Адна з самых загружаных транспартных артэрый Мінска — Партызанскі праспект. Тут сутыкаюцца інтарэсы дзясяткаў тысяч аўтамабілістаў і пасажыраў грамадскага транспарту. Для таго, каб выезд са сталіцы (у раёне станцыі метро «Магілёўская» і ГЦ «Мома») стаў больш камфортным, горадабудаўнікі задумалі шэраг пераўтварэнняў. Тут хочуць пабудаваць аўтавакзал з грамадска-гандлёвым комплексам і стварыць больш прыязнае асяроддзе для пешаходаў і веласіпедыстаў. Акрамя таго, побач з праспектам вырасце яшчэ адзін завод. У адміністрацыі Заводскага раёна хутка пачнецца абмеркаванне праекта, піша Realt.by.

Адміністрацыя Заводскага раёна Мінска праводзіць грамадскае абмеркаванне горадабудаўнічага праекта дэталёвага планавання зоны грамадскай шматфункцыянальнай забудовы ў раёне Партызанскага праспекта і МКАД. Гаворка ідзе пра тэрыторыю плошчай 37 гектараў.

Праектаваная тэрыторыя прымыкае адразу да дзвюх буйных магістраляў — гэта ўласна Партызанскі праспект і МКАД. Гэта вельмі загружаны ўчастак. Штодня менавіта праз гэтыя «вароты» ў горад уязджае да 60 тысяч аўтамабіляў. Акрамя таго, тут знаходзіцца канцавая станцыя чырвонай лініі метро — «Магілёўская», якой карыстаюцца жыхары Ангарскай, Шабаноў, Соснаў і ўсяго паўднёва-ўсходняга прыгарада сталіцы.
Пры гэтым на самім праектаваным участку жылых дамоў няма, тут прадстаўленая толькі вулічна-дарожная сетка (яна займае 34%), грамадская і вытворчая забудова. Сярод буйных аб'ектаў — ГЦ «Мома», Палац дзяцей і моладзі «Золак», некалькі адміністрацыйных будынкаў, пратэстанцкая царква Вефіль, дзве АЗС і аўтамыйка.

Што плануецца зрабіць?
Для стварэння запамінальнага архітэктурнага аблічча забудовы ў галаўной частцы Партызанскага праспекта і больш эфектыўнага выкарыстання тэрыторыі праектам прапануюцца наступныя пераўтварэнні.
Так, на месцы аўтастанцыі «Аўтазаводская» і часткі аўтазапраўкі «Беларуснафта» горадабудаўнікі хочуць узвесці адміністрацыйна-гандлёвы комплекс з аўтавакзалам і перахопліваючай аўтастаянкай (на плане — № 11).

Адзначаецца, што новы шматфункцыянальны грамадскі цэнтр неабходны для камфортнага абслугоўвання транзітнага пасажырскага патоку. Таксама тут будуць створаныя больш прыязныя ўмовы для пешаходаў і раварыстаў. У калідорах наяўных вуліц з'явіцца роварная і пешаходная інфраструктура, якой не хапала, а прыпынкі грамадскага транспарту і транспартна-перасадачныя вузлы для зручнасці гараджан будуць размяшчацца на адлегласці не больш за 200 метраў адзін ад аднаго.
Акрамя таго, праекціроўшчыкі маюць намер больш эфектыўна выкарыстоўваць пустыя тэрыторыі ў раёне вуліцы Сацыялістычнай — побач з наяўнымі заводамі МАЗ і МЗКТ. Тут зарэзервуюць участак пад будаўніцтва новага вытворчага прадпрыемства з базавай санітарна-ахоўнай зонай да 50 метраў (на плане — № 10). Тут жа ў будучыні пройдзе новая вуліца мясцовага значэння — Праектаваная № 1.

Матэрыялы праекта ўжо выкладзеныя на сайце адміністрацыі Заводскага раёна. Грамадскае абмеркаванне праекта будзе праходзіць з 2 па 16 лютага.
Заўвагі і прапановы з пазнакай «грамадскае абмеркаванне» прымаюцца ў тэрміны правядзення абмеркавання па адрасе: 220026, Мінск, вул. Жылуновіча, 17, або па электроннай пошце: [email protected]. Вынікі падвядуць на пасяджэнні архітэктурна-горадабудаўнічай Рады пры галоўным архітэктары горада Мінска.
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары