«Усе засталіся ў лесе. Усе загінулі». Беларус пайшоў ваяваць за Расію, бо на заводзе не было працы, і трапіў у палон
Беларус Юрый Баран падпісаў кантракт з расійскай арміяй праз адсутнасць працы на заводзе. На фронце ён апынуўся ў групе з пяці чалавек, якой загадалі прабрацца ў Ліман. Да горада дабраўся толькі ён адзін. Пра тое, што адбылося далей, мужчына расказаў у інтэрв'ю праекту «Хачу жыць».

Летам 2026 года на Ліманскім напрамку ў Данецкай вобласці ішлі інтэнсіўныя баі. Расійскія войскі спрабавалі захапіць Ліман, які мае важнае значэнне для далейшага наступу на Славянск. Яны засылалі ў горад невялікія групы пяхоты, спрабуючы замацавацца на яго ўскраінах. Украінскія вайскоўцы паведамлялі пра вялікія страты расіян падчас такіх штурмаў.
Праект «Хачу жыць» паразмаўляў з вайскоўцамі 20‑й і 25‑й агульнавайсковых армій Расіі, якія трапілі ва ўкраінскі палон падчас баёў на гэтым напрамку. Сярод іх — беларус Юрый Баран.
Сваё рашэнне падпісаць кантракт з расійскім войскам мужчына тлумачыць тым, што на заводзе, дзе ён працаваў, не было працы. Што гэта за прадпрыемства, Баран не ўдакладняе.
Пра ўмовы на фронце беларус згадвае найперш у сувязі з праблемамі забеспячэння.
«Лета было гарачае. Вады катастрафічна не хапала. Усе крычалі: «Вады, вады, вады», — расказвае ён.
У палон беларус трапіў непасрэдна ў Лімане. Паводле яго слоў, ягонай групе з пяці чалавек паставілі задачу прабрацца ў горад і там дачакацца іншай групы. Каб менш рызыкаваць, яны вырашылі рухацца па адным. Беларус пайшоў першым.
«Я зайшоў у горад Ліман і ўжо сядзеў, чакаў асноўную групу. Група да мяне не дайшла. Усе ў лесе засталіся. Усе загінулі», — згадвае Баран.
Пра гібель таварышаў ён даведаўся не адразу. Некаторы час беларус працягваў чакаць іх у горадзе. Тым часам месца, дзе ён знаходзіўся, пачалі абстрэльваць.
«Пачаліся прылёты дронаў, артылерыі, мінамётаў з украінскага боку», — расказвае мужчына.
Баран вырашыў пакінуць небяспечнае месца, перайшоў чыгунку і знайшоў іншае сховішча ў горадзе. Пазней, перамяшчаючыся паміж укрыццямі, сутыкнуўся з украінскімі вайскоўцамі.
«Была дзелавая прапанова: хочаш жыць — здаешся, не хочаш жыць — не здаешся. Ну, выснова была відавочная».
Паводле слоў Барана, украінскія салдаты паставіліся да яго па-чалавечы.
«Ежы хапала, кармілі. Нават калі курыш, то цыгарэтамі таксама забяспечвалі».
Сваю гісторыю беларус падсумоўвае развагамі пра тое, наколькі расійскія вайскоўцы ўвогуле разумеюць, куды і навошта іх адпраўляюць.
«Іду туды, не ведаю куды. Так, мабыць, большая частка [расійскіх] салдат і ідзе», — заўважае ён.
УСУ паказалі расійскіх палонных, узятых пры контрудары пад Ліманам
18‑гадовы Мікіта з Рэчыцы, які ў першы ж баявы выхад трапіў ва ўкраінскі палон, расказаў, чаго папёрся на вайну
Іван з Ваўкавыска пайшоў на вайну, каб не сядзець у расійскай турме. Ён не думаў, што «там проста жах»
Забойца з Мінска падпісаў кантракт проста ў расійскай калоніі. Паваяваць да палону атрымалася два дні
Каментары