Грамадства22

Пад Слуцкам падчас нелегальных гонак жонка накіравала Range Rover у Subaru мужа. Цяжка пацярпелі чацвёра

У Слуцкім раёне завяршылі расследаванне крымінальнай справы аб парушэнні правіл дарожнага руху і эксплуатацыі транспартных сродкаў, у выніку якога пацярпелі чатыры чалавекі. Яны атрымалі цяжкія і менш цяжкія цялесныя пашкоджанні, паведамляе Следчы камітэт.

Фота: Следчы камітэт

Несанкцыянаваныя вулічныя гонкі адбыліся ўвечары 26 ліпеня 2025 года каля вёскі Вялікі Быкоў Слуцкага раёна. Падчас фінальнага заезду 32‑гадовая мясцовая жыхарка за рулём пазадарожніка Range Rover вырашыла паспаборнічаць у хуткасці са сваім мужам, які кіраваў Subaru Impreza.

Пасля фінішу аўтамабілі развярнуліся, каб вярнуцца да месца старту. Кіроўца Subaru паступова зніжаў хуткасць, а Range Rover працягваў рухацца з хуткасцю не менш за 100 км/г пры дазволеных 90 км/г. Па матэрыялах следства, жанчына бачыла наперадзе людзей і аўтамабілі, але не стала спыняцца.

На вялікай хуткасці пазадарожнік сутыкнуўся з аўтамабілем мужа, пасля чаго выехаў на правую абочыну. Там ён збіў траіх пешаходаў, а затым урэзаўся ў прыпаркаваны Volkswagen Golf. Ад удару легкавы аўтамабіль адкінула ў кювет. У яго салоне знаходзілася пасажырка.

Сярод пацярпелых пешаходаў была сямейная пара. З-за затору яны спыніліся каля дарогі і пайшлі ўздоўж узбочыны, каб высветліць прычыну. Пераканаўшыся, што наперадзе няма аварыі, муж і жонка вярталіся да свайго аўтамабіля. У момант наезду яны стаялі спінай да пазадарожніка, які набліжаўся.

Падчас расследавання высветлілася, што тармазная сістэма Range Rover мела тэхнічную няспраўнасць: металічны трубаправод задняга левага кола праржавеў. Аднак судовая аўтатэхнічная экспертыза паказала, што нават пры гэтай няспраўнасці кіроўца мела тэхнічную магчымасць своечасова спыніць аўтамабіль і пазбегнуць сутыкнення, калі б трымалася дазволенай хуткасці і своечасова націснула на педаль тормазу. Subaru Impreza, паводле высноў экспертаў, знаходзіўся ў спраўным стане.

Судова-медыцынскія даследаванні вызначылі ступень цяжкасці траўмаў. 18‑гадовая жыхарка Салігорска атрымала цяжкія цялесныя пашкоджанні. Сямейная пара атрымала менш цяжкія пашкоджанні, якія прывялі да працяглага разладу здароўя. Пашкоджанні пасажыркі Volkswagen Golf прызналі цяжкімі па прыкмеце невыводнага знявечання твару.

Сама абвінавачаная падчас следства сцвярджала, што ў момант руху педаль тормазу «правалілася». Паводле яе версіі, таму яна нібыта наўмысна накіравала пазадарожнік на аўтамабіль мужа, спрабуючы спыніць некіраваны аўтамабіль.

Пры вывучэнні асобы жанчыны высветлілася, што на момант аварыі яна не мела судзімасцяў, але раней неаднаразова прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнні Правіл дарожнага руху.

Дзеянні 32‑гадовай жыхаркі Слуцкага раёна кваліфікаваныя паводле часткі 2 артыкула 317 Крымінальнага кодэкса — парушэнне правіл дарожнага руху і эксплуатацыі транспартных сродкаў асобай, якая кіруе транспартным сродкам, што па неасцярожнасці пацягнула прычыненне цяжкага і менш цяжкага цялеснага пашкоджання.

Крымінальная справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд.

Каментары2

  • Правілы руху
    07.10.2026
    Хай зараз сплочвае велізарны штраф пацярпелым
  • Голлый Уд
    07.10.2026
    Насмотрелись боевичков местные болваны...Никого из участников не жалко.Всех фтопку!

Цяпер чытаюць

У беларускі ў Італіі забралі двух сыноў — бо яна не прызнавала дзяржаву і не адпускала дзяцей у школу і да доктара11

У беларускі ў Італіі забралі двух сыноў — бо яна не прызнавала дзяржаву і не адпускала дзяцей у школу і да доктара

Усе навіны →
Усе навіны

Фільм беларуса трапіў у шорт-ліст «Еўраоскара»

Расійскі вайсковец, які застрэліў шэсць чалавек на ўкраінскай Харкаўшчыне, расказаў, як гэта было. Сярод ахвяраў быў і цывільны20

Беларусы з пратэрмінаванымі пашпартамі змогуць падаўжаць дазвол на жыхарства ў Ірландыі2

Netflix сутыкнулася з праблемамі і будзе скарачаць штат2

Аляксандр Фядута пачаў працу ў прэстыжным польскім універсітэце12

«Каханы за 500 м ад вас». Наста Дашкевіч расказала, як год таму ляцела як на крылах да мужа ў Літву1

Пад Мінскам абнаўляюць веламаршрут Мінск — Раўбічы

Старшыня канцэрна «Беллеспаперпрам» расказаў, ці памагло прадпрыемству зняцце амерыканскіх санкцый1

«Прыток кіроўцаў назіраем з панядзелка». Што адбываецца з іншымі службамі таксі на фоне збояў «Яндэкса»

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У беларускі ў Італіі забралі двух сыноў — бо яна не прызнавала дзяржаву і не адпускала дзяцей у школу і да доктара11

У беларускі ў Італіі забралі двух сыноў — бо яна не прызнавала дзяржаву і не адпускала дзяцей у школу і да доктара

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць