Грамадства44

На «Белсаце» запускаюць новае шоу «Каса на камень» з Кацярынай Ваданосавай і Васілём Калачом

21 студзеня «Белсат» дае старт новай дакументальна-публіцыстычнай праграме «Каса на камень». Цыкл пра тое, як выглядае гісторыя праз прызму жаночых і мужчынскіх поглядаў. Жаночы бок прэзентуе Кацярына Ваданосава, мужчынскі — Васіль Калач, эксперт — Алесь Кіркевіч (ён жа аўтар сцэнару). Першыя эпізоды — пра чарадзейства і сэксуальную рэвалюцыю ў БССР. Прэмʼера — 21 студзеня. Што адбывалася на здымках праекту?

Вядоўцы Кацярына Ваданосава і Васіль Калач падчас здымак праграмы «Каса на камень». Варшава, Польшча. 16 студзеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

«Так, усё файна. Гэта быў працоўны дубль. А зараз пераходзім да сцэны сэксу…» — камандуе рэжысёр праекту «Каса на камень» Арцём Лобач і раптам змаўкае, збянтэжаны тым, што сказаў…

Паўза імгненна напаўняецца рогатам («Сцэна сэксу? Калі ласка!..») усіх прысутных на здымачнай пляцоўцы. Смяюцца вядоўцы і героі праграмы — Кацярына Ваданосава і Васіль Калач, рагочуць аператары і аўтар сцэнару Алесь Кіркевіч, смяецца сам Арцём Лобач.

«Вельмі адважна!» — заўважае, стрымліваючы смех, адказны рэдактар праграмы Віктар Шукеловіч.

Здымкі праграмы «Каса на камень». Варшава, Польшча. 16 студзеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

«Дзе тут месца жанчыны, а дзе — мужчыны…»

Усё гэта — на фоне аскетычнай чорна-белай сцэнаграфіі з пустымі крэсламі і фантастычным белым парасонам для рассейвання святла над галовамі герояў у велізарнай студыі. Такая атмасфера пануе перад пачаткам здымак аднаго з эпізодаў другога выпуску праграмы, прысвечанага тэме сэксуальнай рэвалюцыі ў БССР 1920‑х гадоў.

Аўтар сцэнару Алесь Кіркевіч пазней назаве такі настрой «мацартыянскім», бо ў ім, як у Моцартавых творах, будзе дамінаваць лёгкасць і іронія. Гэткі настрой задае сваімі жартамі і ўсмешкамі ў студыі рэжысёр-пастаноўца, але, здаецца, вайб закладзены ўжо ў тэкстах і ў тым, з якой энергіяй яго прамаўляюць вядоўцы праграмы.

«Абажаю вашую энергію! Як гэта ў вас атрымліваецца?» — рэпліка рэжысёра.

«Гэта заўжды па-рознаму выглядае: калі ты пішаш тэкст і шукаеш інфармацыю — і калі яго ўжо на камеру прамаўляюць людзі і нараджаецца нешта цікавае. А цяпер на здымачнай пляцоўцы гэта ўвогуле выглядае як у тэатры. Нібыта ты прысутнічаеш пры тэатральнай магіі, калі людзі ажыўляюць сюжэты і словы. І будзем чакаць, калі ўсё гэта пабачыць на экранах, так бы мовіць, вялікая грамада і як гэтае слова адгукнецца», — заўважае з усмешкай Алесь Кіркевіч.

Вядоўцы Кацярына Ваданосава і Васіль Калач, сцэнарыст Алесь Кіркевіч і адказны рэдактар Віктар Шукеловіч падчас здымак праграмы «Каса на камень». Варшава, Польшча. 16 студзеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Як яно можа адгукнуцца? Мяркуем, вялікім зацікаўленнем. Бо апрача асаблівага вайбу, вядоўцы «Касы на камень» дзеляцца гістарычнымі фактамі, якія для нас былі поўнай неспадзяванкай. І не проста дзеляцца, а, як самі кажуць на пачатку праграмы, вызначаюць, «дзе тут месца жанчыны, а дзе — мужчыны». І паміж гэтымі полюсамі ўзнікае магнетычнае поле, ад якога не адарваць ні вачэй, ні вушэй.

«А ці ведаў ты, што СССР 1920‑х быў флагманам сэксуальнай рэвалюцыі — ва ўсім свеце?» — пытаецца Каця Ваданосава ў напарніка. «Той самы хвалёны фрэйда-марксізм?..» — пытанне на пытанне ад Васіля Калача. «Першая камуна з’явілася пад Менскам яшчэ ў 1919 годзе — і там жыло паўтысячы чалавек. Усё агульнае: посуд, вопратка ну і — свабодны сэкс. Бо ўнікальнае права на стасункі з іншым чалавекам — гэта…» — робіць паўзу Кацярына. «…Буржуазны перажытак!» — падсумоўвае Васіль.

«Усе бабы — ведзьмы!»

Далей у гэтай «амаральнай гісторыі пра мараль» загучаць зусім не моцартаўскія ноткі, але мы спыняемся, каб не спойлерыць, і шукаем вачыма Віктара Шукеловіча: хочам здабыць троху інфармацыі пра «Касу і камень» у адказнага рэдактара праекта.

Віктар Шукеловіч кажа пра праграму «Каса і камень» як пра прэм'еру сезону. Плануецца, што новая праграма будзе выходзіць на «Белсаце» раз на два тыдні да канца траўня (гэта як мінімум) і будзе прэзентаваць вельмі розныя гістарычныя тэмы «праз прызму жаночых і мужчынскіх поглядаў».

«Я лічу, што гістарычнага кантэнту ў Беларусі ўсё ж малавата. Павінна быць больш, і рознага, таму што ўсе мы розныя, усе гледачы розныя, і нам трэба рознымі метадамі да іх прабівацца і прыцягваць іхную ўвагу, зацікаўліваць іх. І калі розныя прадукты будуць канкураваць паміж сабой і прапаноўваць нешта іншае, тым больш будзе шанцаў, што мы дагрукаемся да гледачоў і прыйдзем до адраджэння нашай гістарычнай памяці на шырэйшай прасторы», — дзеліцца меркаваннем Віктар Шукеловіч.

Ад яго ж даведваемся, што насамрэч выданне праграмы пра сэксуальную рэвалюцыю не будзе прэм'ерным. Гэта будзе другі выпуск (выйдзе ў эфір 28 студзеня).

Прэмʼера ж цыкла «Каса на камень» адбудзецца ў сераду, 21 студзеня, — праграмай, прысвечанай вядзьмарству ў беларускай гісторыі («Усе бабы — ведзьмы!» — так гэта будзе пачынацца).

«Вельмі цікавы і мала даследаваны аспект нашай гісторыі. Мы прывыклі думаць, што жанчыны — гэта вядзьмаркі. Гэта транслюе масавая культура. Але ведзьмарамі былі і мужчыны! І мы маем прыклады з гісторыі ВКЛ, калі і мужчын каралі смерцю за вядзьмарства. Калі паглядзець дакументы з XVII-XVIII стагоддзяў, дык там мужыкоў паляць не менш за жанчын. Гэтак у Горадні спалілі Максіма Знака — поўнага цёзку нашага былога палітвязня. Спалілі за тое, што адымаў у сваіх ахвяраў розум — прымушаў ламаць печы і грызці камяні…» — распавядае Віктар Шукеловіч.

На пытанне, хто зʼяўляецца сёння галоўным беларускім ведзьмаром, Віктар не адказвае (задумваецца з хітрай усмешкай). Найшла каса на камень, як кажуць. Дарэчы, што да назвы праекта, Віктар Шукеловіч лічыць яе вельмі ўдалай і метафарычнай. «Праз гэты камень мы падкрэсліваем, што дзяўчаты таксама могуць быць цвёрдымі, бо камень можа быць і каштоўным», — кажа. Пра розныя сэнсы «касы» і казаць не трэба.

«Хваліўся, што спаліў 6 чараўніц»

«Увага! Цішыня! Акцыя!» — чуецца каманда рэжысёра. Здымаецца эпізод выдання пра ведзьмаў.

«Апошнюю ведзьму ў Рэчы Паспалітай спалілі ў 1793 годзе! У мяне гэта, шчыра кажучы, у галаве не ўкладаецца. Ужо і французская рэвалюцыя, і свабода-братэрства, а тут паляць ведзьмаў. У Беларусі — у 1758 годзе адзін з аканомаў графа Тышкевіча бадзёра хваліўся, што спаліў 6 чараўніц. Тры прызналіся, тры — не. Ягоны калега спаліў двух чараўнікоў, мужыка і жанчыну. То бок, гэта было нормай?..» — дзелімся невялікай цытатай вядоўцаў.

Але ці практыка паляванняў на ведзьмаў ужо сышла ў нябыт?..

Іскры ў праграме «Каса на камень» будзе выкрасаць не толькі сутыкненне жаночага і мужчынскага поглядаў, але і сутыкненне гісторыі з сучаснасцю. На жаль, паляванні на ведзьмаў і ведзьмакоў працягваюцца і сёння. Не?..

Рэжысёр Арцём Лобач падчас здымак праграмы «Каса на камень». Варшава, Польшча. 16 студзеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Арцём Лобач здымае праграму так, быццам сам учора пабываў на аўтадафэ, але выгляду не паказвае — толькі пасміхаецца. Прызнаецца нам, што ўзяцца за здымкі яго натхніла тэма гендарнага балансу, але не толькі яна.

«Насамрэч я вельмі люблю побытавую гісторыю. Раблю зараз такі сайд-праект, дзе мне людзі расказваюць, як яны памятаюць сваё жыццё менавіта ў такіх бытавых падрабязнасцях. Што елі, што пілі, якія пахі былі тады. Такія рэчы. І мне вельмі спадабаўся сцэнар «Касы на камень» тым, што там і пра грошы, і пра транспарт, шмат пра што. Бо я бачу, што мы зараз мала пра гэта кажам — усё неяк больш філасофствуем. Але прадметы таксама ствараюць гісторыю», — кажа Арцём Лобач.

Рэжысёр праграмы дадае, што спадабалася яму і канцэпцыя, сцэнаграфія праекту — чорна-белая, мужчынска-жаночая. «Люблю такія кантрасты, супрацьлегласці», — прызнаецца Арцём Лобач. У дужках: паралельна Лобач здымае дакументальны фільм, фінансаваны нямецкімі прадзюсарамі, пра жыццё на літоўска-расейскай мяжы, і там таксама пра супрацьлегласці (распавядае нам пра расейскі банер на мяжы з лозунгам «Победа будет за нами. 1945-2025», бачны з літоўскага боку).

Вядоўцы Кацярына Ваданосава і Васіль Калач падчас здымак праграмы «Каса на камень». Варшава, Польшча. 16 студзеня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат

Замест сэксу — спорт і падрыхтоўка да вялікай вайны…

Пасля абеду героі з'яўляюцца перад камерамі ў шыкоўных гістарычных строях, што яшчэ больш надае магічнасці дзеі, пра якую казаў аўтар сцэнара Алесь Кіркевіч. Ён таксама зʼявіцца ў кадры — белая сцэна — у якасці эксперта. А нам прызнаецца, што было б добра, каб сутыкненні інтарэсаў і дыскусія, на якой пабудаваная праграма, выходзілі па-за экран і працягваліся ў каментарах, на кухнях і дыскусійных пляцоўках.

А што там з сэксуальнай рэвалюцыяй?

«У 1929‑м годзе вялікі эксперымент з сэксуальнай свабодай у СССР пачаў згортвацца… На змену прыйшла сталінская ўніфікацыя і камуністычны патрыярхат… Засталося пытанне: куды ж падзець вызваленую рэвалюцыяй сэксуальную энергію масаў?.. А ўсё проста. Спорт, скокі з парашутам, кіданне гранаты, стральба па-варашылаўску, лыжы, ГТО, суботнікі, вялікія будоўлі і падрыхтоўка да — вялікай вайны…» — сцвярджае эксперт у новай праграме «Белсата» «Каса на камень».

Прэмʼера праграмы «Каса на камень» («Чараўніцтва») — 21 студзеня, пачатак а 19‑й гадзіне. Другі эпізод (пра сэксуальную рэвалюцыю) — 28 студзеня. Гледачоў цыкла чакае наперадзе шмат цікавых тэмаў.

Каментары4

  • Основной посыл
    20.01.2026
    Чытач , значит всё сведётся к "как хорошо было под поляками" и "проклятые коммунисты".
  • Вольга
    20.01.2026
    Основной посыл гэта табе - чвр.
  • цырк-савок
    21.01.2026
    няма канкурэнцыі - няма цікавых перадач. конкурс сцэнароў і ідэй - не, не чулі. затое стаіць хохат тых, каму далекавата да касы і камня. глядзець не будзем, хапіла апісання.

Цяпер чытаюць

Няўдалае тэхнічнае рашэнне дорага абышлося арганізатарам галасавання ў Каардынацыйную раду

Няўдалае тэхнічнае рашэнне дорага абышлося арганізатарам галасавання ў Каардынацыйную раду

Усе навіны →
Усе навіны

Байдэн судзіцца з адміністрацыяй Трампа праз уласныя мемуары1

Знойдзены манускрыпт чарнакніжніка з Радашковіч, які лічылі страчаным7

Іран заявіў аб удары па амерыканскай авіябазе. ЗША нанеслі новыя ўдары па Іране7

Японія ў палоне маштабнай алергіі. У гэтым вінаваты праект 1950‑х гадоў2

«Арменія — гэта ўжо не абрабаваная вамі і вашымі партнёрамі краіна». Пашынян рашуча адказаў Лукашэнку18

У праваслаўнай парафіі на поўдні Польшчы царкоўная ўрачыстасць ператварылася ва ўслаўленне Расіі. З пратэстам выступілі лемкі33

Драма ў жывым эфіры: чорны бусел прагнаў ад гнязда арлана-белахвоста ВІДЭА

У Мінску пачалі будаваць першы аб'ект трэцяй кальцавой дарогі

На гродзенскіх пляжах з'явілася незвычайная тэхніка. Яна будзе працаваць усё лета2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Няўдалае тэхнічнае рашэнне дорага абышлося арганізатарам галасавання ў Каардынацыйную раду

Няўдалае тэхнічнае рашэнне дорага абышлося арганізатарам галасавання ў Каардынацыйную раду

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць