Культура11

У Швабскім замку ў Бары, дзе Габсбургі атруцілі Бону Сфорца, адкрылі барэльеф у памяць пра славутую каралеву

Ініцыятарка маштабных аграрных рэформ і папулярызатарка еўрапейскага Рэнесансу на нашых землях, пасля палітычнага канфлікту з уласным сынам яна была вымушана вярнуцца на радзіму ў Бары, дзе стала ахвярай заказнога атручвання праз каласальны фінансавы доўг.

Усталяваны ў нішы замкавага двара барэльеф каралевы і вялікай княгіні: па перыметры мармуровай рамы выбіты поўны лацінскі тытул уладаркі. Фота: facebook / Valdovų Rūmai

7 кастрычніка 2026 года, у італьянскім горадзе Бары на тэрыторыі Швабскага замка адбылося афіцыйнае адкрыццё барэльефа, прысвечанага каралеве польскай і вялікай княгіні літоўскай Боне Сфорца.

Ініцыятарам усталявання памятнага знака выступіў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа ў супрацоўніцтве з дырэкцыяй італьянскага музея і Палацам вялікіх князёў літоўскіх у Вільні. Падчас мерапрыемства таксама падпісана дамова аб супрацоўніцтве паміж музеямі дзвюх краін.

Аўтарам мармурова-бронзавага барэльефа з'яўляецца літоўскі скульптар Ёнас Гянцявічус. За іканаграфічную аснову помніка ўзяты самы вядомы прыжыццёвы партрэт Боны Сфорцы — дрэварыт 1517 года, змешчаны ў гістарычнай працы Ёста Дэцыя (Justus Ludovicus Decius) «De vetustatibus Polonorum», выдадзенай у 1521 годзе ў Кракаве. Гэта аўтарскі паўтор барэльефа, які ў 2021 годзе быў усталяваны на падпорнай сценцы гары Гедзіміна ў рэнесансным садку Ніжняга замка ў Вільні. 

Гравюра Боны Сфорца 1517 года, якая паслужыла графічнай асновай для памятнага знака. Фота: Wikimedia Commons

Каменная пліта з бронзавым барэльефам умантаваная ў нішу замкавай сцяны. Цэнтральным элементам з'яўляецца паясная выява Боны Сфорцы ў традыцыйным рэнесансным уборы з характэрным галаўным уборам у выглядзе сетачкі. Па перыметры барэльефа ідзе лацінскі надпіс: «BONA SFORTIA DE ARRAGONIA / DEI GRATIA REGINA POLONIAE / BARIQUE PRINCEPS ROSSANII / MAGNA DUX LITHUANIAE» (Бона Сфорца Арагонская, Божай міласцю каралева Польшчы, прынцэса Бары і Расана, вялікая княгіня літоўская).

Геральдычны элемент новага помніка буйным планам: бронзавы эмаляваны герб Боны Сфорцы ў вянку з каронай і анёлкамі-пуці — з белым польскім Арлом, літоўскай «Пагоняй», геральдычнымі знакамі Сфорца і Арагонскай дынастыі. Фота: facebook / Valdovų Rūmai

У ніжняй частцы кампазіцыі размешчаны герб у вянку, які падтрымліваюць два пуці (анёлы). Шчыт падзелены на палі, дзе спалучаюцца геральдычныя сімвалы Польшчы (Белы Арол) і Вялікага Княства Літоўскага (Пагоня), а таксама роду Сфорца (змей Бісцыён, які паглынае чалавека, і чорныя імперскія арлы) і Арагонскай дынастыі (чырвона-жоўтыя палосы Арагона, Іерусалімскі крыж, лілеі Анжу-Сіцылійскага дому і чырвона-белыя венгерскія палосы), да якой належала маці Боны. Ніжэй за барэльеф да сцяны прымацавана шкляная інфармацыйная шыльда з кароткай гістарычнай даведкай.

Швабскі замак

Швабскі замак у Бары. Фота: Berthold Werner / Wikimedia Commons

Швабскі замак (Castello Svevo) з'яўляецца адной з галоўных славутасцей Бары. Першая фартыфікацыя на гэтым месцы была пабудавана ў 1132 годзе нармандскім каралём Ражэрам II, а ў 1233 годзе будынак быў адноўлены і ўмацаваны імператарам Фрыдрыхам II Швабскім пасля разбурэнняў.

У канцы XV стагоддзя замак перайшоў ва ўласнасць роду Сфорца. Маці Боны, Ізабэла Арагонская, і пазней сама Бона ініцыявалі маштабную рэканструкцыю крэпасці. Вакол яе была збудавана новая абарончая сцяна з бастыёнамі, а ўнутраныя памяшканні былі ператвораныя з суровага ваеннага аб'екта ў элегантную рэнесансную рэзідэнцыю з багатымі інтэр'ерамі (большасць дэкору да нашых дзён не захавалася). Цэнтральнай часткай замка з’яўляецца ўнутраны трапецападобны двор, а адна з кутніх вежаў носіць імя Боны Сфорцы.

Масіўныя скляпенні і калоны гатычна-раманскіх палат Швабскага замка ў Бары, дзе размяшчалася рэзідэнцыя Боны Сфорца пасля яе ад'езду з ВКЛ і Польшчы ў 1556 годзе. Фота: facebook / Valdovų Rūmai

Каралева-рэфарматарка

Бона Сфорца (1494—1557) стала другой жонкай польскага караля і вялікага князя літоўскага Жыгімонта I Старога ў 1518 годзе. Атрымаўшы бліскучую гуманістычную адукацыю, яна вызначалася высокай палітычнай і эканамічнай актыўнасцю.

На тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага яна ініцыявала маштабныя гаспадарчыя рэформы. Найбольш значнай з іх з'яўляецца падрыхтоўка і ўкараненне прынцыпаў «валочнай памеры» — рэарганізацыі землекарыстання і сістэмы падаткаабкладання, якая пазней стала агульнадзяржаўнай і дзейнічала да канца XVI стагоддзя. Каралева мэтанакіравана выкупляла землі, вяртала ў дзяржаўную ўласнасць маёнткі і абараняла іх ад незаконнага прысваення феадаламі. Да 1524 года яна ўжо валодала Пінскім і Кобрынскім княствамі.

Бона Сфорца пакінула па сабе памяць і спадчыну як ніякая іншая манархіня ў гісторыі Вялікага Княства. Партрэт каралевы працы Лукаса Кранаха Малодшага, каля 1556 года. Фота: Wikimedia Commons

Акрамя эканомікі, Бона Сфорца аказала непасрэдны ўплыў на культуру і побыт Усходняй Еўропы. Яна прывезла з сабой італьянскіх майстроў і архітэктараў, спрыяючы распаўсюджванню ідэй Рэнесансу.

У сферы гастраноміі дзякуючы ёй у меню мясцовай арыстакратыі з'явіліся экзатычныя прадукты: апельсіны, лімоны, гранаты, інжыр, аліўкі, розныя віды салатаў і прыпраў, а таксама ўкаранілася практыка выкарыстання відэльцаў.

Вяртанне ў Бары

Каменны калодзеж-цыстэрна ў старым Бары, адразу за кафедральным саборам Святога Сабіна, быў пабудаваны па загадзе Боны Сфорца. Герцагіня клапацілася пра сваё апулійскае ўладанне не менш рупліва, чым пра дзяржаўныя маёнткі Вялікага Княства Літоўскага. Фота: facebook / Valdovų Rūmai

Пасля смерці Жыгімонта I Старога палітычны ўплыў Боны Сфорцы значна аслабеў з-за вострага канфлікту з сынам, Жыгімонтам II Аўгустам, у тым ліку на фоне яго шлюбу з Барбарай Радзівіл, у смерці якой каралеву пасля падазравалі.

Пераканаўшыся ў немагчымасці знайсці кампраміс з сынам і шляхтай, у 1556 годзе Бона пакінула Рэч Паспалітую і вярнулася ў свае спадчынныя ўладанні ў Бары, пасяліўшыся ў Швабскім замку.

Яе знаходжанне ў Італіі працягвалася толькі год. 19 лістапада 1557 года каралеву атруціў яе ж уласны давераны дваранін Джан Ларэнца Папакода.

Рэнесанснае надмагілле Боны Сфорца ў галоўнай апсідзе базілікі Святога Мікалая: саркафаг з чорнага і белага мармуру з выявай укленчанай у малітве каралевы. На пярэднім плане — шэдэўр сярэднявечнай пластыкі, трон біскупа Эліі канца XI стагоддзя. Фота: Porcullus Marek Postawka

Напэўна, забойства было арганізавана Габсбургамі з мэтай пазбегнуць вяртання каласальнага доўгу ў памеры 430 тысяч дукатаў, якія Бона пазычыла віцэ-каралю Неапаля, прадстаўніку іспанскага караля Філіпа II.

Бона Сфорца была пахавана ў Бары ў базіліцы Святога Мікалая — выбітным помніку раманскай архітэктуры. Першапачаткова пахаванне было вельмі сціплым. Толькі ў 1593 годзе на замову яе дачкі Ганны Ягелонкі фларэнційскі майстар Санці Гучы стварыў манументальны маўзалей у цэнтральнай апсідзе базілікі. Помнік у маньерысцкім стылі ўключае фігуру каралевы на каленях у атачэнні фігур святога Мікалая і святога Станіслава, а таксама алегарычных жаночых фігур.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары1

  • Цікавв
    09.10.2026
    Дзякуй

Цяпер чытаюць

Малодшы сын Сахашчыка абвешчаны зніклым без вестак. Выглядае, ён ваяваў за Расію88

Малодшы сын Сахашчыка абвешчаны зніклым без вестак. Выглядае, ён ваяваў за Расію

Усе навіны →
Усе навіны

12 выпускнікоў ЕГУ і іх выкладчыкі стварылі ў Вільні «Тэатр 21»

«6850 рублёў — норм?» Кліентка каршэрынгу паскардзілася на велізарны штраф пасля ДТЗ. Што адказалі ў кампаніі

Рубіа: Без дапамогі ЗША Украіны не было б5

Стаць акадэмікам можна будзе толькі з дазволу Рады бяспекі21

Трагедыя на Лагойскім тракце: з акна шматпавярховіка выпаў чалавек у балаклаве і павіс на тросе4

«Абарот — каля $100 мільёнаў». Алесь Мухін расказаў пра бізнэс і заробкі на «Што? Дзе? Калі?»3

Выбухоўку для расійскіх дыверсій у Еўропе перавозілі агенты-беларусы — WSJ з крыніц у спецслужбах11

Кушнер агучыў патрабаванне Трампа да Кіева спыніць удары па расійскіх НПЗ6

Андрэй Пачобут стаў «Асобай года» ў Польшчы2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Малодшы сын Сахашчыка абвешчаны зніклым без вестак. Выглядае, ён ваяваў за Расію88

Малодшы сын Сахашчыка абвешчаны зніклым без вестак. Выглядае, ён ваяваў за Расію

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць