Гродзенскі фатограф прадаваў фотасесіі, але не рабіў іх, а прайграваў усе грошы ў анлайн-казіно. Ён расказаў, як усё адбывалася
Ігар Трыкіша спрабаваў абмежаваць сябе: прасіў банкі блакаваць аплаты, звяртаўся ў падтрымку сэрвісаў анлайн-казіно, каб яго там блакавалі, але ўрэшце зрываўся і знаходзіў спосабы гуляць далей.

У студзені шырока разышлася навіна: 27‑гадовы жыхар Гродна прадаў абанементы на фотасесіі і атрымаў перадаплату ад дзяўчат з розных гарадоў Беларусі. Здымкі яны не атрымалі, а грошы, як высветлілася пазней, пайшлі на стаўкі ў анлайн-казіно. Паводле матэрыялаў следства, гаворка пра 17 дзяўчат і суму каля 3500 рублёў. Суд прызнаў хлопца вінаватым у махлярстве і прызначыў яму два гады хатняй хіміі.
У каментарыях пад гэтай навіной пазней пісалі і самі пацярпелыя: некаторыя сцвярджалі, што заявы ў міліцыю падалі не ўсе, а пацярпелых можа быць больш.
Цяпер жа сам фатограф, Ігар Трыкіша, апублікаваў у сацсетках сваю версію гісторыі — пра залежнасць ад азартных гульняў, страх і спробу вярнуцца да нармальнага жыцця.
«Я той самы фатограф»
Сваю гісторыю ён пачаў з прызнання.
«Я той самы фатограф, пра якога пісалі. Гэтая гісторыя — каб іншыя не паўтарылі маіх памылак», — напісаў ён у трэдсе.
Паводле яго слоў, усё пачалося ў 2022 годзе.
«Першая мая гульня была на 5 рублёў, тады нічога не выйграў. Адклаў на месяц. Пасля ад мяне сышла дзяўчына, ад суму, каб прабавіць час, палез у [латарэю] Белбет», — распавядае Ігар.
Першыя стаўкі былі невялікія, потым — выйгрыш, які «стварыў ілюзію, што ўсё можна кантраляваць».
«Пачало шанцаваць, за некалькі гадзін мой баланс стаў 2000 рублёў. Гэта стала пераломным момантам: я стаў закладнікам ілжывага ўяўлення і веры, што так будзе заўсёды», — апісвае ён.
Ігар пачаў гуляць значна часцей, але пазней выйгрышы змяніліся пройгрышамі. Ён стаў браць пазыкі і спрабаваць адбіць страты.
Паводле яго слоў, залежнасць трымалася на эмацыйных арэлях: кароткія ўсплёскі выйгрышу і доўгія пройгрышы.
«Здавалася, што паўтарыцца сітуацыя, як у першы раз. Пачаў улазіць у першыя пазыкі, каб проста жыць, тады я не працаваў. Мне здавалася, што можна перыядычна выйграваць і не хадзіць на працу», — кажа хлопец.
«Мне пазычылі 1500 рублёў. 800 рублёў аддаў доўгу, астатняе — прайграў»
Ігар прызнаецца: ён заўсёды быў эмацыйным і ўразлівым, баяўся крытыкі і няўдач.
«З-за нізкай самаацэнкі было складана працаваць. Любая крытыка ўспрымалася як боль. У 2021 годзе, як сышоў з працы, мне было вельмі страшна кудысьці ўладкоўвацца. Здавалася, што я не такі, як усе, я горшы за ўсіх і мяне будуць асуджаць. Крытыкі я баяўся больш за магчымасць застацца без працы на вуліцы», — піша ён.
У нейкі момант, паводле яго версіі, гульня стала спосабам уцячы ад стрэсу.
«Я гуляў і гуляў. Але на сумы 100‑200 рублёў. Так было да канца 2022 года», — згадвае Ігар.
У верасні 2022 года яго сябра (яшчэ на той момант) пачаў патрабаваць вярнуць пазыку, пагражаў звярнуцца ў суд. Хлопец прызнае: замест таго, каб уладкавацца на працу, ён пачаў пазычаць у іншых людзей, каб вярнуць доўг сябру.
«Маё ныццё дапамагло сабраць грошы. Мне пазычылі 1500 рублёў. 800 рублёў аддаў доўгу, астатняе — прайграў», — распавядае Ігар.
Менавіта тады ў яго з’явілася ідэя гуляць па буйных стаўках. Калі хлопец усё прайграў — здарыўся першы нервовы зрыў, ён пачаў сам сябе біць і драпаць, каб выйсці з гэтага стану.
Залежнасць паступова мацнела. Паводле яго словаў, асэнсаванне праблемы прыйшло ў пачатку 2023 года. Ён спрабаваў спыніцца, уладкаваўся на працу, але як толькі на картцы з’яўляліся грошы — зноў ішоў гуляць і ўсё прайграваў. Калі прайгрываў, здаралася паніка.
«Я зрываўся на калегах. Даводзіў родных да слёз», — апісвае Ігар.
Ён спрабаваў абмежаваць сябе: прасіў банкі блакаваць аплаты, звяртаўся ў падтрымку сэрвісаў анлайн-казіно, каб яго там блакавалі, але працягваў зрывацца і знаходзіў спосабы гуляць далей.
У 2023 годзе, паводле яго слоў, даўгі выраслі, а асноўная праца і падпрацоўка фатографам ужо не пакрывала страты. Тады з’явілася ідэя прадаваць абанементы на фотасесіі загадзя — каб хутка атрымаць грошы і закрыць даўгі.
«Думаў, што ўсё аддам»
Ігар сцвярджае: першапачаткова ён разлічваў сапраўды адпрацаваць фотасесіі і аддаць даўгі. Ён склаў недарагія пакеты паслуг і пачаў прадаваць іх у розных гарадах, у асноўным у Брэсце і Мінску. Да вясны 2024 года ён перастаў гуляць, але аднойчы яму на картку прыйшло 350 рублёў за фотасесію, і ён сарваўся.
«Я верыў: зараз выйграю, вярну ўсё і буду жыць нармальна. Але прайграваў», — распавядае ён.
Усе грошы зноў ішлі ў казіно. Здымкі пераносіліся, адмены назапашваліся. Людзі пачалі патрабаваць вяртання сродкаў. Ігар шукаў новых кліентаў, зноў пазычаў, скардзіўся на жыццё і прасіў дапамогі ў сацсетках, штосьці яшчэ фатаграфаваў — але, па яго словах, гэта было нявыгадна.
Сам Ігар прызнае: у нейкі момант ён ужо не мог спыніцца.
«Я разумеў, што не вяртаю грошы, і баяўся заяў у міліцыю. Але тады ўжо не быў здольны адказваць за ўсё рацыянальна. Я гуляў суткамі, мог не есці і не піць. Рукі пастаянна былі забінтаваныя ад шрамаў, якія я сабе наносіў падчас нервовых зрываў», — піша ён.
На адзін месяц ён здолеў прыпыніцца, але пасля сваркі з дзяўчынай яго зноў пацягнула да гульняў. Ён працягваў прадаваць абанементы і ўсе грошы ўмомант прайграваў.
Затрыманне
Вясной 2025 года да яго прыйшлі супрацоўнікі міліцыі.
«Сэрца ў пяткі. Я думаў, што мяне будуць судзіць за нявыплату грошай», — згадвае ён.
Пасля затрымання, паводле яго слоў, дома адбылася сцэна, якую ён называе пераломнай: Ігар упаў на падлогу, плакаў і не мог гаварыць, у гэты момант маці абняла яго і сказала, што ўсё будзе добра.
«У той момант я ўпершыню адчуў сябе патрэбным», — піша ён.
На судзе Ігар прызнаў віну. Абвінавачанне было па артыкуле аб заведама невыкананай паслузе. Суд прызначыў два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову — хатнюю хімію.
Пасля гэтага Ігар звярнуўся да псіхатэрапіі, пачаў прымаць лекі і спрабаваць аднаўляць жыццё. Ён кажа, што з вясны 2025 года не гуляе і спрабуе працаваць — уладкаваўся на завод, дзе працаваў па 12 гадзін і слухаў аўдыякнігі, пачаў хадзіць у спартовую залу. Цяпер уладкоўваецца на новую працу.
«Заробак не пакрые ўсе даўгі. Іх шмат. Але я хачу аддаць усё, што змагу», — піша ён.
У канцы сваёй гісторыі Ігар дадае:
«Я не апраўдваю сябе. Чалавек павінен сам усвядоміць праблему. Проста хачу, каб з маёй гісторыі нехта зрабіў высновы».
Што пішуць у каментарах
Пад гісторыяй Ігара Трыкішы ў Threads разгарнулася вялікая дыскусія. Каментатары падзяліліся на некалькі лагераў: ад жорсткай крытыкі да асцярожнай падтрымкі.
Найбольш гучна гучаць галасы людзей, якія называюць яго прызнанне не раскаяннем, а спробай выклікаць спачуванне.
Некаторыя каментатары пішуць, што ў тэксце больш увагі нададзена яго пакутам, чым шкодзе, нанесенай іншым. Яму нагадваюць пра адказнасць і адзначаюць, што «ў рэмісіі не збіраюць грошы, а нясуць адказнасць».
Ёсць і каментары ад людзей, якія сцвярджаюць, што самі апынуліся сярод пацярпелых: яны пішуць, што не атрымалі аплачаныя фотасесіі і чакаюць вяртання сродкаў.
«Я таксама так і не змагла рэалізаваць свой абанемент. Вельмі хочацца атрымаць свае грошы назад».
Іншая каментатарка адзначае:
«Была толькі адна фотасесія. А потым падман і адгаворкі. А што па вяртанні грошай за нерэалізаваны абанемент?»
Некаторыя задаюць канкрэтныя пытанні — ці вядзецца ўлік даўгоў, калі і ў якім парадку будуць вяртаць грошы.
Адначасова з крытыкай з’явіліся і словы падтрымкі. Некаторыя дзякуюць за адкрытасць, называюць прызнанне важным і пішуць, што такія гісторыі могуць дапамагчы іншым людзям з залежнасцю.
Сам Ігар у адказах на каментары піша, што вядзе ўлік даўгоў і спрабуе вяртаць грошы па магчымасці. Ён таксама адзначае, што разумее крытыку і не разлічвае на хуткае прабачэнне.
Каментары