Гісторыя33

Старажытныя дубы расказалі, што адбывалася аж за стагоддзе да з'яўлення крэпасці на Менцы

Вызначэнне дакладнай даты будаўніцтва магутных дубовых сцен на рацэ Менцы — зіма 997—998 гадоў — стала навуковай сенсацыяй. Цяпер навукоўцам удалося выцягнуць з драўніны яшчэ больш інфармацыі, якую яны «запомнілі». Яна сведчаць, што актыўнае жыццё на гэтай тэрыторыі пачалося яшчэ ў самым пачатку X стагоддзя, амаль за сто гадоў да будаўніцтва крэпасці.

Раскопкі на вале гарадзішча на Менцы. Фота: Інстытут эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі

Навуковы артыкул з новымі данымі быў апублікаваны ў аўтарытэтным міжнародным часопісе Dendrochronologia (выдавецтва Elsevier) групай беларускіх даследчыкаў, у якую ўвайшлі супрацоўнікі Інстытута эксперыментальнай батанікі і Інстытута гісторыі НАН Беларусі Максім Ярмохін, Віталь Моцны, Віталь Лукін, Аляксандр Пугачэўскі і кіраўнік раскопак Андрэй Вайцяховіч, заўважыў тэлеграм-канал «De facto. Беларуская навука».

І калі вызначэнне даты будаўніцтва вала — гэта фіксацыя канкрэтнай даты ў гісторыі, то глыбінны аналіз драўніны дазволіў навукоўцам убачыць цэлы працэс развіцця паселішча ў дынаміцы.

Важным аспектам з'яўляецца і сам факт публікацыі гэтых даных у выданні ўзроўню Dendrochronologia. Гэта азначае, што методыка беларускіх даследчыкаў прайшла строгае рэцэнзаванне.

Анамалія ў лесе: пра што маўчалі дубы з 910 года

Для будаўніцтва абарончых збудаванняў нашы продкі выкарыстоўвалі велізарныя дубы, узрост якіх на момант высечкі дасягаў 170 гадоў. Гэта значыць, што гэтыя дрэвы раслі побач з паселішчам на працягу ўсяго X стагоддзя і сталі міжвольнымі сведкамі таго, што адбывалася навокал. Каб расшыфраваць гэты летапіс прыроды, навукоўцы правялі аналіз сінхроннасці росту дрэў.

Звычайна дрэвы ў адным лесе растуць сінхронна і падпарадкоўваюцца агульным кліматычным умовам: у спрыяльны год ва ўсіх утвараюцца шырокія кольцы, у засушлівы — вузкія.

Аднак даследчыкі выявілі дзіўную анамалію ў драўніне на Менцы. У перыяд прыкладна з 910 па 980‑я гады сінхроннасць росту ў даследаваных узорах рэзка парушаецца. Замест адзінага рытму ў розных дрэў у абсалютна розны час назіраюцца рэзкія скачкі росту альбо, наадварот, з'яўляюцца сляды прыгнечанасці і механічныя пашкоджанні.

Навукоўцы адназначна інтэрпрэтуюць гэтыя даныя дэндрахраналогіі як сведчанне моцнага і працяглага антрапагеннага ўздзеяння. Рэзкае паскарэнне росту асобнага дрэва звычайна азначае, што яго «суседа» ссеклі, дзякуючы чаму ацалелае дрэва атрымала доступ да большай колькасці святла і пажыўных рэчываў.

Гэта непасрэдна сведчыць пра тое, што людзі актыўна высякалі лес для нарыхтоўкі драўніны або расчысткі тэрыторыі пад палі. Акрамя таго, на ствалах былі зафіксаваны прыжыццёвыя раны, якія зарасталі пасля. Гэта верная прыкмета таго, што ў непасрэднай блізкасці вялася гаспадарчая дзейнасць — магчыма, выпасалася жывёла, пракладаліся лясныя дарогі або будавалася першае жытло.

Закансерваваны фрагмент драўлянай сцяны гарадзішча на Менцы. Фота: Інстытут гісторыі

Гэты перыяд экалагічнай «турбулентнасці» працягваўся з першага дзесяцігоддзя X стагоддзя і аж да самага моманту будаўніцтва крэпасці ў канцы стагоддзя.

Горад паўстаў не на пустым месцы

Гэтае адкрыццё карэнным чынам змяняе ўспрыманне ранняй гісторыі Менска. Яно даказвае, што грандыёзнае будаўніцтва магутнай крэпасці ў 997—998 гадах не было пачаткам жыцця ў гэтай мясцовасці.

Узвядзенне сцен стала лагічным этапам развіцця і ўмацавання ўжо існуючага буйнога паселішча, якое фармавалася і актыўна развівалася на працягу як мінімум 80—90 гадоў да таго.

Людзі абжылі берагі Менкі і рачулкі Дунай задоўга да таго, як нечы загад ператварыў багатае паселішча ў непрыступны бастыён. Гэта абвяргае магчымыя тэорыі пра тое, што крэпасць была пабудавана «ў чыстым полі» выключна як вайсковы фарпост. Тут ужо жылі людзі, якія дзесяцігоддзямі вялі гаспадарку, змянялі ландшафт і нарыхтоўвалі рэсурсы.

У час раскопак гарадзішча старажытнага Менска знайшлі донца глінянай пасудзіны з геральдычным знакам, які належаў, магчыма, сыну князя Уладзіміра і княгіні Рагнеды Ізяславу. Фота з сацсетак

Магчыма, што гэтыя даныя ўскосна пацвярджаюць гіпотэзу, што Рагнеду з Ізяславам маглі выслаць не на голае месца, дзе для іх збудавалі Заслаўе, якое згадваецца ў крыніцах нашмат пазней, толькі ў 1127—1128 гадах, а ў паселішча на Менцы, якое, як мы цяпер ведаем, пазней умацавалі сценамі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары3

  • Žvir
    23.01.2026
    Ja pra heta pisaŭ u kamentarach, što umacavanamu ścienami horadu papiaredničała zvyčajnaje pasielišča, i jano značna starejšaje za tyja duby-śviedki. Prostaja lohika.

    Ciapier treba šukać darohi staražytnych kamunikacyjaŭ, bo ŭsie padobnyja pasieliščy ŭznikali ŭ toj čas abapał handlovych (vajennych, administracyjnyh, tak by mović) šlachoŭ.

    Pačynać treba z pošuku złučennia Miensku na Miency z paseliščam na Niamizie. Tut dobra dapamahła b technalohija 3D skanavannia miascovaści, pry dapamozie jakoj byli znojdzieny pareštki staražytnych haradoŭ i daroh u Amazonii...
  • мы ў 10с. належалі да заходняй цывілізацыі
    23.01.2026
    Žvir , усе знаходкі ў Беларусі гэта доказы таго што мы ў 10с. належалі да заходняй цывілізацыі , Таму пад час акупацыі Масква скрала 98% нашай гістарычная спадчыны . Нашы Смаленск і Старадуб ( барока, рэнэсанс, Рэфармацыя, etc.) заўсёды былі мяжой паміж эўрапейскай цывілізацыяй і афра - азіяй.
  • Žvir
    23.01.2026
    мы ў 10с. належалі да заходняй цывілізацыі, heta biassprečna, chacia b užo tamu, što inšaj cyvilizacyi, jakaja mahla b u toj čas pakinuc` u nas svoj slied, svoj uplyū, prosta nie isnavala pobač...Tak, viadoma, handl išoū dalioka na ūschod, i archeolahi heta stala pacviardžajuc, alie cyvilizacyjny ūplyū pry hetym adsutničaū.

    Toje samaje tyčycca i tahačasnych(!) uschodnich terytoryjaū, Vialiki Noūharad, Pskoū, Cvier... Adnak ich pahlynula i nazaūždy, "pierafarmatavala" arda, pieraūtvaryūšy ū antahanistaū zachodniej cyvilizacyi, što apošnim časam zrabilasia asabliva bačna i prajavilasia napoūnicu, kab nia miec sumnievaū...

    Historyja i čas skinuli ūvies kamufliaž, usie maski, i vos majem nazirac holuju naturu ardy, jakoj jana zaūždy byla i josc...

Цяпер чытаюць

Мінск, Варшава, Вільня — параўноўваем, дзе прасцей купіць кватэру чалавеку з сярэдняй зарплатай1

Мінск, Варшава, Вільня — параўноўваем, дзе прасцей купіць кватэру чалавеку з сярэдняй зарплатай

Усе навіны →
Усе навіны

Фермеру і музыканту з Мінска далі тры гады калоніі за тое, што пісаў у Гаюн1

Атака Расіі на Кіеў: зноў зніклі цяпло і вада2

Украінскага белага тыгра эвакуююць ад вайны ў Вялікабрытанію. Зараз ён чакае пераноску адпаведнага памеру

Ці шкодна адкладаць будзільнік?

У Грэцыі прапануюць перанакіраваць рэкі для забеспячэння Афін вадой

Трамп заявіў, што ў Афганістане саюзнікі па НАТА адседжваліся ў тыле. Ветэраны ў Еўропе страшэнна абураныя16

Павышаюць тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі

З'явілася ВІДЭА, як французскія вайскоўцы бяруць на абардаж танкер расійскага ценявога флоту2

Апытанне: больш за палову еўрапейцаў лічаць Трампа «ворагам Еўропы»23

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінск, Варшава, Вільня — параўноўваем, дзе прасцей купіць кватэру чалавеку з сярэдняй зарплатай1

Мінск, Варшава, Вільня — параўноўваем, дзе прасцей купіць кватэру чалавеку з сярэдняй зарплатай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць