Першым выпускніком стаў выдраня Сплэш. У ягоным актыве ўжо каля 20 пошукава-выратавальных аперацый. Напрыклад, маленькі выратавальнік дапамог знайсці зброю, выкарыстаную пры забойстве 25‑гадовай даўніны.

Калі гаворка заходзіць пра жывёл-выратавальнікаў, большасць людзей уяўляе сабе сабак. Але ў гэтых незаменных памочнікаў ёсць сур’ёзнае абмежаванне: яны не могуць доўга працаваць у вадзе. Таму фларыдская служба Peace River K9 Search and Rescue вырашыла задзейнічаць для гэтай задачы рачную выдру.
Першым «выпускніком» стаў Сплэш — двухгадовае азіяцкае малакіпцюрае выдраня. Гэта самы маленькі від выдраў, які адрозніваецца спрытнымі лапамі і высокім інтэлектам.

Жывёлу трэніраваў 46‑гадовы Mайкл Хандсэл, кіраўнік пошукава-выратавальнай службы, які раней працаваў з сабакамі і коньмі. Падчас пералёту з Лос-Анджэлеса ён прачытаў артыкул пра выдраў і даведаўся, што яны здольныя арыентавацца пад вадой па паху, выкарыстоўваючы нюх і вібрысы, а таксама могуць затрымліваць дыханне да пяці хвілін. Так нарадзілася ідэя «падводнага выратавальніка».
Спачатку Майкл назіраў за працай дрэсіроўшчыкаў з выдрамі і зразумеў, што методыка шмат у чым нагадвае навучанне сабак. Затым ён пачаў трэніроўкі ва ўласным басейне: хаваў у ім прадмет з зададзеным пахам, наносіў той жа пах на мячык на канцы палкі і даваў сігнал.
Ужо праз чатыры месяцы Сплэш навучыўся без памылак знаходзіць цэль, але адпрацоўка навыкаў працягваецца дагэтуль. Знайшоўшы крыніцу паху, выдраня падае сігнал настаўнікам, якія нярэдка ныраюць разам з ім.
«Ён падплывае і пачынае хапаць мяне за маску, паказваючы, што нешта знайшоў, і не адпускае, пакуль я не пачну рухацца наперад».
Асноўная задача жывёлы — пошук і выяўленне, а не непасрэднае выратаванне, але яго праца надзвычай важная для людзей, якія страцілі блізкіх і спрабуюць атрымаць хоць нейкае суцяшэнне.

Маленькі выратавальнік дапамог знайсці зброю, выкарыстаную пры забойстве 25‑гадовай даўніны, і выявіць чалавечую ДНК на глінянай цэгле на дне возера. У ягоным актыве ўжо каля 20 пошукава-выратавальных аперацый.
За паспяховае выкананне задання ён атрымлівае кавалак ласося. «І абавязкова фермерскага. Дзікага не есць», — пажартаваў Майкл Хандсэл.
Бяспека падапечнага застаецца прыярытэтам. Выдра можа працаваць як у прэснай, так і ў салёнай вадзе, але яе не дапускаюць глыбей за дзевяць метраў, нават калі вада крышталёва чыстая. Таксама ўлічваюцца моцная плынь і рызыка сустрэчы з драпежнікамі, напрыклад, з алігатарамі.

«Пошукі павінны адпавядаць крытэрам для выкарыстання выдры, інакш мы проста не будзем яе задзейнічаць», — падкрэсліў Майкл Хандсэл.
Нягледзячы на свавольны характар, падводны памочнік стаў улюбёнцам каманды Peace River K9 Search and Rescue і працуе побач з пошукава-выратавальнымі сабакамі, у тым ліку са сваім найлепшым сябрам па мянушцы Нова.
Цяпер чытаюць
Каля Сафіі ў Полацку паставілі помнік лётчыкам Нічыпарчыку і Куканенку. Але нават не самалёт той мадэлі, на якой яны загінулі, а аэраплан сталінскага часу
Каментары
На прыканцы не хапае фота сяброў Сплэша і Нова, але і на гэтым дзякуй.
улік = учёт
улікі = учёты
таму і "знаходзіць улікі" = арамат смародзіны