Усяго патроху

Чаму ў дзяцінстве час ідзе павольней?

Калі мы былі дзецьмі, лета цягнулася цэлую вечнасць, а ў сталым веку мы занадта востра адчуваем яго мімалётнасць. Чаму так адбываецца і ці можна «запаволіць» час?

Як піша партал Popular Science, навукоўцы гадамі спрабуюць зразумець, чаму наша ўспрыманне часу змяняецца з узростам. Паводле даследаванняў доктара Марка Вітмана з Інстытута псіхалогіі і псіхічнага здароўя (Фрайбург, Германія), адказ крыецца ў механізмах памяці: а менавіта ў тым, якія моманты застаюцца з намі, а якія — незваротна знікаюць. Новы досвед — усё першае, нечаканае, тое, што заспела мозг знянацку — мае больш за ўсё шанцаў замацавацца.

«У дзяцінстве ўсё здаецца новым: першая паездка на поні, першы паход у цырк, першы адпачынак на моры. Усё — у першы раз. Менавіта гэта прымушае нас захоўваць успаміны як нешта асаблівае», — тлумачыць Вітман.

Да таго ж, як даводзіць даследчык, мозг дзіцяці знаходзіцца ў стане пастаяннага развіцця. Псіхічныя і фізічныя змены адбываюцца так інтэнсіўна, што кожны год чалавек літаральна адчувае сябе новай асобай. Гэта стварае дадатковы пласт «падзейнасці» ў памяці.

Чаму ў дарослых час паскараецца?

Адно з самых папулярных тлумачэнняў — тэорыя прапорцый: год для пяцігадовага дзіцяці складае пятую частку ўсяго жыцця, тады як для 50‑гадовага — гэта толькі адна пяцідзясятая. Хоць Вітман прызнае папулярнасць гэтай тэорыі, ён сумняваецца, што чалавечае ўспрыманне часу падпарадкоўваецца чыстай матэматыцы.

На думку Вітмана, сапраўдная прычына паскарэння часу ў дарослых — руціна і стабілізацыя. Калі свет становіцца прадказальным, мозг пераходзіць у рэжым «энергазберажэння». Ён больш не фіксуе кожны дзень як нешта асаблівае. У выніку, калі мы азіраемся на мінулае лета, нам няма за што зачапіцца: аднолькавыя працоўныя будні зліваюцца ў адзін кароткі адрэзак.

Але навізна — гэта толькі частка карціны. Новыя даследаванні Вітмана паказваюць на яшчэ адзін фактар, які здзівіў нават яго самога. Вучоны разам з калегамі адсочваў памяць і ўспрыманне часу ў дарослых ва ўзросце ад 20 да 90 гадоў. Вынік быў нечаканым: пажылыя людзі не апісвалі свае ўспаміны аб значных падзеях як цьмяныя ці слабыя. Наадварот, захаваныя моманты здаваліся ім больш насычанымі і эмацыйнымі, чым маладым людзям.

Аднак пагаршалася нешта больш тонкае: здольнасць мозгу фіксаваць штодзённую руціну — тыя непрыкметныя дробязі, з якіх складаецца звычайны дзень. Вітман звязвае гэта з кагнітыўным згасаннем, якое можа пачынацца ўжо пасля трыццаці гадоў.

«З 30 гадоў мы ўжо назіраем лёгкі спад, у 50 і 60 ён паскараецца, а ў вельмі сталым узросце адбываецца рэзкі абрыў. І гэта, падобна, наўпрост карэлюе з адчуваннем, што апошнія дзесяць гадоў праляцелі як адно імгненне», — кажа Вітман.

Як зрабіць лета даўжэйшым?

Хоць мы і не можам спыніць час, мы можам паўплываць на тое, як мы яго ўспрымаем. Вітман раіць шукаць новыя ўражанні, наведваць новыя месцы і знаёміцца з новымі людзьмі. Нават дробныя змены ў звыклым раскладзе маюць значэнне.

Ён таксама рэкамендуе заставацца фізічна актыўнымі, падтрымліваць сацыяльныя сувязі і ставіць перад розумам новыя выклікі. Гэта тыя самыя звычкі, якія дапамагаюць адсунуць кагнітыўныя змены ў старэйшым узросце.

Аднак Вітман перасцерагае ад таго, каб ператвараць свой каляндар у бясконцы спіс «новых спраў» у спробе спыніць час.

«Часта людзі думаюць, што павінны запоўніць свае суботы мноствам спраў. Але паколькі вы будзеце занадта засяроджаныя на графіку, час зноў праляціць незаўважна. Замест гэтага паспрабуйце пражыць сваю суботнюю раніцу. Пачніце дзень без планаў. Прыслухайцеся да таго, як вы сябе адчуваеце, чаго хочаце, і будзьце адкрытымі да ўсяго, што прыйдзе», — даводзіць вучоны.

Нарэшце, Вітман раіць пускаць у жыццё эмоцыі, якія ён называе «клеем для памяці». Падзеі, афарбаваныя моцнымі пачуццямі — радасцю, захапленнем ці нават хваляваннем — застаюцца з намі на ўсё жыццё, робячы яго суб’ектыўна больш працяглым і насычаным.

Хоць мы не можам вярнуць дзяцінства, у нашай уладзе зрабіць так, каб кожнае наступнае лета не праляцела як адно імгненне, а засталося ў памяці як доўгая і яркая гісторыя.

Каментары

Сям’ю з дзіцём не пусцілі есці ўнутры кавярні піцу навынас. «Гараж» апраўдваецца, інтэрнэт спрачаецца

Сям’ю з дзіцём не пусцілі есці ўнутры кавярні піцу навынас. «Гараж» апраўдваецца, інтэрнэт спрачаецца

Усе навіны →
Усе навіны

З кім людзі гатовыя дзяліцца больш ахвотна, а з кім — менш, і пры чым тут палітыка?

«Ціса» ў Венгрыі атрымала нават больш парламенцкіх мандатаў, чым меркавалася папярэдне6

Дзявятая планета Сонечнай сістэмы: ці блізкія мы да разгадкі яе таямніцы?3

Meta збіраецца праз штучны інтэлект звольніць 8 тысяч работнікаў3

Беларусы масава перасаджваюцца на горныя ровары5

У Германіі за год падстрэлілі каля 3 тысяч радыеактыўных дзікоў5

У клецкай паліклініцы пацыенты пабіліся за месца ў чарзе. Цяпер будзе суд

У «Вялікім камені» стварылі Інстытут выдатных інжынераў

Кім быў кіеўскі стралок? Вайсковы пенсіянер з антысеміцкімі поглядамі, які нарадзіўся ў Маскве, а жыў на Данбасе17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сям’ю з дзіцём не пусцілі есці ўнутры кавярні піцу навынас. «Гараж» апраўдваецца, інтэрнэт спрачаецца

Сям’ю з дзіцём не пусцілі есці ўнутры кавярні піцу навынас. «Гараж» апраўдваецца, інтэрнэт спрачаецца

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць