Грамадства1616

«Беларусь цябе любіць». Рэпартаж з развітання з Мікітам Мелказёравым

Сёння ў Варшаве развіталіся з самым вядомым беларускім інтэрв'юерам, аўтарам ютуб-канала «Жыццё-маліна» Мікітай Мелказёравым. Развітанне сабрала некалькі соцень людзей.

Чарга ў чаканні развітання з Мікітам Мелказёравым

Яшчэ за паўгадзіны да пачатку каля развітальнага дому пачынаюць патроху збірацца людзі розных узростаў. Хтосьці прыходзіць пешшу, хтосьці пад’язджае на машыне ці таксі.

Кветкі, якія прынеслі на развітанне з Мікітай Мелказёравым

У залу спачатку пускаюць толькі самых блізкіх Мікіты, астатнія чакаюць на вуліцы. У марозны дзень каля ўваходу зладзілі кропку з гарачай гарбатай. Тут жа, між сабой, адна з групак ціха заўважае: «Добра, што сабраліся такой кампаніяй… але ж такая нагода».

Аляксандр Івулін, блогер і блізкі сябар Мікіты. Фота: LookByMedia

Каля натоўпу павольна праязджаюць чорныя аўто рытуальнай службы. Хтосьці з чаргі кажа ціха: «З’ехалі ўжо некалькі гадоў таму, але дагэтуль робіцца не па сабе ад чорных танаваных бусаў».

Бус рытуальнай службы, які напалохаў беларусаў у чарзе

Бліжэй да 12‑й — вызначанага часу развітання — людзей становіцца значна больш. Падыходзяць палітыкі, блогеры, акцёры, спевакі, журналісты і звычайныя беларусы, якія прыйшлі развітацца з Мікітам. У чарзе можна заўважыць палітыка Паўла Латушку, Дзяніса Тарасенку з гурта «Разбітае сэрца пацана», лідара «J:Морс» Улазіміра Пугача, блогера Івана Пруса, журналістку Насту Рагатко, дарадцу Ціханоўскай Дзяніса Кучынскага, журналіста Сяргея Падсасоннага, нядаўна вызваленага адваката Максіма Знака, пісьменніка Сашу Філіпенку, гурт Навібэнд. У большасці — кветкі, пераважна белыя і чырвоныя. Блізкія загадзя папрасілі прыносіць толькі жывыя кветкі.

Максім Знак. Фота: LookByMedia
Сяргей Падсасонны. Фота: LookByMedia
Наста Рагатко. Фота: LookByMedia
Аляксандр Чарнуха. Фота: LookByMedia
Дзяніс Тарасенка. Фота: LookByMedia

Перадалі вянок і ад Святланы Ціханоўскай. «Беларусь цябе любіць» — напісана на ім.

Вянок ад Ціханоўскай. Фота: Белсат

Людзі вітаюцца паміж сабой, часта як старыя знаёмыя: паціскаюць рукі, абдымаюцца, падбадзёрліва пляскаюць па спіне. Хтосьці хавае твар — ці то ад халоднага ветру, ці ад жадання застацца незаўважным.

Роўна а 12:00 у залу, дзе да гэтага часу знаходзіліся толькі блізкія, пачынаюць пускаць людзей з вуліцы. Унутры стаіць цішыня. Чутныя толькі ўздыхі і ціхі, амаль глухі плач тых, хто сядзіць бліжэй да труны.

У зале пахне ладанам. Труна простая, драўляная. На целе — белыя і чырвоныя ружы. Прысутных просяць класці свае кветкі не ў труну, а проста на падлогу. За труной на праектары змяняюцца фотаздымкі з асабістага архіва: сямейныя імгненні, кадры з працы, фрагменты з відэа. На фоне гучыць любімая музыка Мікіты, лірычная песня Minor Earth Major Sky гурта a-ha і больш цяжкая Down with the sickness гурта Tetra.

Паступова людзей становіцца ўсё больш. Усяго развітацца прыходзяць каля 200—300 чалавек. Тых, хто ўжо развітаўся, просяць выходзіць з залы — месца не хапае. Чарга расцягваецца амаль на 50 метраў і выходзіць за межы пляцоўкі каля развітальнага дому: частка людзей стаіць ужо на пад’езднай дарозе, таму паліцыя кантралюе чаргу і сачыць за рухам.

Паліцыя кантралюе парадак у чарзе

Час ад часу хтосьці з блізкіх ледзь стрымлівае слёзы. Пры гэтым адчуваецца, што нават людзі, якія раней не былі знаёмыя, імкнуцца падтрымліваць адно аднаго. Абдымкаў было больш, чым слоў.

Сярод тых, хто прыйшоў развітацца, — сябры і калегі Мікіты. Барыс Гарэцкі з Беларускай асацыяцыі журналістаў, у футбольнай камандзе якой гуляў Мікіта, узгадвае яго як чалавека бескампраміснага. «Шмат хто з журналістаў і публічных людзей з’яўляецца прафесійна беларускамоўным — працуе па-беларуску, а дома пераключаецца на іншую мову. Мікіта быў беларускамоўны не прафесійна. Ён проста вырашыў жыць па-беларуску — і перайшоў цалкам на беларускую ва ўсім», — кажа ён.

Паводле Гарэцкага, гэта адчувалася і на футбольным полі. «Мікіта ўмеў выцягваць нават з немагчымых сітуацый. Ён ніколі не прыязджаў проста пагуляць. Нават у таварыскім журналісцкім футболе ён заўсёды прыязджаў змагацца і перамагаць. Гэта яго стыль жыцця — быць сапраўдным».

Барыс Гарэцкі. Фота: LookByMedia

Павел Латушка падкрэслівае: Мікіта быў неабыякавым чалавекам.

«Мікіта быў асобай ці ў справах глабальных, ці ў справах людскіх. Я, канешне, сёння схіляю галаву перад яго пераходам на беларускасць. Чалавек шчаслівы імгненнямі, і я меў гонар імгненне размаўляць з ім. На жаль, толькі імгненне. Я ўпэўнены, што яго зорка ўжо на небасхіле Вольнай Беларусі».

Павел Латушка з дачкой Янай, Арцём Брухан. Фота: LookByMedia

Пра Мікіту як пра «свайго» чалавека гавораць і тыя, хто ведаў яго толькі праз экран. Фемактывістка Наста Базар узгадвае, што па-за камерай ён быў жывым і вельмі шчырым. Яе ўразіла, як пяшчотна і цёпла ён расказваў пра сваю жонку, сабаку і сям’ю. «Я нават не магу сказаць «быў» — ён ёсць. Фраза «Мяне па-ранейшаму клічуць Мікіта Мелказёраў», здаецца, застанецца з намі назаўсёды», — кажа яна.

Падобнае адчуванне агучваюць і глядачы ягоных ютуб-праектаў. Адна з дзяўчат прызнаецца, што ў дзень развітання ёй здаецца, нібыта пайшоў вельмі блізкі чалавек. «Я кожную суботу чакала яго інтэрв’ю і праграмы — «Загляне сонца», «Нешта будзе». Я магу назваць Мікіту сваім сябрам», — кажа яна і перадае словы спачування ягоным блізкім.

Саша Філіпенка. Фота: LookByMedia
Ксенія Жук з Навібэнд. Фота: LookByMedia
Мацвей Купрэйчык і Уладзімір Жыгар з «Белпола». Фота: LookByMedia

Варшаўская пракуратура праводзіць расследаванне. Яго вынікі будуць вядомыя цягам некалькіх месяцаў ад даты смерці. Цела Мікіты крэміруюць.

У дзень, калі адбывалася развітанне, у варшаўскім, звычайна хмарным небе раптам з’явілася сонца. Яго промні час ад часу заглядалі ў акенцы развітальнага дома.

Каментары16

  • Хтосьці з-пад Коўна
    30.12.2025
    Шкада чалавека, шкада беларуса
  • Марта
    30.12.2025
    Разам з тым прыкра, што сыход іншых журналістаў заўважылі адзінкі з іх блізкага кола. Хаця гэтыя людзі зрабілі для свабоднай Беларусі ніяк не менш, а, можа, і больш.
  • эх
    30.12.2025
    больно что микиты не стало, и грустно что беларусы сотни тысяч долларов задонатили а гроб простой

Цяпер чытаюць

Каля рэзідэнцыі Лукашэнкі на машыну раптам зваліўся трос і прарэзаў яе наскрозь13

Каля рэзідэнцыі Лукашэнкі на машыну раптам зваліўся трос і прарэзаў яе наскрозь

Усе навіны →
Усе навіны

Абараняючы Мадура, падчас амерыканскай спецаперацыі загінулі 32 кубінцы28

Жонка адгаворвала падпалкоўніка ДФР браць хабары, а той казаў: «Атрымаю палкоўніка — і на пенсію». Першая пенсія прыйшла ўжо на арыштанцкі рахунак20

Заўтра — скарочаны працоўны дзень. А калі будуць наступныя вялікія выходныя?1

Трамп заявіў, што не верыць у атаку Украіны на рэзідэнцыю Пуціна

У Беларусь завезлі «Чабурашку 2». Паглядзелі гэты расійскі хіт, каб вам не прыйшлося13

Прэм’ерка Даніі заклікала Трампа спыніць «пагрозы» ў дачыненні да Грэнландыі1

Трамп прыгразіў Кубе і Калумбіі4

Аднавілі мост там, дзе яго не магло быць, бо не змаглі знайсці яго рэальнае месца. Што за рэстаўрацыя адбываецца ў Жылічах?2

Расія даказвае, што УСУ ударылі ў Купянску па сваіх, але Z-блогеры прызнаюць, што авіябомбамі накрылі кінутых расіян2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Каля рэзідэнцыі Лукашэнкі на машыну раптам зваліўся трос і прарэзаў яе наскрозь13

Каля рэзідэнцыі Лукашэнкі на машыну раптам зваліўся трос і прарэзаў яе наскрозь

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць