Яго мэта — стварыць не проста бізнэс, а новую мадэль ветэранскай супольнасці, якая аб’яднае працу, спорт і падтрымку вайскоўцаў пасля фронту.

Ветэран украінскіх Сіл спецыяльных аперацый Арцём Грот, вядомы сваімі спартыўнымі і ветэранскімі ініцыятывамі, плануе адкрыць рэстаран у цэнтры Кіева. Новая ўстанова павінна стаць часткай больш шырокай мадэлі ветэранскага кам’юніці — месцам працы для тых, хто вярнуўся з фронту, месцам сустрэчы аднадумцаў і крокам да незалежнасці ад данатаў. У інтэрв'ю РБК-Украіна Арцём Грот распавёў пра вайну, бізнэс і новую мадэль супольнасці для ветэранаў.
Арцём нарадзіўся ў Беларусі, але яшчэ ў 2014 годзе, у 18‑гадовым узросце, вырашыў ваяваць за Украіну. Ён далучыўся да «Азова», а пасля — да Сіл спецыяльных аперацый, у складзе якіх атрымаў раненне, што прывяло да ампутацыі нагі.
Сёння ён застаецца ва Украіне і працягвае запускаць тут новыя праекты. Сярод іх — TMS HUB, спартыўная прастора з джыу-джытсу для рэабілітацыі вайскоўцаў, якая пасля перарасла ў сетку ветэранскіх клубаў, байцоўскі клуб M13 FIGHTS і мотаклуб MEMORIA MMC.
Ён не толькі навучае іншых, але і мае важкія ўласныя спартыўныя дасягненні — чэмпіён свету па пара-джыу-джытсу (Абу-Дабі, 2025), сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы і шматразовы чэмпіён Украіны.
Цяпер да яго ініцыятыў можа дадацца рэстаран — праект, які прапануе іншы погляд на ветэранскі рух. Калі пасля фронту воіны могуць быць актыўнай, моцнай, паспяховай часткай грамадства і ствараць новыя магчымасці і каштоўнасць у мірным жыцці.
— Арцёме, як вы наогул прыйшлі да ідэі адкрыць рэстаран?
— Насамрэч можна сказаць, што гэтая ідэя знайшла нас. Я ўжо шмат гадоў прысвяціў сябе мэце стварыць магчымасці для рэабілітацыі ветэранаў. Калі я шукаў новы будынак для нашых праектаў, атрымаў выгадную прапанову — гаворка ідзе пра дом з Хлебнай лаўкай.
Сышлося ўсё: і прывабныя ўмовы субарэнды, і цэнтр горада, і прасторны будынак. Але мяне таксама зацікавіла гісторыя гэтага месца. Колісь там была сталовая. І я падумаў: чаму не? Гэта лагічны крок пасля аднаўлення духу і цела праз спорт — стварыць працоўныя месцы сярод аднадумцаў для тых, хто вярнуўся з фронту.
— Зараз вы займаецеся спартыўнымі ініцыятывамі, дапамагаеце вайскоўцам з рэабілітацыяй, маеце мотаклуб, плануеце адкрываць рэстаран. Чаму вы пачалі адаптавацца да сучаснай Украіны ўжо па-за вайсковай сферай? Хоць ёсць розныя варыянты, як вы маглі б рэалізавацца, застаючыся ў войску.
— Я не змагу быць каля вайны. Для мяне гэта будзе проста смерць. Я не змагу сядзець у штабе, кіраваць людзьмі, глядзець на ўсё праз камеры, адпраўляць іх на смерць, а сам сядзець у штабе і піць каву. Я альбо ўдзельнічаю непасрэдна, цалкам і поўнасцю, альбо не ўдзельнічаю наогул. Таму я абраў вайскова-спартыўны шлях з фокусам на рэабілітацыю ветэранаў.
— За вашымі плячыма сур'ёзныя спартыўныя вынікі — тытул чэмпіёна свету па пара-джыу-джытсу, срэбра чэмпіянату Еўропы, перамогі на чэмпіянатах Украіны. Чаму сярод усіх спартыўных і баявых мастацтваў вы абралі менавіта джыу-джытсу?
— У канцы мая 2021 года я выйграў свой першы чэмпіянат у Харкаве сярод здаровых спартсменаў, пры тым што займаўся толькі паўгода. Гэта была катэгорыя белых паясоў. Гэта значыць людзі, якія займаюцца 2‑3 гады.
Гэты момант стаў для мяне момантам усведамлення: я змагаюся вельмі добра, нават нягледзячы на тое, што не маю стоп. І я павінен гэта развіваць сярод ветэранаў з ампутацыямі, бо ўсё пабудавана на барацьбе ў партэры — гэта значыць на зямлі. Для гэтага не трэба стаяць на дзвюх нагах. Два чалавекі так ці інакш ляжаць або сядзяць.
Спецыфіка гэтага віду спорту такая, што чалавек з інваліднасцю можа прыстасавацца да барацьбы. На той момант было прыкладна 300 ветэранаў на пратэзах — за час АТА, за восем гадоў. У мяне з'явілася думка, што для іх трэба стварыць залу, своеасаблівае кам’юніці, дзе мы зможам трэніравацца і дапамагаць адзін аднаму.
На вайне самыя распаўсюджаныя — ампутацыі ног. Спецыфіка самога спорту, таго, як пабудавана барацьба, такая, што стопы там фактычна не патрэбныя. Таму мы дакладна разумеем: з усіх відаў спорту джыу-джытсу адзін з найбольш адаптыўных і прыдатных для людзей з ампутацыямі.
— Вам вядомая статыстыка, якая колькасць ва Украіне на гэты момант людзей з ампутацыяй?
— Дакладнай статыстыкі няма. Гэта дакладна больш за 10 тысяч чалавек, але менш за 100 тысяч. Я думаю, гаворка ідзе прыкладна пра 30‑50 тысяч чалавек.
— Ці мае ваш клуб нейкія абмежаванні? Ці ёсць нейкі ліміт удзельнікаў, якіх вы можаце прымаць?
— Я прымаю ўсіх. Абсалютна ўсіх. І зараз там ужо вельмі цесна.
— Вам не хапае месца, але пры гэтым вы адкрываеце рэстаран?
— Насамрэч менавіта пошук большага памяшкання для залы і прывёў нас да гэтай ідэі. Гэта значыць, мы ў цэлым шукалі магчымасць пашырыцца, заняць большую плошчу. Але падчас гэтага пошуку мы знайшлі яшчэ і прапанову па стварэнні ўласнага бізнэсу. Гэта цудоўная магчымасць паказаць, што мы можам пабудаваць паспяховы бізнэс, не звязаны са спортам, матацыкламі і вайной. І гэты бізнэс у будучыні дапаможа нам менш залежаць ад данатаў.
— Наконт фінансавання цікава, раскажыце, дзе вы бераце грошы?
— У нас ёсць два кірункі фінансавання. Першы — гэта членскія ўнёскі і прыватныя данаты як ад цывільных, так і ад вайскоўцаў. У нас быў адзін выпадак. Хлопец з ампутацыяй стоп атрымаў раненне, і ў яго быў адкрыты рахунак на рэабілітацыю. Ён прыйшоў да мяне, пазаймаўся ў нас недзе два месяцы і кажа: «Арцёме, я веру ў тое, што вы робіце. Мне заданацілі на рэабілітацыю. Ці магу я перадаць сто тысяч грыўняў?» Я кажу: «Брат, я ж не магу табе забараніць. Гэта ж твае грошы — ты мог бы патраціць іх на сябе». Ён перадаў гэтыя сто тысяч грыўняў на развіццё, рамонт і гэтак далей.
Другі — грантавая падтрымка. За два гады, пакуль мы працавалі толькі за кошт прыватных сродкаў, нам усё ж удалося выбудаваць грантавую гісторыю. Зараз зарплата трэнера, адміністратара і арэнда памяшкання пакрываюцца грантам. Але нам вельмі патрэбныя грантрайтэры ў каманду. У нас ёсць агульны фонд, які фармуецца з розных унёскаў. І з яго мы пакрываем тыя выдаткі, якія не пакрывае грант. Я марыў бы, у ідэале, выкупіць гэты будынак, дзе мы трэніруемся, каб была такая магчымасць. Але пакуль што на гэтым этапе ў нас ёсць памяшканне, якое мы арандуем за сімвалічную суму.
— Дарэчы, а цяпер тэндэнцыя з данатамі — данацяць менш ці стабільна?
— На пятым годзе вайны людзі данацяць значна менш. І гэта, у прынцыпе, лагічна тлумачыцца. Людзі стамляюцца, у многіх з'яўляюцца ўласныя бытавыя праблемы, і магчымасць дапамагаць фінансава становіцца меншай. Гаворачы пра рэстаран, з якога мы пачалі нашу размову, — гэта якраз адна з прычын, чаму мы хочам рухацца ў бок камерцыйнай дзейнасці. Я дакладна разумею: быць «просьбітам» можна толькі пэўны час. Далей гэта будзе яшчэ складаней, а нашы патрэбы толькі растуць. Плюс я не хачу, каб грамадства ўспрымала нас як людзей з інваліднасцю пасля вайны, якім трэба проста даць капейку. Мне важна стварыць умовы, каб мы самі маглі будаваць бізнэс і зарабляць на ўласныя сацыяльныя ініцыятывы. Бо ніхто, акрамя ветэранаў, лепш не ведае, што нам трэба.
— Дапусцім, у вас атрымаецца рэалізавацца адразу ў некалькіх розных бізнэс-кірунках у найбліжэйшыя два гады. Што тады здарыцца з вашым клубам? Як бы вы яго развівалі і інвеставалі ў яго?
— Клуб, па сутнасці, стаў бы кантралёрам усёй гэтай гісторыі, пунктам кіравання. Мы гаворым пра рэабілітацыю вайскоўцаў, сацыяльныя праекты, розныя кірункі, плюс бізнэс-праекты — і клуб стаў бы механізмам, які акумулюе вакол сябе людзей. І далей развіваць гэтую гісторыю па краіне па прыкладзе таго, як мы зрабілі ў Кіеве, ствараць такія ж супольнасці ва ўсіх гарадах.
— Як з'явіўся ваш байцоўскі клуб M13 FIGHTS?
— Мы збіраемся разам і спрабуем ствараць розныя праекты. Аднойчы, седзячы за сталом на клубных зборах, мы падумалі: а чаму б не правесці кулачныя баі ў нас на заднім двары? Так і пачалося. У цэлым мы правялі ўжо чатыры турніры. Першы быў адкрыты — тады ніхто яшчэ не ведаў, што гэта такое. Другі — закрыты, паміж падраздзяленнямі ГУР, для хлопцаў унутры гэтых падраздзяленняў. Трэці — таксама закрыты, для Кірыла Буданава. А чацвёрты стаў маштабным адкрытым турнірам у канцы мотасезону 2025 года. Ён адбыўся ў парку «Кіеўская Русь» пад Кіевам — туды прыехала каля дзвюх тысяч гледачоў.
— Хто ўдзельнічае ў гэтых баях? Якія правілы і прынцыпы вы закладваеце?
— Мы пазіцыянуем M13 Fights перадусім як кулачныя баі, у якіх удзельнічаюць выключна прадстаўнікі Сіл абароны Украіны. Гэта значыць людзі, якія служаць у войску або працуюць у сілавых структурах. Нашы найлепшыя байцы — гэта спецназаўцы. Яны выконваюць баявыя задачы, трэніруюцца і выступаюць на турнірах.
— Ці ўдзельнічаюць людзі з ампутацыямі?
— Так, мы прыцягваем і людзей з ампутацыямі, і тых, хто вярнуўся з палону. Напрыклад, на першым турніры ў нас біўся хлопец з ампутацыяй — супраць байца, які правёў у палоне два з паловай гады і вызваліўся толькі за чатыры месяцы да гэтага. Мы падкрэсліваем, што кулачныя баі — гэта фармат выключна для вайскоўцаў. Але на нашых турнірах ёсць і іншыя спартыўныя дысцыпліны: бокс, паядынкі па правілах К-1 — калі можна біць рукамі і нагамі без барацьбы. Таксама ёсць рыцарскія баі — на мячах, у даспехах. У цэлым мы пазіцыянуем гэта як спартыўны фестываль. Асноўная падзея — кулачныя баі, але перад імі адбываюцца розныя іншыя паядынкі. Для мяне гэта пра папулярызацыю сілы. Не гвалту — менавіта сілы. Бо праўда, як правіла, на баку моцнага. Менавіта таму мы будзем і далей дадаваць новыя віды спорту. Усё, вядома, звязана з адзінаборствамі.
— У 2014 годзе ў 18 гадоў вы прынялі рашэнне паехаць з Беларусі ва Украіну і пайсці на вайну. Як вы прыйшлі да такога рашэння?
— Вырашальным штуршком, фактычна тым самым «цвіком у труну» маёй веры ў будучыню ў Беларусі, стала выпадковая і амаль немагчымая сустрэча на вуліцы з адным з нашых апазіцыйных лідараў.
— Хто гэта быў?
— Уладзімір Някляеў — беларускі пісьменнік і паэт, адзін з апазіцыйных лідараў. Ён доўга сядзеў у турме за тое, што меў смеласць быць кандыдатам у прэзідэнты і заклікаў людзей да пратэстаў. Аднойчы, у маі 2014‑га я ішоў па вуліцы з таварышам, і раптам я ўбачыў, што Някляеў ідзе насустрач. Я падышоў да яго і проста прадставіўся, сказаў, што мне не патрэбна звычайнае жыццё і я хачу змяняць свет вакол, і спытаў, што ён як апазіцыйны лідар можа нам параіць. Я спытаў, ці можа настаў час падпальваць аддзяленні міліцыі — РУУС, нападаць на палітыкаў, што заўгодна, а ён адказаў менавіта тое, што даўно круцілася ў галаве: «Калі вы хочаце нешта змяніць — едзьце на вайну ва Украіну».
— Як думаеце, чаму большасць вашых аднагодкаў тады фармаваліся інакш і думалі па-іншаму? Бо ваша гісторыя выглядае даволі ўнікальнай.
— Там няма нацыянальнай ідэнтычнасці і прывязанасці. Няма разумення, што ты павінен змагацца за сваё. І нават няма дакладнага разумення, што такое «сваё». Я пражыў у Беларусі да 18 гадоў і пры гэтым не ведаю беларускай мовы. Як і 99% беларусаў. Поўная каланізацыя — усё аднолькавае. Ніхто асабліва не разбіраецца, што там дзяліць: братэрскія народы, інтэграцыя.
— На сёння вы беларус ці ўкраінец?
— Украінец беларускага паходжання. Я пражыў у Беларусі да 18 гадоў. І ўжо 13‑ы год знаходжуся тут, большую частку сталага жыцця.
Каментары
Па сэнсу каментар падобен на каментар
" ні такі як есць" )))
У Беларусі да 18 год ён ні пабачыл...а в Украіне адчул)))
Жадаю моцы вытрымкі застацца шчырым ..В Украіне