі ў сярэднім штогод будавалі па 58 кватэр на 10 тысяч насельніцтва.

Для параўнання возьмем тры суседнія еўрапейскія краіны: Польшчу, Літву і Латвію. 

Польшча

У Польшчы з 2019 года будуюць больш за 200 тысяч кватэр штогод. Пікавым быў 2022 год, калі за год увялі ў эксплуатацыю больш за 238 тысяч кватэр. Гэта амаль па 63 кватэры на кожныя 10 тысяч насельніцтва (у Беларусі па выніках 2022 года было па 53 кватэры на 10 тысяч чалавек). У 2024‑м аб'ёмы будаўніцтва ў Польшчы скараціліся да 200 тысяч кватэр, ці 53 кватэр на 10 тысяч чалавек (у Беларусі ў 2024‑м гэты паказчык — 52 кватэры).

Калі глядзець лічбы за апошнія дваццаць гадоў, то ў Польшчы ў сярэднім штогод з'яўлялася прыблізна па 45 новых кватэр (жылых адзінак) на 10 тысяч насельніцтва, што прыкметна менш за беларускія 58 кватэр.

Літва

У Літве апошнія тры гады назіраецца будаўнічы бум.

У 2024‑м там пабудавалі 14 587 новых кватэр (як і ў выпадку з Беларуссю, пад кватэрамі разумеюцца ў тым ліку аднакватэрныя дамы). У 2023 годзе — 15 427 кватэр, а пікавым, як і ў Польшчы, стаў 2022 год з амаль 17 тысячамі новых кватэр.

Даныя па колькасці адзінак жытла, уведзеных у эксплуатацыю ў Літве з 2005 па 2024 года. Скрыншот: stat.gov.lt

У пераліку на колькасць насельніцтва у 2022‑м у Літве выходзіла па 60 кватэр на кожныя 10 тысяч чалавек, што больш, чым у Беларусі (53).

Пры гэтым, калі браць больш працяглы перыяд, то атрымліваецца, што ў Беларусі апошнія дваццаць гадоў новае жыллё будавалі нашмат актыўней, чым у Літве.

Калі ў Літве за апошнія дваццаць гадоў у сярэднім штогод з'яўлялася па 34 новыя кватэры на 10 тысяч насельніцтва, то ў Беларусі 58.

Латвія

Гэтая суседняя краіна па тэмпах будаўніцтва моцна адстае не толькі ад Беларусі, але і ад Польшчы і Літвы.

Пікавыя паказчыкі па будаўніцтве новага жылля ў Латвіі прыходзіліся на перыяд з 2006 па 2008 гады.

Пасля гэтага аб'ёмы будаўніцтва ў Латвіі заставаліся стабільна нізкімі. Калі браць перыяд з 2010‑га па 2024‑ты год, то ў сярэднім у Латвіі штогод будавалі ўсяго па 14,3 кватэры на 10 тысяч насельніцтва.

Але паколькі мы разглядаем дваццацігадовы перыяд, то лічбы крыху большыя за кошт высокіх тэмпаў будаўніцтва ў другой палове нулявых.

Колькасць новых кватэр (жылых адзінак), уведзеных у Латвіі з 2010 па 2020 гады. Скрыншот: stat.gov.lv

Атрымліваецца, што ў Латвіі за апошнія дваццаць гадоў у сярэднім штогод з'яўлялася прыблізна па 20 новых кватэр на 10 тысяч насельніцтва. Для параўнання: у Беларусі — па 58, у Польшчы — па 45, у Літве — па 34.

Пра тое, што ў Латвіі будуюць надзвычай мала, кажуць і іншыя даныя. Так, паводле афіцыйнай статыстыкі, па стане на 2021 год, у Латвіі толькі 7,6% ад усіх адзінак жылля было пабудавана ў перыяд з 2000‑га па 2020‑ты год.

Беларусы любяць бетанаваць грошы

Беларусь жа ў гэтым рэйтынгу са сваімі 58 кватэрамі ў год на 10 тысяч насельніцтва (за апошнія дваццаць гадоў) — абсалютны лідар. Пры гэтым у Польшчы і Літве апошнія некалькі гадоў будуюць новага жылля крыху больш, чым у Беларусі.

Сярэдняя колькасць пабудаваных новых кватэр (жылых адзінак) у год у Беларусі, Польшчы, Літве і Латвіі за апошнія 20 гадоў у пераліку на 10 тысяч насельніцтва

Калі параўнаўць даныя з трыма суседнімі краінамі, узнікае лагічнае пытанне: чаму ў Беларусі будуюць так шмат жылля?

Адным з важных чыннікаў можа быць псіхалагічны фактар.

Мець уласную нерухомасць для многіх беларусаў з'яўляецца выключна важным. Многія гадамі і нават дзесяцігоддзямі адмаўляюць сабе ва ўсім, залазяць у даўгі і бяруць крэдыты, каб набыць сабе кватэру ці пабудаваць дом.

Апроч гэтага, у Беларусі застаецца папулярным інвеставанне вольных грошай у нерухомасць.

У народзе з'явілася вельмі папулярнае меркаванне, што ўкладанне ў нерухомасць — гэта найлепшы спосаб захаваць грошы.

Праўда, пры паглыбленні ў гэтую тэму вынікае, што гэта не зусім так, паколькі цэны на нерухомасць у Беларусі нестабільныя. Квадрат у Мінску (і не толькі) толькі цяпер каштуе прыкладна столькі, колькі на двух папярэдніх піках, якія прыходзіліся на канец 2007‑га — пачатак 2008‑га года і на канец 2013-га.

Ілюстрацыйны здымак: «Наша Ніва»

І гэта сухія лічбы без уліку інфляцыі, якая штогод абясцэньвае грошы. Напрыклад, з улікам інфляцыі, каб проста нічога не згубіць на кватэры, набытай у 2009 годзе за $100 тысяч, цяпер яе трэба прадаць прыблізна за $140 тысяч.

Але, напрыклад, тыя, хто набыў жыллё да росту цэн у апошнія гады, сапраўды цяпер могуць прадаць яго больш выгадна.

Некаторыя кватэры па дзесяць і болей гадоў стаяць пустыя

Праз тое, што народ у Беларусі любіць бетанаваць грошы, можна назіраць цікавую карціну, калі ў продажы знаходзіцца шмат кватэр без аздаблення, якія прадаюць у дамах, што здалі 5, 10 і нават 15 гадоў таму.

Так, напрыклад, толькі ў базе «Рэалт» знаходзіцца больш за 60 кватэр з голымі сценамі ў дамах 2010—2020 гадоў пабудовы.

Сярод іх — трохпакаёўка на Філімонава, 55, дом быў пабудаваны яшчэ ў 2016 годзе.

Скрыншот: аб'ява на realt.by

Але ёсць і больш старыя кватэры без рамонту. ЖК «Чайкоўскі» пабудавалі ў 2014 годзе, але там дагэтуль ёсць кватэра без рамонту, якую цяпер прадаюць.

Скрыншот: аб'ява на realt.by

Шмат кватэр без аздаблення прадаюць у «Мінск-Свеце». Некаторыя ўласнікі такіх кватэр нават спрабуюць здаваць іх, у тым ліку пад складскія патрэбы.

І гэта толькі тыя кватэры, якія знаходзяцца ў продажы і маюць адзнаку «без аздаблення». Колькі агулам у Беларусі існуе кватэр, якія гадамі стаяць без рамонту і жыхароў, — невядома, але такія кватэры ёсць не толькі ў Мінску.

Яшчэ адна катэгорыя пустуючых кватэр — жыллё, пабудаванае па льготным крэдыце. Гэта ў тых выпадках, калі людзі мелі патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў толькі на паперы. Яны не жывуць у гэтых кватэрах, але і здаваць іх не могуць, паколькі гэта забаронена законам. Таму такія кватэры таксама гадамі прастойваюць без жыхароў.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары37

  • ))
    08.12.2025
    Даже здесь "нищая" Беларусь в лидерах)) это вы еще словакию и чехию не добавили, там вообще швах с жильем. Вообщем наш колхоз не так уж и плох, с чем я нас всех и поздравляю))
  • Мх
    08.12.2025
    Гэта сведчыць пра тое, што ў краіне няма іншых надзейных спосабаў захаваць грошы не ў форме наяўных даляраў, адсутнасць нармальных і надзейных інструментаў інвестыцый. Таму грошы і "бетануюцца"
  • Каваленка
    08.12.2025
    Павысяляюць беларусаў вон. Заедуць маскалі.

Цяпер чытаюць

«Толькі тры чалавекі будуць ведаць пра вас. Самы першы чалавек краіны». З'явіліся запісы размоў шпіёнкі Іны Кардаш з куратарам15

«Толькі тры чалавекі будуць ведаць пра вас. Самы першы чалавек краіны». З'явіліся запісы размоў шпіёнкі Іны Кардаш з куратарам

Усе навіны →
Усе навіны

Віленскі аэрапорт зноў закрылі праз шары з Беларусі1

«Мадура амерыканцы вывезлі з Венесуэлы таксама ў межах крымінальнай справы»4

«Нас гэта мала хвалюе». Эйсмант адказала, што думае пра крымінальную справу супраць Лукашэнкі24

«Лукашэнка павінен панесці адказнасць за саўдзел у расійскай агрэсіі». Міністр замежных спраў Украіны расказаў пра новую палітыку ў дачыненні да Беларусі24

На Сіцыліі пасля шторму цэлы горад апынуўся на краі прорвы2

У Беларусі прадалі тур на 10 дзён за дваіх амаль за 23 тысячы даляраў. Што за кірунак?4

У СІЗА КДБ апынуўся Мікалай Цырто, фігурант старой справы Беларусбанка. Другі раз — за палітыку2

Кітайскія хакеры на працягу некалькіх гадоў мелі доступ да мабільнай сувязі ўрада Вялікабрытаніі2

Галоўчанка не гуляе спецыяльна супраць даляра5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Толькі тры чалавекі будуць ведаць пра вас. Самы першы чалавек краіны». З'явіліся запісы размоў шпіёнкі Іны Кардаш з куратарам15

«Толькі тры чалавекі будуць ведаць пра вас. Самы першы чалавек краіны». З'явіліся запісы размоў шпіёнкі Іны Кардаш з куратарам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць