У Калінкавіцкі раён плануюць перавезці асфальтабетонны завод з расійскага Ліпецка. Адпаведную незвычайную закупку абвясціў гомельскі «Дарожна-будаўнічы трэст № 2», заўважыў «Флагшток».

АБЗ Benninghoven ECO 2000. Фота: machineryline.kz
Умовамі закупкі прадугледжаная паслуга па перавозцы завода, а месцам яго дастаўкі названы Сыродскі сельсавет Калінкавіцкага раёна, участак 4/1. Верагодна, менавіта там завод і плануюць размясціць.
Гаворка ідзе пра асфальтабетонны завод Benninghoven ECO 2000 нямецкай вытворчасці. Гэта мабільная ўстаноўка кантэйнернага тыпу, якая спалучае высокую прадукцыйнасць і магчымасць адносна лёгкага перамяшчэння дзякуючы сваёй канструкцыі.
Намінальная прадукцыйнасць завода складае 160 тон гатовай асфальтабетоннай сумесі за гадзіну. У Ліпецку такія ўстаноўкі прапануюць як для арэнды, так і для продажу.
Для перавозкі завода ў Гомельскую вобласць спатрэбіцца значная колькасць транспарту. Згодна з тэхнічным заданнем, неабходна выканаць 11 рэйсаў еўрафур для перавозкі зборных грузаў і яшчэ 33 рэйсы грузавых пляцовак.
Сярод грузаў будуць буйнагабарытныя элементы завода, у тым ліку прыёмны бункер, сушыльны барабан, грохат і элеватар.

Каментары