Грамадства55

Трагічная смерць мужа і выпрабаванне медыцынай: гісторыя беларускі ў Польшчы

Трагедыя ў сям'і журналісткі Кацярыны Ваданосавай чарговы раз узняла пытанне абароненасці беларусаў у Польшчы. Тое, што ў жанчыны няма медыцынкай страхоўкі, высветлілася ўжо ў шпіталі пасля канстатацыі цяжкага дыягназу. Як выглядае медыцынскае страхаванне ў Польшчы, што трэба ведаць, каб не застацца без дапамогі? Пра гэта «Белсат» пагаварыў з беларускай Таццянаю Царук, якая на ўласным досведзе зазнала і моц, і слабасць польскай медыцыны.

Гісторыя беларускі Таццяны Царук таксама трагічная, але досвед сутыкнення з польскаю медыцынай іншы. Паўтара месяца таму яны з мужам трапілі ў аварыю на аўтастрадзе ў Польшчы. Муж Таццяны, які быў за стырном, загінуў на месцы. Сама яна ацалела і цяпер праходзіць рэабілітацыю.

Пасля атрымання ўсёй неабходнай дапамогі ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі ў Жэшаве Таццяну перавезлі ў цэнтр рэабілітацыі ў Канстанціне-Язёрне каля Варшавы.

Таццяна Царук нарадзілася ў 1956 годзе ў Наваградку. Там скончыла школу, а пасля — Паліграфічны інстытут у Львове. Працаваць вярнулася ў Беларусь. У сваім родным Наваградку актыўна ўключылася ў грамадскае жыццё — была стваральніцаю суполак «Узвышша» і «Сваякі». У 1990‑я стварыла таварыства філаматаў «Прамень», кіравала цэнтрам «Камяніца». Яго напаткаў той жа лёс, што і іншыя грамадскія арганізацыі, калі ў краіне пачаліся рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці. У 2001 годзе ўсе грамадскія арганізацыі Наваградку былі зліквідаваныя. З 2006‑га Таццяна жыве ў Польшчы.

— Таццяна, пасля гэтай аварыі вам давялося сутыкнуцца з польскаю медыцынаю. Падзяліцеся сваім досведам.

— Я была раней пра яе не вельмі высокай думкі. У 2010 годзе неяк зламала палец на назе. Мне зрабілі здымак, а потым далі бінты і сказалі: «Бінтуйце сабе самі». Мяне гэта вельмі здзівіла і абурыла. Я сказала: «А калі б у мяне быў апендыцыт, то вы б мне далі скальпель, каб я сама ўсё зрабіла?». Таму ніякага жадання звяртацца туды ў мяне не было.

Прайшло 15 гадоў, і я сутыкнулася з зусім іншым стаўленнем. Сам момант аварыі я не памятаю. Тое, што мяне адвезлі ў шпіталь у Тарнобжэг, а адтуль больш за дзве гадзіны везлі хуткай у кардыялагічны шпіталь у Жэшаве, я даведалася праз тры дні, калі апрытомнела. Медыкі зрабілі ўсё, што павінны былі зрабіць, каб мяне ўратаваць. Мне зрабілі аперацыю лапаратаміі, каб спыніць унутраны крывацёк, дзве аперацыі праз пералом рукі, абследавалі хрыбет, выявілі пералом рэбраў. Увесь гэты час мне ставілі кропельніцы і давалі кісларод. У шпіталі ёсць самае сучаснае абсталяванне. На практыцы гэта азначае, што калі трэба зрабіць рэзанансную тамаграму — значыць, зробяць, калі трэба нейкае іншае абследаванне — значыць, таксама адразу зробяць. Магчыма, пакуль яшчэ не так усё добра, як хацелася б.

Трэба ўлічваць, што ў Польшчы быў вялікі адток дактароў, калі былі невялікія заробкі. А цяпер мяняецца сістэма аховы здароўя. Відаць, сяброўства ў ЕС вельмі дапамагае ў гэтай сферы. Прыемным здзіўленнем было для мяне, што аперацыю мне рабіў хірург-беларус. Ён сам з Гомеля. Мы з ім размаўлялі потым па-беларуску. Аказалася нават, што ў нас ёсць агульны знаёмы. Дактары ў клініцы вельмі ўважлівыя, асабліва моладзь. Яны ўсё робяць на хаду, увесь час загружаныя працай. Але пры гэтым усё роўна вельмі зычлівыя і ўважлівыя. У шпіталі цудоўнае і разнастайнае харчаванне. Гэта не нашыя шпіталі, калі сваякі прыносяць ежу.

— Усё гэта для вас было бясплатна?

— Так, бо я не толькі маю польскае грамадзянства, але працавала ў Польшчы, плаціла падаткі, маю пенсію, і таму я абароненая. Але хацела б папярэдзіць беларусаў, якія масава прыехалі ў Польшчу: абавязкова і ў першую чаргу звяртайце ўвагу на тое, як арганізаваная сістэма аховы здароўя і як тут дзеюць страхоўкі. Трэба абавязкова сачыць за тым, якія заключаюцца працоўныя дамовы. Гэта вельмі важна. 

Я некалі працавала ў беларускай рэдакцыі Польскага радыё на так званай умове злецэня. Такая працоўная дамова не дае страхоўкі на выпадак хваробы ці няшчаснага выпадку. Акрамя таго, пытанне: ці ідуць адлічэнні ў пенсійны фонд? Трэба гэта проста ведаць. І сачыць, каб плаціліся ўсе падаткі. Калі працуеш на такіх дамовах, калі падаткаў працадаўца не плаціць, альбо працуеш у «шэрай» сферы, то калі нешта такое здарыцца, як са мной, то гэта будзе проста катастрофа. Чалавека не пакінуць без дапамогі, але выставяць рахункі, і немалыя. За ўсё трэба будзе плаціць. Выйсце ёсць: калі ты не ў сістэме такога страхавання, дык, значыць, трэба купляць страхоўку прыватна. Пра гэта можна пачытаць у інтэрнэце.

— Я магла б атрымаць гэта бясплатна, але бясплатнае месца мусіць вызваліцца толькі праз чатыры месяцы, у красавіку. А мне яшчэ патрэбны догляд, і дачка не дала б рады. Таму мы скарысталася платнаю паслугай. У Канстанціне-Язёрне спакойнае месца ў сасновым лесе, цудоўны персанал, добрая ежа. Такое адчуванне, што ты ўдома. Заплацілі за месяц крыху больш за 8000 злотых. 

— Калі здараецца такая сітуацыя, то людзі спрабуюць чымсьці дапамагчы. Трэба падтрымліваць матэрыяльна, але не ў меншай ступені — і маральна, і псіхалагічна. Ці надавалася такая дапамога?

— У нас у шпіталі штодня быў ксёндз. Ён падыходзіў да кожнага, каму быў патрэбен. З кожным размаўляў, кожны ахвочы мог паспавядацца. Мая хросная — манашка — замовіла імшу. Нашыя сябры ў дзень крэмацыі мужа замовілі імшу ў касцёле Святога Крыжа ў Варшаве і маліліся за спачын душы Анджэя і за маё здароўе. Мала таго, маці майго зяця зарганізавала групу сябровак, і яны ў Лондане ў мячэці маліліся за мяне. Гэта насамрэч вельмі дапамагае. Я адчувала гэтую падтрымку. Яна дадае сілы. Першыя тры дні я вырывала іголкі, білася з усімі, мяне нават прывязвалі, але я гэтага нічога, вядома, не памятаю. А потым рэзка пайшла на папраўку. Маральная і псіхалагічная падтрымка вельмі важныя.

— Беларусы апынуліся ў чужой краіне, у нязвыклай абстаноўцы. Не ўсе лёгка адаптуюцца. Многія звяртаюцца па дапамогу да псіхолагаў і псіхіятраў. Гэта таксама каштуе грошай. Вядома, Польшча ментальна нам бліжэйшая за, напрыклад, Мексіку. Можаце даць параду беларусам, як можна пераадолець дыскамфорт і не адчуваць сябе чужым у гэтым грамадстве? Як вы з гэтым спраўляліся?

— Я ведала польскую мову і таму паехала ў Польшчу. Працавала нейкі час на Польскім радыё. Займалася фатаграфіяй, ладзіла свае выставы. Што нас звязвае з Польшчай? Усё. Бо ў нас агульная гісторыя. Адам Міцкевіч нарадзіўся ў Наваградку. І ён належыць усім нам, усёй Рэчы Паспалітай, бо гэта ўваходзіць у культурны код і беларусаў, і палякаў, і літоўцаў. 

Тое, што Міцкевіч пісаў па-польску, азначае толькі тое, што тады ў Кароне і Літве мова была польскай. Дык і размаўляць тады па-польску было тое самае, што ў нас сёння размаўляць па-беларуску. Гэта знак апазіцыі. Яны марылі пра незалежнасць і прысвяцілі гэтаму свае жыцці.

«Праблема ў тым, што беларусам выкладалі непраўдзівую, сфальсіфікаваную гісторыю. Трэба вывучаць сваю гісторыю, каб разумець, што ў нас з палякамі значна больш агульнага, чым мы думаем. Нашая эліта знішчалася Расеяй — спачатку царскім самадзяржаўем, а потым бальшавіцкімі саветамі. Нам укладалі ў вушы тады і цяпер, што беларусы — гэта такая сялянская нацыя. Гэта няпраўда. Была вялікая еўрапейская дзяржава, і беларусы — яе спадкаемцы. 

Адзін наш паэт Адам Міцкевіч пісаў «Пан Тадэвуш» — паэму шляхецкую, а другі наш Міцкевіч, той, што Якуб Колас, напісаў паэму сялянскую — «Новая зямля». Гэта два бакі нашага народу. Трэба памятаць пра гэта. Тады нашмат лягчэй будзе знаходзіць агульную мову і з палякамі, і з літоўцамі. І не трэба будзе балюча пераадольваць комплекс чужога ў іншай краіне. Мы тут зусім не чужыя».

Чэк-ліст: як гарантаваць сабе медычную бяспеку ў Польшчы

1. Праверце сваю працоўную дамову (Umowa)

Umowa o pracę: найлепшы варыянт. Яна аўтаматычна гарантуе поўнае медычнае страхаванне (NFZ).

Umowa zlecenia: будзьце ўважлівыя! Яна не заўсёды ўключае страхоўку на выпадак хваробы (chorobowe). Праверце, ці плаціць працадаўца ўсе неабходныя ўнёскі ў ZUS.

Umowa o dzieło: гэтая дамова не дае медычнага страхавання. Калі вы працуеце паводле яе, вы не застрахаваныя.

2. Кантралюйце падатковыя адлічэнні

Пераканайцеся, што вашая праца легальная. Праца ў «шэрай» сферы (без афармлення) азначае, што ў выпадку аварыі ці хваробы вам выставяць рахункі на тысячы еўраў.

Сачыце, ці ідуць адлічэнні ў пенсійны фонд — гэта вашая будучая абароненасць.

3. Прыватнае страхаванне (калі няма дзяржаўнага)

Калі вы не працуеце афіцыйна або маеце дамову без страхавання, абавязкова набывайце прыватны медычны поліс (напрыклад, LuxMed, Medicover, PZU і інш.).

Праверце, што менавіта пакрывае прыватная страхоўка (ці ўваходзіць туды экстранная хірургія і шпіталізацыя).

4. Будзьце гатовыя да чакання або платных паслуг

Дзяржаўная рэабілітацыя можа мець вялікія чэргі (некалькі месяцаў).

Майце фінансавую «падушку» на выпадак экстраннай платнай рэабілітацыі (кошт можа скласці каля 8000 злотых за месяц (да 2000 еўра) і больш).

5. Псіхалагічная і ментальная адаптацыя

Вывучайце мову: гэта здымае бар’ер у размовах з дактарамі.

Вывучайце агульную гісторыю: разуменне сувязі паміж Беларуссю і Польшчаю дапамагае пераадолець «комплекс чужынца» і адчуваць сябе як удома.

Не бойцеся шукаць падтрымкі: карыстайцеся дапамогаю блізкіх, суполак або духоўных асобаў (ксёндз у шпіталі — звычайная практыка ў Польшчы).

Каментары5

  • Короче, имейте 2к евро/м на реабилитацию
    06.01.2026
    [Рэд. выдалена]
  • Імя
    06.01.2026
    Па п.3 - пералічанае ў асноўным працуе як медыцынскія пакеты, то бок дазваляе хутка трапіць да кардыёлага ці зрабіць КТ. Збіраць кліента па кавалках пасля аварыі ці лячыць анкалогію - як правіла, не ўваходзіць у спіс паслуг.
  • Імя мужа?
    06.01.2026
    Ці муж Таццяны - спадар Алесь Царук, колішні наваградскі актывіст, ці гэта супадзенне прозвішчаў?

Цяпер чытаюць

Выйшаў на свабоду блогер Павел Спірын3

Выйшаў на свабоду блогер Павел Спірын

Усе навіны →
Усе навіны

«Паехала ў тур, бо марыла пабачыць палярную ноч». Што кажуць пра беларуску, якую знесла плынь пад Мурманскам2

Мачада прапанавала падзяліць сваю Нобелеўскую прэмію міру з Трампам10

Чарговая спроба ўладаў замяніць Tut.by? У Беларусі з’явіўся новы інфармацыйны партал12

Паступаць у ВНУ на завочнае аддзяленне дазволілі без стажу па спецыяльнасці

Дзярждэп ЗША па-руску заявіў пра небяспеку гульняў з Трампам7

Квіткі на канцэрт расійскага спевака ў Беларусі расхапалі за тры гадзіны25

На МКАД сутыкнуліся фура і малакавоз, і малако вылілася на дарогу 

Кіраўнікі краін ЕС і Брытаніі: Выключна Данія і Грэнландыя маюць права вырашаць пытанні, што тычацца Даніі і Грэнландыі3

Моцныя снегапады паралізавалі Еўропу — заторы, адмены рэйсаў і цягнікоў, закрыццё школ1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Выйшаў на свабоду блогер Павел Спірын3

Выйшаў на свабоду блогер Павел Спірын

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць