У сацсетках жыхары Магілёўшчыны прыгадалі слоўцы, якія не разумеюць у астатняй Беларусі. «Наша Ніва» разабралася, які след пакінула мова мясцовых яўрэяў і чаму звычайная бабруйская сметніца — гэта сапраўдная лінгвістычная загадка.

Відэаролік у інстаграм-акаўнце zatestilmogilev, у якім прыгадалі некалькі адметных мясцовых бытавых слоўцаў, выклікаў актыўнае абмеркаванне ў каментарах.
Блогер Дзяніс Блішч назваў гэтую лексіку «суперлакальнымі вясковымі словамі», аднак сотні каментатараў пад відэа пацвердзілі, што гэтая лексіка ім добра знаёмая і застаецца ў жывым гарадскім маўленні.
Салодкая таямніца магілёўскіх лахардзікаў
Самым пазнавальным магілёўскім слоўцам стала слова лахардзікі, хоць у каментарах спрачаліся пра тое, дзе ўсё ж правільна ставіць націск. У слоўніках яно прыведзена з націскам на другі склад — лаха́рдзік.
Лахардзікі літаральна азначаюць любыя ласункі, напрыклад, прысмакі да чаю.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы называе гэтае слова германізмам, пашыраным, відаць, праз мову ідыш. Параўнайце яго з нямецкімі lecker ’апетытны, смачны’ і Leckerhaftigkeit ’цяга да пачастункаў’.
Магілёў да Другой сусветнай вайны быў адным з найважнейшых асяродкаў яўрэйства на Беларусі, у пэўнай ступені захоўвае гэты статус нароўні з Бабруйскам дагэтуль. Таму такія запазычанні з яўрэйскай мовы ў беларускую выглядаюць цалкам лагічнымі.
Зрэшты, спрэчка пра націск з'явілася не на пустым месцы, бо ў суседнім з абласным цэнтрам Бялыніцкім раёне слова, якое азначае ’пачастунак’, мае форму ла́хырдзік.
Ад яго ўтворана цэлае гняздо слоў з тым жа коранем і націцкам: ла́хырдзіцца ’ласавацца’, ла́хырдна ’прыемна, смачна’, ла́хырднік ’ласун’, ла́хырдніца ’ласуха’, ла́хырдны ’смачны’.
Цяпер гэтае слова стала маркерам для жыхароў Магілёўшчыны, які дазваляе пазнаць сваіх, бо астатнія беларусы часта нават не здагадваюцца, пра што ідзе гаворка.
Бабруйская балазка

Калі лахардзікі яднаюць рэгіён вакол Магілёва, то балазка застаецца абсалютна эксклюзіўным маркерам Бабруйска. Адначасова гэтае слова — лінгвістычная загадка. У Бабруйску балазкай называюць сметніцу або вядро для памыяў, і нідзе больш у Беларусі гэтае слова не зразумеюць.
У акадэмічных слоўніках гэтага слова няма, а яго этымалогія выглядае парадаксальна. Стараслявянскае благъ узыходзіла да праславянскага bolgъ, якое мела значэнні 'добры'.
Такое значэнне перадалася беларускаму слову балазе́, якое генетычна ўзыходзіць да праславянскай асновы і па значэнні адпавядае словазлучэнням «добра што», «добра якраз» і «добра, што хоць»: «Балазе, на асноўнай працы жанчына працуе тры дні праз тры, такі графік яе цалкам задавальняе».
Але, з іншага боку, ёсць і беларускае слова благі́, якім абазначаюць усё дрэннае, худое, беднае і слабое — то-бок антанімічныя значэнні. І яно таксама ўзыходзіць да таго ж стараславянскага благъ, але тут, як тлумачаць мовазнаўцы, адмоўнае значэнне развілося як вынік табуістычнага словаўжывання.
Ці магло ад слова благі ўтварыцца бабруйскае слоўца балазка, або яго карані, як і магілёўскіх лахардзікаў, варта шукаць недзе ў ідышы, навука пакуль не дае адказу, увогуле не заўважаючы гэтага слова.
Магілёўскі батнік

Яшчэ адно магілёўскае слоўца, якое не трапіла ні ў якія беларускія слоўнікі, — гэта ба́тнік. Згодна з Вялікім тлумачальным слоўнікам рускай мовы, слова ўтваралася ад англійскага button 'гузік, кнопка' і ім называюць прыталеную кашулю ці кофту з адкладным каўняром і зашпількай на планцы (звычайна на кнопках).
Але ў Магілёве так называюць кофту, якая ў астатняй Беларусі вядомая як байка, а за яе межамі — як худзі ці талстоўка. Статыстыка продажаў на беларускіх інтэрнэт-пляцоўках пацвярджае гэтую анамалію: абсалютная большасць аб’яў з такой назвай паходзіць менавіта з Магілёўскай вобласці.
Слова шырока вядомае ў Расіі і Украіне, але там яно можа азначаць нават лёгкае пола.
Тое ж, што і на Смаленшчыне
Многія магілёўскія слоўцы, напрыклад палёгаць, якое ў відэа тлумачаць як спробу ўзважыць штосьці рукой, аднолькава добра знаёмыя і магілёўцам, і смаленчукам. Мяжа паміж двума рэгіёнамі з'явілася штучна, адрэзаўшы беларускія гаворкі ад асноўнага масіву і ператварыўшы іх у «дыялект рускай мовы» — пра мясцовы слоўнік беларускай лексікі, якая з'яўляецца прамым працягам беларускіх гаворак на Віцебшчыне і Магілёўшчыне, мы пісалі ў нядаўнім артыкуле.
Іншыя моўныя цікавосткі
Сярод незвычайных рэгіяналізмаў можна адзначыць імя Халімон як іранічны зварот да неразумнага або няўклюднага чалавека: «Ну ты і Халімон!» — кажуць на Магілёўшчыне.
«Халімонам» называецца беларускі народны танец-гульня, які быў папулярны на Мсціслаўшчыне яшчэ стагоддзе таму. Гэта была калядная забава, дзе саліст у цэнтры круга ілюстраваў песняю розныя камічныя сітуацыі.
Вобраз Халімона — трохі недарэчнага, але часам удачлівага персанажа — застаўся і ў прымаўках кшталту «і Халімон танцуе, калі яму шанцуе».
Па-свойму гуляюць і ў вядомую гульню «Камень, нажніцы, папера»: пакуль сталіца і іншыя рэгіёны карыстаюцца «у-е-фа», для жыхара Магілёўшчыны звыклым варыянтам з'яўляецца «чы-гу-ны».
Усе гэтыя рэгіянальныя слоўцы, як падузорнік — карункавая паласа, якую прышывалі да прасціны, каб закрыць жалезную аснову ложка збоку, або цяперсі, якое азначае зусім не ’цяпер’, а наадварот — ’даўно’, захоўваюць культурную разнастайнасць Беларусі, але і яна знікае пад націскам русіфікацыі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары