У Іспаніі памерла 87‑гадовая жанчына, справа якой справакавала цяперашні палітычны крызіс у краіне
У Мадрыдзе памерла 87‑гадовая Марыкармэн Абаскаль, высяленне якой са свайго дома стала каталізатарам нядаўніх масавых пратэстаў супраць жыллёвай палітыкі ў Іспаніі і ў выніку прывяло да правядзення датэрміновых выбараў.

Марыкармэн Абаскаль прымусова выселілі з яе кватэры ў Мадрыдзе, вынесшы жанчыну з дому на насілках. Гэтыя падзеі выклікалі напружанасць каля будынка і сталі прычынай шырокамаштабных пратэстаў.
Пазней Абаскаль дазволілі вярнуцца ў сваё шматгадовае жыллё. Яна заключыла з уладальнікам будынка новы васьмігадовы дагавор і працягнула плаціць арэндную плату, прыблізна такую ж, як раней.
7 кастрычніка Мадрыдскі саюз арандатараў паведаміў пра смерць 87‑гадовай жанчыны. Іншыя падрабязнасці пакуль не паведамляюцца.
Марыкармэн Абаскаль пражыла ў адной кватэры ў мадрыдскім раёне Рэціра 71 год — з 1956 года. Яна жыла паводле старой, так званай абароненай дамовы арэнды, якая пераходзіла ў сям'і ад аднаго арандатара да другога.
Сітуацыя змянілася пасля таго, як кватэру набыў інвестыцыйны фонд UrbaGestion. Новы ўладальнік хацеў значна павысіць арэндную плату — паводле паведамленняў, прыкладна на 230%. Для Абаскаль, якая жыве на пенсію, гэта было непад'ёмна. Яна адмовілася пакідаць кватэру.
Справа дайшла да судоў, якія прызналі, што права на старую льготную дамову арэнды насамрэч скончылася. У прыватнасці, пераход дамовы ад маці Абаскаль да яе самой быў абмежаваны законам, а яе інваліднасць, прызнаная на ўзроўні 50%, не давала таго дадатковага права на працяг арэнды, якое прадугледжвалася для людзей з больш высокай ступенню інваліднасці. Вярхоўны суд Іспаніі стаў на бок уладальніка.
Нягледзячы на гэта, вакол Абаскаль разгарнулася кампанія ў яе абарону. Суседзі, праваабаронцы і прафсаюз арандатараў спрабавалі дамовіцца з уладальнікам, каб жанчына магла застацца. Былі нават прапановы аплаціць яе арэнду. Аднак 23 верасня паліцыя ўсё ж правяла высяленне.
Абаскаль, якая знаходзілася ў вельмі цяжкім стане пасля стрэсу, вынеслі з дома на насілках і адвезлі ў бальніцу. Перад домам у гэты час сабраліся сотні пратэстоўцаў, некаторых з іх паліцыя адціскала ад уваходу.
Менавіта гэтае высяленне ператварыла прыватную судовую спрэчку ў агульнанацыянальны сімвал жыллёвага крызісу ў Іспаніі. Людзі пачалі пратэставаць не толькі за правы Абаскаль, але і супраць рэзкага росту арэнднай платы, высяленняў і набыцця жылля інвестыцыйнымі кампаніямі. У Мадрыдзе ўзнік лагер пратэстоўцаў на плошчы Пуэрта-дэль-Соль, акцыі прайшлі і ў іншых гарадах.
Пасля масавых пратэстаў UrbaGestion прапанаваў Абаскаль пагадненне, паводле якога яна магла вярнуцца ў сваю кватэру і плаціць каля 500 еўра ў месяц — прыкладна 30% яе пенсіі. Але гэта не завяршыла палітычнага крызісу — у краіне аб'явілі датэрміновыя выбары, якія пройдуць 29 лістапада.
У Іспаніі прызначаныя датэрміновыя парламенцкія выбары
У Іспаніі жыллёвы крызіс — дзясяткі тысяч чалавек выйшлі на пратэсты
Прарыў мараканцаў у Сеуту: што гэта было? Ці магла гэта быць тонкая помста Вашынгтона Мадрыду? І ці адаб’ецца на легалізацыі беларусаў?
У Еўрасаюзе абмеркавалі міграцыйную палітыку пасля крызісу ў Іспаніі. Адзінства няма
Каментары
Вакол адныя камуністы, жах. Толькі ў РБ парадачак - калі што, высяляць у тры хвіліны)