Выйшла шчырая кніга пра эміграцыю вачыма 25‑гадовай супрацоўніцы ЭПАМа
Дар’я Ракава выехала ў Польшчу ў 2018‑м 18-гадовай, вучыцца. У эміграцыі яна перажыла кавідную ізаляцыю, немагчымасць прыехаць у Беларусь пасля 2021-га, пачатак вайны ва Украіне і змены ў стаўленні да беларусаў. Цяпер яна выкладае польскую мову як замежную і працуе ў EPAM. Яе кніга «Я/Мы Эміграцыя» можа стаць папярэджаннем ці, прынамсі, канстатацыяй таго, якая будучыня чакае маладых людзей, якія выбралі эміграцыю, піша Зося Лугавая.

«Я/Мы Эміграцыя» — гэта погляд на эміграцыю вельмі маладой дзяўчыны. Гэта просты па сваёй форме тэкст, але поўны эмпатыі, (сама)іроніі і цікавых эмігранцкіх назіранняў. Дар’я пераехала ў Польшчу ў 18 год: вучылася ва ўніверсітэце, падпрацоўвала, вучыла мову.
Дар’я выкладае польскую мову як замежную. У яе шмат вучняў і даволі вялікая выбарка, як яна сама сцвярджае. І тое, з чаго яна пачынае, — гэта мова.
«У новай краіне жыхарства доўга маўчыш. Спачатку табе бракуе слоў. І часта чуеш ад самых розных людзей, куда табе трэба ехаць, які ты «не такі» ды які ты недарэчны, калі ўсё ж вырашаеш адкрыць рот. Дыскрымінацыя становіцца настолькі звыклай часткай жыцця, што да таго моманту, калі мовы ўжо хапае, каб адказаць усім, працягваеш маўчаць, паверыўшы ў сваю непаўнавартасць. Плаціш падаткі, робіш карысную працу, як мясцовыя, маеш добры досвед і некалькі моваў ў галаве, але ўсё роўна ты «лішні» і жывеш з гэтым, сарамліва зачыніўшы рот».
Шмат што пачынаецца і сканчваецца мовай, мова дае свабоду. І гэта акурат тая тэма, якая будзе блізкай для эмігрантаў любога ўзросту. Дар’я прыехала ў Польшчу з ўзроўнем В2, але гэтага было катастрафічна мала для паўнавартаснай камунікацыі. Да камфортнага існавання ў новай моўнай прасторы пройдзе не год і не два, нават пры ўмове яе інтэнсіўнага вывучэння.
«За некалькі секунд трэба было зразумець, што мне кажа чалавек, што ён мае на ўвазе і чаго ад мяне чакае. Усё заканчвалася на першым этапе: я разумела толькі словы… Калі я ўжо магла падтрымліваць размову па-польску, аказалася, што мяне хапае на пятнаццаць хвілін».
Другая важная тэма, якая гучыць праз усю кнігу, — сябры. Тое, як губляюцца старыя сябры, як няпроста заводзіць новых, з якімі ў цябе няма супольных культурных кодаў, зразумелых жартаў, вядомых з дзяцінства кніг ці тэлеперадач.
«Сябры, з якімі дамаўляліся заўсёды быць на сувязі, растварыліся ў часе. Або, лепей сказаць, растварыліся ў траўме».
Дар’я разважае пра тое, як адрозніваюцца фарматы сяброўскай камунікацыі ў Беларусі і ў Польшчы. І пра тое, што свае людзі, людзі-масты, знаходзяцца ў любой культуры, але на тое патрэбны час. Бо траўму эміграцыі, нагадвае аўтарка, псіхолагі параўноўваюць са стратай блізкага чалавека.
Эміграваўшы ў суседнія краіны, беларусы даведаліся, што суседзі вельмі мала ведаюць пра іх, калі ўвогуле нешта ведаюць. Вядома, гэтае пытанне можна задаць і самім сабе: а што мы ведаем пра сваіх суседзяў? Але Дар’я ў першую чаргу кажа пра нябачнасць беларусаў для палякаў і рэгулярныя дыялогі кшталту такога:
— У вас такі прыемны акцэнт, вы з Украіны?
— Не.
— З Расеі.
— Не.
— З Літвы?
— Зноўку не адгадалі.
— Ну тады застаецца толькі Казахстан.
— Я з Беларусі.
Яшчэ адна важна тэма, на якую разважае аўтарка — гэта дом. Кожны з эмігрантаў рана ці позна ловіць сябе на думцы: дзе мой дом? Я ўжо дома ці яшчэ не? Калі можна пачынаць купляць мэблю, прыгожы посуд і ствараць утульнасць няхай і на здымнай кватэры?
«А калі ў мяне ніколі не будзе грамадзянства? Ці сваёй кватэры? Памру, так і не выпіўшы віна са сваіх прыгожых келіхаў? У мяне няма грошай на сваё жытло і слабыя шансы атрымаць пашпарт, але пяцьдзесят злотых на келіх у мяне ёсць. І ёсць вялікае жаданне больш не жыць адкладзеным жыццём».
Закранае аўтарка і тэму сям’і, адносін, дзяцей. Спачатку падаецца: наўрад ці маладая дзяўчына зможа сказаць штосьці новае тым, хто значна старэйшы, не адзін год у шлюбе і мае дзяцей. Але Дар’я выказваецца па справе: не толькі партнёр раскрываецца для цябе ў новым святле ў эміграцыі, але і ты сам/сама для сябе раскрываешся з новых бакоў. Цікавая думка, якой я адразу знайшла з паўтузіна пацверджанняў сярод сяброў і знаёмых — гэта розныя тэмпы адаптацыі і іх наступствы:
«Адзін імкнецца асвоіцца, а другі замірае на некалькі гадоў. Вы здзівіцеся, але гэта моцна залежыць ад вывучэння мовы… Хто вучыць мову, той вырашае вялікія легалізацыйныя пытанні і маленькія бытавыя турботы. Праз памылкі і сорам пачынае паўнавартасна функцыянаваць. Калі другі парнёр не спрабуе вучыцца, то ён заканамерна пачынае быць залежным».
І ўжо зусім нечакана, але надзвычай радасна была чытаць пра дзяцей і падлеткаў, пра неабходнасць з самымі малымі ў першую чаргу клапаціцца пра родную мову, бо мясцовую яны засвояць на дзіцячай пляцоўцы, у садку ці гуртках.
«— Дар’я, майму сыну чатыры гады, вы маглі б пазаймацца з ім? Мы пераязджаем праз два месяцы…
— Не пазаймаюся. Як прыедзеце — адпраўце яго ў пясочніцу з мясцовымі дзецьмі. Месяцы праз тры ён будзе вучыць вас. Лепш потым паклапаціцеся аб занятках вашай роднай мовай для яго гадоў з шасці».
У адрозненне ад малечы, самая ўразлівая група ў эміграцыі — гэта падлеткі. Яны ўжо не дзеці, якім хапае простага ўзроўню мовы і якія вельмі хутка яе засвойваюць. Але яны яшчэ і не дарослыя, у якіх ёсць жыццёвы досвед ды інструменты самакантролю.
«Быць бацькамі падлетка складана. Быць бацькамі падлетка на эміграцыі яшчэ складаней. А ці ведаеце, што самае складанае? Быць менавіта самім падлеткам».
«Я/Мы Эміграцыя» — гэта кніга, дзе ўсяго патроху, але ўсё дарэчы. Месцамі аўтарка гаворыць мовай папулярнай псіхалогіі, але кажа яна добрыя рэчы: не прымаць крытыкі ад таго, да каго не пойдзеш па параду; што адаптацыя ў эміграцыі — не лінейны працэс, і першыя пяць гадоў нас гайдае на арэлях прагрэсу і рэгрэсу; рашэнне вярнуцца — нармальнае па сутнасці, але можа быць няпростым у выкананні, бо «ў нашай культуры ўвогуле не прынята ў нешта ўлезці, каб потым адтуль вылезці».
Часам мяне чапляла, што аўтарка кажа «асіміляцыя» там, дзе на мой погляд мусіць быць «інтэграцыя», бо асабіста я для сваіх дзяцей шукаю другога і хацела б як мага даўжэй утрымацца ад першага. Магчыма, гэта ўзроставыя асаблівасці: Дар’я эмігравала ў 18, я — у 38. Але, напэўна, кажучы «Я проста беларуская эмігрантка ў Польшчы ў першым пакаленні, а Польшча — мой дом», аўтарка мае рацыю.
Кніга выйшла ў новым беларускім выдавецтве RozUM Media, якое было заснавана ў 2025‑м у Польшчы. Выдавецтва робіць стаўку на новыя галасы і шчырасць, адкрытае для маладых аўтараў і аўтарак. На сайце выдавецтва ўжо ёсць некалькі кніг, якія можна набыць — на беларускай і расейскай мовах, у электронным і папяровым выглядзе.
Дар’я Ракава. Я/Мы Эміграцыя. — Польшча: RozUM Media, 2025
Каментары