«Першы час на волі мяне вельмі здзіўлялі сабакі». Акіхіра Гаеўскі-Ханада пра адаптацыю пасля зняволення
25‑гадовы Акіхіра Гаеўскі-Ханада правёў у зняволенні амаль пяць гадоў. Хлопца асудзілі па справе «Рэвалюцыйнага дзеяння» да 16 гадоў пазбаўлення волі. 21 чэрвеня 2025 года Акіхіра стаў адным з першых палітвязняў, якія выйшлі на волю ў выніку перамоў амерыканскага боку і Лукашэнкі. Яго адразу выдварылі ў Літву. На момант вызвалення яму заставалася яшчэ 10 гадоў пакарання. На дзясятым месяцы жыцця ў эміграцыі Акіхіра распавёў «Вясне» пра шлях легалізацыі з японскім пашпартам і пра тое, што асабліва дапамагае адаптавацца на волі.

«За кратамі паставіў мэту — захаваць ментальнае здароўе»
Адаптацыя пасля працяглага тэрміну аказалася больш доўгім працэсам, чым уяўлялася ў першыя дні волі, распавядае былы палітзняволены:
«Зараз у мяне дзевяць месяцаў пасля вызвалення. Я думаў, што ўсё зраблю за чатыры месяцы. Але, нягледзячы на тое, што я ўвесь час штосьці рабіў, у мяне да гэтага часу не атрымалася вырашыць некаторыя пытанні. Усё адно ты не можаш будаваць планы на доўгі час, а толькі вырашаць кароткатэрміновыя пытанні.
Але агулам адаптацыя ў мяне праходзіць нармальна — можа, гэта таму, што я яшчэ малады. Добра паўплывала тое, што ў Вільні шмат знаёмых, а таксама тое, што адразу дапамаглі з медыцынай. Сам бы я не ведаю, калі б дайшоў да медыцынскага абследавання і заняўся лячэннем».
Гады ў зняволенні не прайшлі бясследна для фізічнага стану. Як кажа Акіхіра, асабліва пацярпеў зрок праз дрэннае асвятленне і абмежаваную прастору.
«Цяпер я спрабую аднаўляцца ў плане здароўя. Адчуваю, што да зняволення я фізічна быў мацнейшы. За гэты час у мяне вельмі сеў зрок — упаў з мінус двух да мінус чатырох. Асабліва на гэта паўплывалі памяшканне камернага тыпу (ПКТ) і турэмны рэжым, бо там дрэннае асвятленне і даводзілася ўвесь час напружваць вочы. Не было магчымасці папросту паглядзець удалячынь. Таксама не хапала вітамінаў.
За кратамі я паставіў сабе галоўную мэту — захаваць ментальнае здароўе. І гэта мне збольшага ўдалося. Там штодня быў стрэс, але трэба было знаходзіць тое, за што варта трымацца. Так мне атрымалася захаваць свой псіхалагічны стан».
«Пакуль не атрымаеш гэтыя 11 лічбаў, ты непаўнавартасны чалавек у дзяржаве»
Беларускі пашпарт пры выдварэнні Акіхіру вярнулі, але ў хуткім часе ў яго скончыўся тэрмін дзеяння. Таму ён легалізуецца па другім пашпарце — японскім. Але, нягледзячы на гэта, былы палітвязень сутыкнуўся з тымі ж праблемамі, што і іншыя беларусы: без ВНЖ жыццё ў эміграцыі практычна заблакаванае.
«На мой погляд, сітуацыя ў мяне лепшая, чым шмат у каго з беларусаў. У мяне ёсць японскае грамадзянства, таму мне крыху прасцей з легалізацыяй. Але ўсё адно чакаў шэсць месяцаў пасля вызвалення, каб атрымаць від на жыхарства. А без гэтага статусу я не мог уладкавацца на працу і адкрыць банкаўскі рахунак.
Першапачатковая дапамога ад арганізацый разлічана на некалькі месяцаў, але за гэты час не атрымліваецца легалізавацца. Добра, калі дапамагае сям'я. У першыя месяцы на волі забяспечаны падтрымкай, а потым як? Як хутка дадуць дакументы? Як хутка знайсці працу? Шмат дзе патрабуецца літоўская мова. Нават пры вялікім жаданні яе так хутка не вывучыш. Шмат каго з былых палітзняволеных турбуюць гэтыя пытанні».
Некаторыя простыя бытавыя рэчы для палітвязня ператварыліся ў квэст, бо дакументы сапсаваныя сілавікамі.
«Нядаўна я хацеў змяніць пасведчанне кіроўцы, бо мне яго сапсавалі ў ГУБАЗіКу. Яны пагнулі яго так, што цяпер не бачныя некаторыя даныя. Я думаў, што змагу тут проста замяніць пасведчанне, але не — трэба здаць тэарэтычны і практычны экзамены. У мінулым годзе ў Літве гэта можна было яшчэ зрабіць на рускай мове, а цяпер — толькі на літоўскай і англійскай. Я хацеў ужо гэта зрабіць, але нельга было зарэгістравацца на экзамен без віду на жыхарства. Нават медыцынскую даведку я не мог зрабіць у некаторых цэнтрах без ВНЖ. Пакуль ты не атрымаеш гэтыя 11 лічбаў, ты непаўнавартасны чалавек у дзяржаве. Ты існуеш, але не ведаеш як».
«Аналізуючы інфармацыю, разумеў, што адбываецца ў свеце»
Пасля атрымання дакументаў Акіхіра вяртаецца ў IT-сферу, хоць разумее, што пяцігадовая прорва ў досведзе палохае працадаўцаў.
«Пасля атрымання віду на жыхарства галоўнае — знайсці працу. Для мяне гэта цяпер асноўнае пытанне. Да зняволення я працаваў праграмістам. А пяць гадоў перапынку — гэта вялікі тэрмін для прафесіі. Кампаніі бачаць, што чалавек пяць гадоў не працаваў, таму гэта стрэс».
Да публікацыі гэтага матэрыялу хлопец падзяліўся, што ўжо знайшоў працу. Таксама былы палітзняволены вырашыў працягнуць адукацыю. У кастрычніку мінулага года ён аднавіўся ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце.
«Атрымліваецца, я быў у «акадэмічным адпачынку» пяць гадоў, але для мяне ў рамках выключэння трымалі месца. Раней я вучыўся на «Праве», а цяпер змяніў праграму на «Палітыку і міжнародныя адносіны». Навучанне — гэта тое, што ў мяне добра атрымліваецца. Мне падабаецца вучыцца».
Суразмоўца адзначае, што за часы няволі яму моцна аднаўляць інфармацыйны перапынак не давялося. Нават за кратамі Акіхіра намагаўся сачыць за сусветнымі навінамі, выкарыстоўваючы адваротную логіку прапаганды.
«Асноўнае ў зняволенні ўсё роўна ведаеш. Праз радыё, тэлевізар, часопісы. Ты не ведаеш некаторых дэталяў, але ведаеш, што ідзе вайна. Калі я быў у калоніі, то наадварот слухаў навіны расійскай прапаганды па тэлевізары. Калі яны нешта адмаўлялі, то значыць, гэта ёсць. Аналізуючы інфармацыю, якую атрымліваў там, я разумеў, што адбываецца ў свеце. На волі цікава было скарыстацца штучным інтэлектам. Адна справа чытаць пра яго ў газеце, а другая — самому паспрабаваць».
«Калі я выйшаў, было цікава паглядзець на салідарнасць»
Адаптацыя да жыцця на волі — гэта і вяртанне да самых простых чалавечых радасцяў: назірання за светам, зносін з каханымі, разнастайнасці свету і ўсведамлення, што цябе падтрымлівалі ўвесь гэты час.
«Адаптавацца дапамагаюць размовы з каханай дзяўчынай. У зняволенні я стаміўся ўжо толькі ад мужчынскага калектыву, хоць мне з людзьмі збольшага шанцавала. Усе пяць гадоў я знаходзіўся толькі ў асяроддзі такіх жа зняволеных, як і я сам, я не бачыў ніякіх колераў. Асабліва на турэмным рэжыме вельмі чакаў часопісаў, каб пагартаць іх і пабачыць фота людзей з волі. Першы час на волі мяне вельмі здзіўлялі сабакі — столькі навокал розных парод. У зняволенні ты бачыш сабак толькі на этапах».
Былы палітзняволены распавядае, што пра маштабы салідарнасці з ім даведаўся з матэрыялаў крымінальнай справы па справе «Рэвалюцыйнага дзеяння».
«Нават падчас зняволення ў нас была магчымасць чытаць пра салідарнасць, бо ў нашых матэрыялах справы было вельмі шмат скрыншотаў з інфармацыйных каналаў і тэлеграм-каналаў. Таму падчас азнаямлення з матэрыяламі справы чыталі інтэрнэт за год. Праз скрыншоты мы бачылі, што і дзе адбывалася. На судзе нам уключалі відэа з інтэрв'ю нашых сяброў, якія з'ехалі з краіны».
Пры выдварэнні ў Акіхіры забралі ўсе лісты і паштоўкі, але ён з цеплынёй згадвае хвалю салідарнасці з ім.
«Цяпер, калі я выйшаў, было цікава паглядзець на салідарнасць. Да затрымання я сам ладзіў акцыі падтрымкі і думаў, ці патрэбна гэта палітвязням, бо яны не могуць гэтага бачыць. А цяпер разумею, што гэта важна, бо людзі потым могуць пачытаць, што пра іх не забываліся.
За кратамі я быў перакананы, што на волі людзі штосьці робяць. Хоць беларуская сістэма наладжана так, каб палітвязні думалі, што пра іх забыліся. Нам казалі, што лісты не аддаюць не таму, што нам забаронена, а таму, што ніхто не піша. Але іншым я казаў, што нам пішуць і пра нас не забыліся.
На волі ўжо было цікава пазнаёміцца з тымі, хто пісаў мне лісты ў СІЗА. Перапісваешся з некаторымі пару гадоў, ніколі не бачыў іх, але адчуваеш ужо, што яны сталі тваімі сябрамі».
Цяпер чытаюць
Беларускія абрады, арнаменты і беларуская мова паўсюль. Як нашчадак перасяленцаў зрабіў сяло каля Байкала зноў беларускім, і чаму гэта можа хутка скончыцца
Каментары