Кіно

«Гамнет» — шэдэўр, натхнёны гісторыяй жыцця Шэкспіра. І бліскучая ігра акцёрак, якіх мы ведаем па «Чарнобылі»

Фільм складаны, і сабраць сябе пасля яго няпроста. Чым чапляе «Гамнет» (Hamnet)?

Ірландская актрыса Джэсі Баклі ў ролі Агнэс, жонкі Шэкспіра. Фота: кадр з трэйлера

У маленькім англійскім гарадку 16‑га стагоддзя жыве дзяўчына Агнэс. Яна бавіць час, гуляючы па лесе з сокалам на пальчатцы, і ведае ўсе лекавыя травы. У яе ідылічнае жыццё ўрываецца малады настаўнік лацінскай мовы, якога не пужае ні сокал, ні чуткі пра тое, што Агнэс — дачка лясной вядзьмаркі.

Яны ствараюць сям’ю. Агнэс не парывае сувязі з лесам і нават ідзе ў лес нараджаць сваю першую дачку. Здаецца, надалей адно шчасце, але Агнэс бачыць, што яе мужу цесна ў маленькім Стратфардзе, яго душаць гісторыі, якія ён ноччу спрабуе выкласці на паперу. І жанчына адпраўляе мужа туды, дзе віруе жыццё — у Лондан.

Постар стужкі

Большую частку фільма нам не кажуць імя яе мужа. Але калі ўважлівы глядач пачуе слова «Джульета», якое той згадвае над сваімі паперамі, ды суаднясе краіну і час дзеянняў, то, вядома ж, здагадаецца, пра каго гаворка. І зразумее, што ў Лондане мужчыну чакае вялікі поспех.

А пакуль Уільям (яго грае ірландскі акцёр Пол Мескал) робіцца жывой легендай, Агнэс застаецца ў Стратфардзе. Дзяцей ужо трое. Акрамя старэйшай С’юзан, сярод іх і слабенькая Джудыт, якая выцягвае ў маці шмат сілаў, і яе брат-блізнюк Гамнет. Як тлумачаць нам у пачатку фільма, у 16‑м стагоддзі імёны Гамнет і Гамлет лічыліся па сутнасці аднолькавымі.

Як вядома з гісторыі, Гамнет Шэкспір памёр у 1596 годзе. Праз некалькі гадоў з’явіўся «Гамлет» — самая доўгая п’еса Шэкспіра і адзін з самых важных яго твораў. І, як лічыць частка даследчыкаў, «Гамлет» мог быць спробай Шэкспіра пераасэнсаваць і перажыць трагедыю ў яго сям’і.

Ірландскі акцёр Пол Мескал, вядомы па серыяле «Нармальныя людзі», грае Уільяма Шэкспіра. Фота: кадр з трэйлера

Ірландка Мэгі А’Фарэл у 2020‑м ператварыла гэтую гісторыю ў раман. Пра маленькага Гамнета вядома няшмат, няма і пацвярджэнняў, што «Гамлет» сапраўды з ім звязаны, таму раман А'Фарэл — проста яе бачанне таго, якой магла б быць гэтая гісторыя.

Экранізавала раман Хлоя Чжаа, рэжысёрка, якую ў Галівудзе нікому прадстаўляць не трэба. Яшчэ ў 2021‑м Чжаа атрымала «Оскар» за «Зямлю качэўнікаў» — змрочны і складаны фільм пра немаладую амерыканку, якая губляе працу і падарожнічае ў фургоне па ЗША. 

У «Гамнэце» Чжаа не адступае ад сваіх поглядаў на кіно. Гэты фільм поўны прыгожых пейзажаў, знятых выдатным польскім кінааператарам Лукашам Жалем. На гэтай кінамове Чжаа расказвае пра гераіню, якая не можа жыць без прыроды, у якой унутры тая ж нястрыманая жывая моц, як і ў самой прыродзе. 

Фота: кадр з трэйлера

Гэты неймаверна яркі вобраз увасобіла ірландка Джэсі Баклі. І калі яе твар вам здаецца знаёмым, вам не падалося: у любімым беларусамі серыяле «Чарнобыль» 2019 года Баклі грала Людмілу Ігнаценка, жонку Васіля Ігнаценкі, беларуса-ліквідатара аварыі на ЧАЭС. Дарэчы, яшчэ адна зорка «Гамнета», Эмілі Уотсан, у «Чарнобылі» грала Ульяну Хамюк — беларускую спецыялістку па ядзернай фізіцы. Цяпер, у «Гамнеце», Уотсан увасобіла маці Шэкспіра.

У часы «Чарнобыля», каб рыхтавацца да ролі, Баклі чытала ў тым ліку «Чарнобыльскую малітву» Святланы Алексіевіч. Не ведаю, што яна чытала, рыхтуючыся да здымак у «Гамнеце», але ў яе выйшла роля велізарнай моцы. Баклі неверагодна шчырая ў гэтай працы. Яна расказвае гісторыю мацярынства і страты жонкі Шэкспіра і не чапляецца за непатрэбныя дэталі, а пагружае чытача ў пачуцці, і перш за ўсё ў вялікі боль сваёй гераіні.

За гэтую ролю ірландку ўжо ўганаравалі россыпам узнагародаў, у тым ліку «Залатым глобусам», а ў сакавіку яна, мабыць, атрымае і «Оскар».

Фота: кадр з трэйлера

Тут добра спрацаваў дуэт Баклі з рэжысёркай Чжаа, для якой таксама больш важныя не сюжэт, а стан чалавека ў часе, хаця ў сцэнары «Гамнет» не правісае. Разам яны ствараюць фільм, які дыхае гэтым болем.

Для кагосьці ў «Гамнеце» будзе занадта шмат эмоцый. Гэта складанае кіно, але гэта не гісторыя з кепскім канцом. Зроблены дасканала, «Гамнет» аказваецца фільмам не толькі пра боль, а і пра тую нязломную чалавечую сілу, якая дазваляе гэты боль перажыць. І пра нерасказаную гісторыю генія, пра якога, здавалася б, сказана ўсё магчымае.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары

Вінакурню Любанскага ў Мінску закрыў сакрэтны гмах, дзе запраектаваныя кабінеты для допытаў і памяшканне для спальвання дакументаў9

Вінакурню Любанскага ў Мінску закрыў сакрэтны гмах, дзе запраектаваныя кабінеты для допытаў і памяшканне для спальвання дакументаў

Усе навіны →
Усе навіны

Вокны павыбівала, кватэры заліло. Хто і як будзе кампенсаваць шкоду ад «фантана» на Жукоўскага ў Мінску1

Тэйлар Свіфт атрымала ўзнагароду MTV за відэа года6

Не дачакаў заканчэння кантролю на мяжы і паехаў. 22‑гадовага кіроўцу з пагоняй затрымалі ў Беластоку2

58‑гадовую мінчанку асудзілі за пратэсты і «абразу Лукашэнкі»6

Статкевіч апублікаваў фоты іх новага з Марынай Адамовіч дома14

Гамельчука затрымалі на трасе на Чарнігаў і асудзілі нібыта за спробу далучыцца да Палка Каліноўскага. Ён расказаў, што было1

Саладуха распавёў, як Лукашэнка спяваў разам з ім «Чужую мілую»25

Што не так з ідэяй, быццам нацыі ўзніклі толькі ў ХІХ стагоддзі?48

Трамп заявіў, што папрасіў Зяленскага зменшыць атакі на НПЗ у Расіі10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вінакурню Любанскага ў Мінску закрыў сакрэтны гмах, дзе запраектаваныя кабінеты для допытаў і памяшканне для спальвання дакументаў9

Вінакурню Любанскага ў Мінску закрыў сакрэтны гмах, дзе запраектаваныя кабінеты для допытаў і памяшканне для спальвання дакументаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць