Сын Наталлі Пяткевіч з прыдыханнем расказаў, што знайшоў працу ў піцерскай фірме
Філіп Пяткевіч, сын віцэ-прэм'еркі Наталлі Пяткевіч ад першага шлюбу, шалёна шчаслівы ад работы на расійскага юрыста, які спецыялізуецца на крыптавалютах.

Філіп Пяткевіч, сын беларускай віцэ-прэм'еркі ад першага шлюбу, паведаміў, што ад пачатку года з'яўляецца партнёрам піцерскай юрыдычнай кампаніі «Бузько Красноў».
Свае ўражанні ад усведамлення гэтага факта Філіп Пяткевіч запісаў у час гадзіннага палёту з Мінска ў Санкт-Пецярбург, а потым апублікаваў у сваім тэлеграм-канале.
«Седзячы на месцы 8С самалёта Санкт-Пецярбург — Мінск, мне дастаецца крыху больш за гадзіну разважанняў і зефірынка, якую з любоўю дае «Белавія».
Калегі па цэху без цяжкасцяў успомняць свае адчуванні ад першага ўваходу ў офіс юрыдычнай фірмы: кагосьці напалохалі гісторыі пра доўгія працоўныя гадзіны, нехта моцна захацеў туды трапіць, а нехта не прыняў гэтую атмасферу і змяніў кірунак. Падзялюся сваімі.
Ішоў 2017 год, калі я атрымаў стажыроўку ў юрфірме з офісам на верхніх паверхах моднага бізнэс-цэнтра з вокнамі ў падлогу. Мяне правялі па кабінетах і пазнаёмілі з супрацоўнікамі, паказалі, дзе перамоўная, дзе кухня, а дзе кабінеты партнёраў.
Любы партнёр тады здаваўся кімсьці недасяжным — нібыта ўзвышанай істотай юрыдычнага свету, якая спалучае ў сабе веды, мудрасць і магчымасць наймаць і звальняць.
Я якраз даглядаў чарговы сезон «Форс-мажораў», і думкі пра будучыя юрыдычныя перамогі ўзбуджалі малады розум.
Напэўна, менавіта тады я і вырашыў, што хачу прайсці ўсю гэтую лесвіцу ад пачатку да канца, асвойваючы прафесію.
Але стажоры на старце — істоты малакарысныя, таму я асвойваў анбордынгі, законы, шаблоны і, вядома ж, шрэдар для знішчэння канфідэнцыяльных дакументаў.
Гледзячы назад, кожны момант з першага ўваходу ў офіс фармаваў мяне як юрыста і як асобу. Каб вы разумелі, я нават зноў прайшоў свае старыя асабістыя тэсты — і што вы думаеце? За шлях ад стажора да партнёра я ператварыўся з экстраверта ў інтраверта!
Вось што робіць з людзьмі кансалтынг.
Зусім не як у Армстронга — тут адбыўся мізэрны крок для чалавецтва, але велізарны для аднаго юрыста па імені Філіп Пяткевіч. За ім будуць іншыя крокі, перамогі і дасягненні, якія я ўжо прадчуваю для ўсёй каманды Бузько Красноў і для сябе», — напісаў Філіп.
У каментарыях яго павіншавала маладая супрацоўніца Белтэлерадыёкампаніі Віталія Віннічак.
Чым ганарыцца Філіп?
«Buzko Krasnov» — гэта вэб-псеўданім піцерскай ТАА «Бузько і партнёры», у якой сто працэнтаў долі належыць расіяніну Раману Бузько.
Аднайменнае адвакацкае бюро было ліквідавана ў 2024 годзе, адпаведна, у новым ТАА Філіп Пяткевіч можа быць партнёрам толькі па назве, а ў рэальнасці толькі наёмным супрацоўнікам (калі не стане саўладальнікам).
На сайце ТАА супрацоўнікамі ўказаны 14 чалавек, але не ўсе яны афіцыйна аформленыя ў штат.
Год апошняй даступнай на гэты момант фінансавай справаздачнасці кампаніі — 2024. Па ёй можна прыкінуць, што сярэдні месячны заробак у арганізацыі склаў каля $1620. Чысты прыбытак кампаніі па выніках года — $35 тысяч.
На сайце кампаніі Філіп Пяткевіч насуперак звестак з рэестра пазначаны «партнёрам». Паведамляецца, што Філіп «дапамагае прадпрымальнікам і інаватарам заставацца ў прававым полі, пакуль яны змяняюць гэты свет».
Малады чалавек «кансультуе крыпта-стартапы, структуруе інвестыцыйныя фонды ў ЗША і афшорных рэгіёнах, падбірае аптымальныя юрысдыкцыі для праектаў любога маштабу».
«Па-за межамі офіса Філіпа можна знайсці за вулічнай фатаграфіяй, падарожжамі або гульнёй у гольф ці тэніс», — дадае сайт.
Нагадаем, Філіп скончыў элітны Ліцэй БДУ, бакалаўра атрымаў на юрыдычным факультэце БДУ (з адзнакай), а магістра права (таксама з адзнакай) — у нью-ёркскім Fordham University, куды хлопец разам з мамай перабраўся да другога па ліку айчыма — дыпламата Валянціна Рыбакова.
Пасля заканчэння магістратуры ў Нью-Ёрку, са жніўня 2019 да красавіка 2020‑га, Філіп, мяркуючы з ягонай старонкі ў Linkedin, быў стажорам (associate attorney) у адной з юрыдычных практык Нью-Ёрка.
Пасля гэтага хлопец развітаўся са Штатамі.
Са жніўня 2020 па чэрвень 2022 месцам працы Філіпа Пяткевіча пазначана літоўская юрыдычная кампанія Sorainen, актыўная ў краінах Балтыі і Беларусі. Філіп пакінуў адзнаку, што працаваў on-site — на месцы, на пасадзе — associate.
У перыяд 2021‑2022 года хлопец праходзіў курсы павышэння кваліфікацыі пры беларускім Міністэрстве фінансаў адразу па трох праграмах: «Карпаратыўнае кіраванне. Выпуск і размяшчэнне каштоўных папер», «Прафесійная і біржавая дзейнасць па каштоўных паперах у Рэспубліцы Беларусь» і «Падатковае кансультаванне арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў і фізічных асоб».
У 2024 годзе Філіп стаў выкладчыкам-стажорам на юрыдычным факультэце БДУ. Курсы Пяткевіча — «Прававое рэгуляванне лічбавых тэхналогій у гаспадарчай дзейнасці» і «Арганізацыйна-прававыя асновы лічбавай эканомікі».
У інтэрнэце можна знайсці два працэсы ў Штатах, у якіх удзельнічаў Філіп.
У абодвух ён разам з іншымі юрыстамі прадстаўляў рускамоўных заяўнікаў, адзін з якіх хацеў, каб Binance размарозіў ягоны крыптакашалёк, а другі спадзяваўся вярнуць грошы, якія аддаў махлярам са скам-праекта CryptoKG. Вынікі разгляду невядомыя.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары