Кіеў увечары зноў быў пад атакамі, знікалі святло і вада. За дзень ва Украіне загінулі як мінімум 25 чалавек
Пасля расійскіх абстрэлаў у Кіеве ўвечары 7 кастрычніка ўзніклі сур'ёзныя праблемы з энергазабеспячэннем і водазабеспячэннем. На правабярэжнай частцы сталіцы часова спынілі рух электратранспарту і фунікулёра праз адсутнасць напружання ў кантактнай сетцы, паведамляе Украінская служба Бі-бі-сі.

Праз дэфіцыт магутнасці «Укрэнерга» ўвяло аварыйныя адключэнні электраэнергіі ў Кіеве і Кіеўскай вобласці. Раней апублікаваныя графікі адключэнняў не дзейнічалі. Паведамлялася пра адсутнасць святла ў правабярэжнай частцы сталіцы, а таксама ў Бучы і Ірпені.
Праблемы ўзніклі і з водазабеспячэннем. У «Кіеўводаканале» паведамілі пра часовае спыненне падачы электраэнергіі на асобныя станцыі водападрыхтоўкі. Таму жыхары правабярэжжа маглі сутыкнуцца са зніжэннем ціску ў вадаправоднай сетцы або часовай адсутнасцю вады.
Пазней мэр Кіева Віталь Клічко паведаміў, што энергетычныя службы аднаўляюць электразабеспячэнне правабярэжнай часткі горада, у тым ліку водапомпавых станцый. Паводле яго слоў, ціск у сістэме водазабеспячэння паступова вяртаўся да нормы.
Расія на працягу дня атакавала Кіеўскую вобласць беспілотнікамі. Каля 17:00 Клічко паведаміў пра падзенне абломкаў у Саламянскім раёне. Там узнік пажар у пяціпавярховым доме, а таксама загарэўся прыватны дом. Пацярпелі восем чалавек.
У Дняпроўскім раёне абломкі ўпалі недалёка ад навучальнай установы, а ў Святошынскім раёне, паводле інфармацыі Кіеўскай гарадской вайсковай адміністрацыі, абломкі ўпалі на дах адміністрацыйнага будынка.
Каля 19:00 у Кіеве зноў прагучалі выбухі. Пазней Віталь Клічко паведаміў пра 13 пацярпелых у Саламянскім і Абалонскім раёнах. Шасцёра параненых былі шпіталізаваныя. Сярод пацярпелых была маладая жанчына, якую знайшлі каля палаючага аўтамабіля на Абалоні. Яна знаходзілася ў цяжкім стане. Адзін мужчына загінуў у Абалонскім раёне.
У Кіеўскім гарадскім упраўленні Дзяржаўнай службы па надзвычайных сітуацыях паведамілі, што ў Абалонскім раёне загінулі два чалавекі. У адным выпадку рэанімацыйныя мерапрыемствы не далі выніку — медыкі канстатавалі смерць пацярпелага. Ратавальнікі таксама паведамілі пра трох пацярпелых.
Увечары прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што агульная колькасць загінулых у выніку масіраванага расійскага ўдару па Украіне 7 кастрычніка дасягнула 25 чалавек.
Расіяне ўдарылі па Прылуках Чарнігаўскай вобласці: 18 чалавек загінулі, 55 параненых
Сібіга: У дзень нараджэння Пуціна расійскія генералы паднеслі яму ягоны любімы падарунак
Былы кіраўнік Google: Расія здаганяе Украіну ў вайсковых тэхналогіях, а рэсурсаў у яе нашмат больш. Галоўным выклікам будзе «Рассвет»
Што такое рабатызаваныя турэлі, якія павінны выратаваць Кіеў ад рэактыўных «шахедаў»
Каментары