Грамадства22

Сабаленку ў Мінску ахоўвала кампанія, заснаваная былым гэбістам і ўчастковым. На пярэднім краі быў легендарны Іваныч

Першая ракетка свету Арына Сабаленка наведала Мінск 14 ліпеня. Яна прыбыла на прыватным самалёце са сваім жаніхом Георгіасам Франгулісам і сабакам Эшам. На адкрыццё корта ў Мінску і сустрэчу з фанатамі тытулаваная спартсменка прыйшла ў суправаджэнні сямі целаахоўнікаў. Як высветліла «Люстэрка», гэта супрацоўнікі прыватнай мінскай кампаніі «Агенцтва бяспекі і бізнэсу».

Арына Сабаленка ў Мінску з ахоўнікамі, сярод якіх легендарны Іваныч — Анатоль Семашчук (злева). 14 ліпеня 2026 года

Адзін з ахоўнікаў выклікаў абурэнне ў сацсетках — ён ішоў наперадзе і адсоўваў дзяцей ад Сабаленкі, не даючы ім дакрануцца да тэнісісткі. У ім апазналі Анатоля Семашчука — легендарнага сек’юрыці Іваныча, які ахоўваў такіх сусветных знакамітасцяў, як Лара Фабіян, ZAZ, Scorpions і многіх іншых зорак, што прыязджалі ў Беларусь. 

Хто такі Іваныч?

Шматлікія наведвальнікі канцэртаў у Мінску бачылі строгага і хмурага ахоўніка, які знаходзіўся каля зорак. Але сапраўдная слава да Анатоля Семашчука прыйшла ў 2019 году. Тады 49‑гадовы ахоўнік даў першае інтэрв’ю «Нашай Ніве», у якім расказаў пра сваю працу. Мужчыну празвалі Іванычам і запрашалі ахоўваць папулярных зорак, якія прыязджалі ў Мінск.

Так, ён быў целаахоўнікам Аляксандра Рыбака, французскай спявачкі ZAZ, канадскага спевака Гару (артыста з мюзікла «Нотр-Дам-дэ-Пары») і бельгійска-канадскай выканаўцы Лары Фабіян.

Анатоль Семашчук з Ларай Фабіян. Мінск, снежань 2016 года. Фота: акаўнт Анатоля ў інстаграме

Ахоўваў ён таксама гурты A-HA і Scorpions.

Працаваў Іваныч і з расійскімі зоркамі. Напрыклад, з лідарам гурта ДДТ Юрыем Шаўчуком. Дарэчы, у інтэрв’ю за 2019 год ён яго вельмі хваліў: «Разумны, цікавы чалавек, які падтрымае размову на любую тэму».

Анатоль Семашчук з Юрыем Шаўчуком. Мінск, май 2018 года. Фота: акаўнт Анатоля ў інстаграме

А таксама працаваў з Валерыем Меладзэ, Алай Пугачовай, Верай Брэжневай, Святланай Лабадой, Ёлкай і іншымі.

Сярод яго падапечных таксама былі вядучыя Юрый Дудзь, Леанід Якубовіч, акцёры Сяргей Бязрукаў і Рэната Літвінава.

З беларускіх селебрыці Іваныч ахоўваў Сяргея Міхалка, Георгія Калдуна, Уладзіміра Пугача, коміка Ідрака Мірзалізадэ, блогераў Улада Бумагу і Улада Кабякова і многіх іншых.

Анатоль Семашчук з Сяргеем Міхалком. Мінск, 8 снежня 2019 года. Фота: акаўнт Анатоля ў інстаграме

Спартсмены ў яго працы таксама былі. Напрыклад, расійскі біятланіст Аляксандр Ціханаў і беларускі футбаліст Аляксандр Глеб.

Анатоль Семашчук з Аляксандрам Глебам. Мінск, май 2025 года. Фота: акаўнт Анатоля ў інстаграме

«В Instagram 99% фатаграфій з тымі зоркамі, з кім я адпрацаваў як асабісты ахоўнік. Гэта не здымкі кшталту: «Ой, дзядзька, можна з вамі сфатаграфавацца», — расказваў Семашчук у 2019-м. — Многія з тых артыстаў, хто прыязджае ў Беларусь пастаянна, ужо спецыяльна просяць, каб з імі працаваў толькі я».

Ён сцвярджаў, што не хоча панібрацкіх адносін з зоркамі і таму адмаўляецца ад розных афтэрпаці, на якія яго рэгулярна клічуць.

«Часам даводзіцца зманіць, што дома чакае жонка, маўляў, яна не зразумее. Хоць гэта не так. Я ў разводзе», — дзяліўся Анатоль і дадаваў, што жыве адзін.

Ужо ў 2025 годзе ў падкасце «Подробнее» Іваныч расказваў, што, акрамя аховы, яшчэ здымаецца ў кіно (у асноўным гэта расійскія серыялы), рэкламе і кліпах. Так, ён засвяціўся ў кліпе гурта ЛСП.

Служыў у ПДВ, супрацоўнічаў з ізраільскай разведкай

Пра месца сваёй працы Іваныч ні тады, ні ў больш позніх інтэрв’ю не распаўсюджваўся. Паводле даных Belpol, мужчына не служыў у сілавых структурах. Сам Анатоль сцвярджаў, што набіраўся вопыту, супрацоўнічаючы з рознымі разведкамі.

— Працаваў ва ўзаемадзеянні і з ізраільскай службай бяспекі, і з камітэтам, і з СБП, з усімі структурамі, якія толькі ёсць і існуюць. Вось. Быў вельмі добры вопыт. Вельмі шмат усяго цікавага даведаўся ад іх, ад кожнага патроху. І на выхадзе вось я такі і атрымаўся, як Іваныч», — казаў мужчына ў падкасце «Подробнее».

Ён адзначыў, што ягоны бацька служыў у міліцыі, а родныя па матчынай лініі былі вайскоўцамі. Сам ён расказаў, што служыў у ПДВ і займаўся боксам.

Анатоль Семашчук падчас працы. 11 жніўня 2024 года. Фота: акаўнт Анатоля ў інстаграме

Паводле даных Belpol, да 2019 года Семашчук прапрацаваў ахоўнікам у кампаніі «Мінск Прынцэс Гатэль», якая належала турэцкаму холдынгу «Ірада». Кампанія валодае гатэлем Crowne Plaza.

Потым мужчына нейкі час быў дырэктарам кампаніі «ЭкаТрэйдІнвест», якая займаецца перакладамі на замежныя мовы, а таксама аптовым гандлем прадуктамі харчавання.

Анатоль Семашчук падчас здымак расійскага фільма «Ствараючы неба». Красавік 2026 года. Фота: акаўнт Анатоля ў інстаграме

Таксама ў адкрытых крыніцах «Люстэрка» знайшло ІП на поўнага цёзку Семашчука, зарэгістраванае ў 1993 годзе. Магчыма, ён аказваў паслугі аховы як індывідуальны прадпрымальнік. Але ў 2024 годзе ІП закрылася.

Цяпер Іваныч кіруе кірункам «Адміністрацыйны кантроль» у кампаніі «Агенцтва бяспекі і бізнэсу». Таму Семашчук разам з сямю сваімі падначаленымі і ахоўваў Сабаленку.

«Я ўкладаю вельмі шмат у навучанне, хоць некаторыя кажуць, што дарма гэта раблю — то-бок гэта трэба рабіць за вялікія грошы, рыхтаваць людзей, бо тыя людзі, якіх я падрыхтую, сядуць мне на пяткі, і на выхадзе я стану незапатрабаваным, а яны будуць ужо руліць мной. У мяне трошкі іншае бачанне. Тое, што я ўкладаю ў людзей, незалежна ад таго, гэта хлопцы ці дзяўчаты, — гэта наша агульная бяспека. І мая, і супрацоўнікаў, якія прыходзяць на працу, і гасцей», — казаў Іваныч.

Анатоль Семашчук і частка ягоных падначаленых. Фота: abbiz.by

Колькі маглі каштаваць паслугі Іваныча і яго падначаленых, невядома. Прайса на сайце кампаніі няма, а ў інтэрв’ю 2025 года Анатоль агучваў толькі прыблізныя сумы. Паводле яго слоў, аплата залежыць ад узроўню зоркі і месцаў, у якіх яна з’яўляецца.

«Ад дзесяці даляраў да бясконцасці за гадзіну, — расказваў Іваныч. — Вось адзін з прыкладаў: за тры дні працы з чалавекам я зарабіў 1200—1300 даляраў. За тры дні».

Што тычыцца палітычнай пазіцыі, то яе ў сваім Instagram мужчына не выказвае. Пры гэтым ён публікаваў фота з Усебеларускага народнага сходу ў 2024 годзе і «Каляднага турніру на прызы Лукашэнкі» ў 2015-м.

Анатоль Семашчук падчас Усебеларускага народнага сходу. Мінск, чэрвень 2024 года. Фота: акаўнт Анатоля ў Instagram

Што за агенцтва ахоўвала Сабаленку?

«Агенцтва бяспекі і бізнэсу» (прыватнае ўнітарнае прадпрыемства «ПрататыпГруп») з’явілася ў Беларусі 14 лютага 2020 года. Заснавальнікі — Дзмітрый Астаповіч і Віктар Чаравашка. Абодва — з сілавым мінулым.

Дзмітрый Астаповіч (злева) і Віктар Чаравашка. Фота: abbiz.by

Астаповіч — ураджэнец Кобрына, які пераехаў з бацькамі ў Бабруйск. Ён з сям’і сілавікоў: мама была следчай, бацька — оперупаўнаважаным у мясцовай міліцыі.

Сам Дзмітрый адвучыўся на юрфаку і чатыры гады, з 2007‑га па 2011-ты, працаваў участковым у Ленінскім РУУС Бабруйска. Паводле даных Belpol, яго звольнілі адтуль за прагулы, а да гэтага ў яго былі дысцыплінарныя спагнанні. Праўда, паводле слоў прадстаўніка арганізацыі Уладзіміра Жыгара, яго справа выглядае як тыповая справа маладога ўчастковага, якога перагрузілі працай, і ён «паклаў ксіву на стол».

Дзмітрый Астаповіч. Фота: detective.by

Як прызнаваўся сам Астаповіч, праз некаторы час пасля сыходу з сілавых структур ён заняўся бізнэсам. Спачатку здаваў у арэнду водныя шары — аквазорбы, але прадаў бізнэс. Потым адкрыў кампанію, якая займалася ці не ўсім чым можна: ад добраўпарадкавання могілак да аптовага гандлю.

Пазней мужчыну запрасілі папрацаваць у Расію, у «піцерскае агенцтва бяспекі ў бізнэсе». Сам Астаповіч прызнаваўся, што агенцтва аказвала розныя паслугі: ад простага кансультавання да супрацьстаяння рэйдарскім захопам.

Ужо з назапашаным у Расіі вопытам экс-участковы вярнуўся ў Беларусь, каб адкрыць тут сваю справу. Яму ў гэтым дапамог Віктар Чаравашка — былы супрацоўнік Упраўлення КДБ па Мінску і Мінскай вобласці.

Віктар Чаравашка. Фота: abbiz.by

Паводле даных Belpol, Чаравашка пайшоў з сілавых структур у 2014 годзе, затым працаваў у службе бяспекі «Знешэканамбанка». На сайце «Агенцтва бяспекі і бізнэсу» пазначана, што ў Віктара — больш за 17 гадоў «паспяховага практычнага вопыту ў сферы карпаратыўнай бяспекі».

Цікава, што «ПрататыпГруп» належыць і дэтэктыўнае агенцтва «Астап і партнёры». Ім таксама кіруе Астаповіч. Дарэчы, на сайце кампаніі пазначана, што ён — віцэ-прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі дэтэктываў IAPD па Рэспубліцы Беларусь.

Спектр паслуг агенцтва разнастайны: ад інфармацыйнай бяспекі і аховы аб’ектаў да маркетынгу і кіравання актывамі. Асобна прапісана, чым кампанія дакладна не займаецца. Гэта праблемы кліента, звязаныя з палітыкай, устаноўка «жучкоў», узлом электронных прылад, сайтаў і сацсетак, умяшанне ў асабістае жыццё і гэтак далей.

Каментары2

  • Тополь
    17.07.2026
    Какие-то фрики. Иваныч с пивным животом и спитой мордой. Телохранитель? Но если только хранитель бочки с денатуратом. И не факт, что не выпил.
  • .
    18.07.2026
    Вось ізноў па-хуткаму перацягнулі артыкул з іншага СМІ, без расстаноўкі спасылак, як гэта нярэдка бывае.
    Тым самым згубілі, што ягоная палова грунтуецца на вашым жа вялікім інтэрв’ю з "Іванычам" 2019 года.
    І калі б захоўвалася традыцыя тэгаў па асобах, падбору рэкамендаваных артыкулаў, гэтага таксама б не адбылося.
    Іранічна і сумна, як эканомія і падыход "хай так" замінае нават павазе да свайго ўласнага, раней зробленага.
    Задумайцеся нарэшце, калі ласка.

Цяпер чытаюць

Украінскія дроны дашчэнту спалілі яшчэ два склады Wildberries у Расіі: 4‑ы і 6‑ы па велічыні4

Украінскія дроны дашчэнту спалілі яшчэ два склады Wildberries у Расіі: 4‑ы і 6‑ы па велічыні

Усе навіны →
Усе навіны

Кіроўца запытала ў «Беларуснафты», чаму на іх запраўках адсутнічаюць пракладкі — адказ кампаніі раз'юшыў беларусак31

«Ні пра што не шкадуй, Света. Жыве Беларусь». Святлана Курс напісала ліст самой сабе, 15‑гадовай11

Вярхоўны суд Расіі прызнаў экстрэмісцкай арганізацыяй беларускіх «Кіберпартызан»1

Зідан узначаліў зборную Францыі

Без рахунку, без працы, без дакументаў. Як беларус ужо год жыве ў Грузіі пад пагрозай дэпартацыі4

Лукашэнка заявіў пра факты крышавання раскрадальнікаў паліва з боку сілавікоў8

Адпачывальнікі: «Любанскія кар'еры пад забаронай, дарогі перакапаюць!» Ці сапраўды?

Сілавікі сталі больш маніторыць тыкток і трэдс6

У акупаваным Марыупалі пасля атакі дронаў загарэўся склад з палівам

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Украінскія дроны дашчэнту спалілі яшчэ два склады Wildberries у Расіі: 4‑ы і 6‑ы па велічыні4

Украінскія дроны дашчэнту спалілі яшчэ два склады Wildberries у Расіі: 4‑ы і 6‑ы па велічыні

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць