«Прабачце мне, даследчыкі, за ўсё». Фёдар Паўлючэнка адказаў Уладзіславу Чаховічу
Фёдар Паўлючэнка і Аляксандр Атрошчанкаў, вядучыя ток-шоу «Саша, што ты нясеш», абурыліся пазіцыяй даследчыкаў, якія крытыкавалі акцыю «Кіберпартызанаў» па ўзломе сайта Нацбібліятэкі. Архітэктар Уладзіслаў Чаховіч за гэта іх высцебаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку, што Фёдар Паўлючэнка, у сваю чаргу, таксама не пакінуў без увагі.

Фёдар Паўлючэнка аргументуе свой падыход:
«Складана было не правесці аналогіі з актывістамі, якія ў Мінску пісалі на сценах палітычныя графіці, а неабыякавыя жыхары абвінавачвалі іх у вандалізме. Для сябе гэтую складаную маральную дылему я вырашыў даўно — у краіне, дзе забіваюць палітычных апанентаў, сцены могуць і пацярпець. Пра гэта мы і паразважалі ў эфіры.
Мне ўвогуле вельмі няблізкая логіка, паводле якой рэпрэсіі ў Беларусі адбываюцца таму, што Калеснікава прапаноўвала «дзяўбці», а Ціханоўская наважылася пайсці на выбары замест свайго мужа. Не падабаецца мне і лозунг «Не злаваць дзеда».
Калі мяне ў пачатку 2000‑х «выпільвалі» з аспірантуры з-за таго, што я працаваў у «Хартыі’97», калегі з кафедры казалі мне: «Ну ты ж усё разумееш». А адзін нават напісаў данос. Не разумеў гэтага я тады, не разумею і цяпер. Дарэчы, так мая кар’ера даследчыка і скончылася.
Давайце паўтару гэты нескладаны тэзіс яшчэ раз і вельмі спадзяюся, што адукаваныя разважлівыя людзі мяне зразумеюць: каталог адключыў і сайт Нацбібліятэкі закрыў Гігін і кампанія, а не «Кіберпартызаны».
Калі Чаховічу і Бесарабу [навуковец-хімік Сяргей Бесараб, які ў каментарах да паста Чаховіча назваў разважанні Фёдара Паўлючэнкі «дзікунствам» — Рэд.] зручна вымесціць крыўду і злосць на мне або «Кіберпартызанах», я зразумею, але не прыніжайце сябе вычварнай логікай, спрабуючы абвінаваціць мяне ў сваіх праблемах.
Гэты блок я пішу для тых, хто прачытаў пост Чаховіча. Спадар Чаховіч схлусіў.
- Я не ўжываў слова «даследчык», каб прынізіць беларускамоўных. Базавы тэкст, які быў у мяне перад вачыма падчас эфіру, быў напісаны па-беларуску, і я не змог адразу ўспомніць рускі адпаведнік.
- Адзіны дзяржрэгістр юрыдычных асоб і ІП, расклады судоў, судовыя рашэнні на Pravo.by і многія іншыя карысныя сэрвісы недаступныя з-за мяжы, але мне хапае розуму і сумлення не вінаваціць у гэтым Украіну і «Кіберпартызанаў». Многія дзяржаўныя сайты закрыліся пасля пачатку вайны з-за атак украінскіх хакераў.
- Я з вялікай павагай стаўлюся да людзей навукі. Прабачце мне, даследчыкі, за ўсё, калі хтосьці з вас прыняў нашыя разважанні на свой рахунак. Мне не падабаюцца толькі дурні. Менавіта ім былі адрасаваныя нашы непаліткарэктныя словы».
«Беларуская навука — выпаленая пустка, дзе адзіночкі спрабуюць стварыць нармальны свет для такіх, як вы». Чаховіч палемізуе з Паўлючэнкам
«Кіберпартызанаў» крытыкуюць за ўзлом сайта Нацбібліятэкі — бо цяпер не працуе каталог. Тыя адказалі
Пабывалі на прэм’еры «Купалаўцаў» пра даносчыкаў. Інтэлігенты ў гэтым спектаклі выклічуць у вас агіду
Каментары
паказальна таксама пазіцыя бесараба які ў сваім чаціку лічыць толькі расейскую і англійскую мовамі зносін
са словамі паўлючэнкі цалкам згодны
Я нават зірнуў на ютуб. Даслоўна: "Даследчыкі - исследователи всякие". Слова ён забыўся, ну. Ганьба.
Ад таго, што гігін "узначальвае" бібліятэку, яна не робіцца ягонай уласнасцю.
Сп. Паўлючэнку магу толькі сказаць (як чалавек навукі): адбываецца відавочная канвергенцыя паміж палюсамі, толькі дыскурсы розныя. Калі ўключыць гук асобных фрагментаў згаданага "аўтарскага праекту" і "аўтарскіх праектаў" азаронкаў, розніцы хутка не заўважыш. Прапаганда і контрПрапаганда. Ад прыстаўкі сутнасць не мяняецца.