Пустая магіла ў сталіцы Замбіі Лусацы ўспрымаецца як вельмі кепскі знак.

Экс-прэзідэнт Замбіі Эдгар Лунгу памёр 5 чэрвеня 2025 года ва ўзросце 68 гадоў у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, дзе праходзіў лячэнне ад ускладненняў пасля аперацыі на страваводзе. Аднак яго дагэтуль не пахавалі. У сталіцы Замбіі Лусацы стаіць пустая магіла — сям’я катэгарычна адмаўляецца аддаваць цела для дзяржаўнага пахавання, якое арганізуе цяперашні прэзідэнт Хакаіндэ Хічылема, піша Associated Press.
Як паведамляецца, у свае апошнія дні Лунгу пакінуў сваякам выразны наказ: яго даўні палітычны супернік Хічылема, ніколі не павінен набліжацца да яго парэшткаў, нават каб выказаць спачуванні.
Юрыдычная вайна
Спачатку сям’я нябожчыка спрабавала арганізаваць усё самастойна: яны хацелі перавезці цела прыватным чартарным рэйсам і настойвалі на тым, каб пакінуць яго на ноч у прыватнай рэзідэнцыі. Сваякі нават вызначылі трох чалавек, якія павінны былі даглядаць цела падчас дзяржаўнай цырымоніі, якая ў выніку так і не адбылася.
Калі перамовы з урадам зайшлі ў тупік, сям'я вырашыла правесці прыватнае пахаванне ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. Аднак улады Замбіі заблакіравалі гэтую цырымонію літаральна ў апошні момант, пасля чаго спрэчка канчаткова перамясцілася ў судовую плоскасць.
У жніўні суд Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі стаў на бок афіцыйнай Лусакі, пастанавіўшы, што ўлады маюць права забраць цела на радзіму для пахавання.
Падчас абвяшчэння рашэння сястра Лунгу Берта не магла стрымаць эмоцый: у зале суда яна галасіла і праклінала генеральнага пракурора Замбіі, сцвярджаючы, што прэзідэнт Хічылема хоча завалодаць целам дзеля рытуальных мэтаў.
Духоўная бітва
Як адзначае AP, за гэтым канфліктам стаіць нешта значна большае, чым звычайная палітыка. У Замбіі, дзе хрысціянства шчыльна пераплятаецца з глыбокімі традыцыйнымі вераваннямі, многія разглядаюць сітуацыю як сапраўдную «духоўную бітву».
Паводле слоў мясцовых рэлігійных лідараў, незапоўненая магіла ў Лусацы ўспрымаецца як вельмі кепскі знак. Наглядчык могілак, з якімі паразмаўлялі журналісты, даводзіць: «Калі туды ніхто не ляжа, то, паводле нашых культурных перакананняў, гэта азначае, што туды ляжа ваша ўласнае цела», намякаючы на пагрозу для жыцця таго, хто гэтую яму падрыхтаваў.

Эксперты па афрыканскім багаслоўі адзначаюць: перадсмяротныя словы старэйшын лічацца магутнай «жыццёвай сілай», якая здольная альбо ўзмацніць жыццё, альбо заблакаваць поспех ворагаў. У некаторых сем’ях нярэдка забараняюць ворагам прысутнічаць на пахаванні, вінавацячы іх у няшчасцях.
У краіне існуе ўстойлівае ўяўленне, што палітычныя лідары — як і многія іх суайчыннікі — асцерагаюцца стаць ахвярамі чарадзейства. У выпадку трох апошніх прэзідэнтаў — Майкла Саты, Лунгу і Хічылемы — падобныя падазрэнні былі паўсюднымі.
Больш за тое, многія лічаць, што афіцыйная прэзідэнцкая рэзідэнцыя знаходзіцца пад смяротным заклёнам, паколькі ўсе шэсць былых прэзідэнтаў ужо памерлі. Хічылема працуе там, але, паводле мясцовых, начуе ў іншым месцы.
Гісторыя містычных страхаў цягнецца даўно. Майкл Сата, які кіраваў краінай з 2011 па 2014 год, баяўся, што Хічылема (тады апазіцыянер) пераследуе яго магічным чынам, хаця сам сцвярджаў, што чары з яго ўласнага рэгіёна мацнейшыя. У мінулым годзе ўлады Замбіі нават асудзілі двух мужчын за змову з мэтай забойства прэзідэнта пры дапамозе магіі. У гэтым кантэксце сям’я Лунгу дэманструе поўны недавер да Хічылемы.
Сам Хічылема, які рыхтуецца да перавыбараў у жніўні, адмаўляе любыя абвінавачванні ў злым намеры. Ён падкрэслівае, што яго хрысціянская вера забараняе верыць у традыцыйную магію.
У той жа час некаторыя прыхільнікі Хічылемы бачаць у апошняй волі Лунгу спробу накласці праклён на палітычнага суперніка. Яны сцвярджаюць, што Хічылема, нават нягледзячы на гэта, гатовы прадэманстраваць велікадушнасць, узяўшы ўдзел у дзяржаўным пахаванні.
Гісторыя палітычнай помсты
Шлях Эдгара Лунгу да ўлады пачаўся ў 2014 годзе пасля смерці прэзідэнта Майкла Саты. Паколькі віцэ-прэзідэнт Гай Скот не меў права балатавацца, менавіта Лунгу быў абраны ў 2015 годзе, каб завяршыць прэзідэнцкі тэрмін. Яго галоўным сапернікам стаў заможны бізнэсмен Хакаіндэ Хічылема. Гэта была надзвычай напружаная гонка, у якой Лунгу вырваў перамогу з перавагай менш чым у 28 тысяч галасоў.

Пасля пераабрання Лунгу ў 2016 годзе Хічылему абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе і на чатыры месяцы кінулі за краты. Фармальнай падставай стала тое, што ён нібыта не саступіў дарогу прэзідэнцкаму картэжу.
Праз пяць гадоў сітуацыя кардынальна змянілася: Хічылема перамог на выбарах, а Лунгу заявіў пра сыход з палітыкі. Аднак у 2023 годзе экс-прэзідэнт змяніў сваё рашэнне, пасля чаго ўлады неадкладна пазбавілі яго пенсійных ільгот. Ціск узмацніўся ў 2024 годзе, калі жонку і дачку Лунгу арыштавалі па падазрэнні ў махлярстве з нерухомасцю.
Калі былы прэзідэнт цяжка захварэў, яму стала складана нават пакінуць краіну з-за ўрадавых абмежаванняў на паездкі. У пачатку 2025 года яму ўдалося літаральна выслізнуць у Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку, проста купіўшы білет ля стойкі ў аэрапорце. Гэты інцыдэнт быў расцэнены ўладамі як пралік службы бяспекі, што каштавала пасады менеджару аэрапорта.
Цяпер, нават пасля смерці, Эдгар Лунгу працягвае ўплываць на палітыку Замбіі, якая лічыцца адной з самых стабільных і жывых дэмакратый на кантыненце. Тым не менш, нават у такім сучасным дэмакратычным грамадстве існуе ўстойлівае ўяўленне, што палітычныя лідары — як і многія іх суайчыннікі — жывуць у пастаянным страху быць сурочанымі.
Каментары
Праз пяць гадоў сітуацыя кардынальна змянілася: Хічылема перамог на выбарах, а Лунгу заявіў пра сыход з палітыкі. Аднак у 2023 годзе экс-прэзідэнт змяніў сваё рашэнне, пасля чаго ўлады неадкладна пазбавілі яго пенсійных ільгот".
Гэта сапраўды самая стабільная і жывая дэмакратыя на кантыненце?
А! "Стабільная" ж! Зразумела... У нашага аднаго таксама такая ж стабільная дэмакратыя.