Хто той хлопец, які чакаў дзяўчыну пад дажджом у Мінску? Вы дакладна бачылі тое рамантычнае відэа
Учора ўсе беларусы замілоўваліся гісторыяй хлопца, які пад дажджом чакаў каханую з кветкамі на прыпынку ля Mak.by на Нямізе. Дзякуючы сацсеткам адшукаць пару атрымалася хутка.

Зняла рамантычную кароткаметражку акторка тэатра і кіно Алеся Клачко. Кажа, што атрымалася ўсё выпадкова.
Гісторыя разгортваецца ў пахмурны, дажджлівы дзень. Малады чалавек з букетам чырвоных руж сядзіць на парапеце ажыўленай дарогі, міма едуць машыны, тралейбусы. Хлопец выглядае напружаным: у чаканні ён скурчыўся ад холаду і дажджу, але беражліва трымае кветкі.
Відаць, сустрэча была прызначана ў гэтым месцы, але чаканне зацягнулася.
У нейкі момант хлопец устае — дзяўчына прыйшла. Тыя, хто сачыў за драмай, выбухаюць апладысментамі.
За адзін дзень ролік у інстаграме набраў каля паўмільёна праглядаў і больш за 30 тысяч лайкаў. У каментарах адзначылася алімпійская чэмпіёнка па біятлоне Дзінара Смольская: «Як маці хлопчыка прыемна глядзець і браць прыклад выхавання».
Mak.by таксама аператыўна адрэагаваў: стварыў комікс з гэтай гісторыяй, а аўтарцы відэа прапанаваў бясплатную вячэру ў сваім рэстаране. Героям рамантычнага відэа, дарэчы, паабяцалі тое самае.
Дзякуючы моцы сацсетак спачатку знайшлася маці хлопца, потым дзяўчына, а пасля ўжо і сам Рамэа. «Гэта мой хлопец!», «Ух ты, вось гэта было нечакана пабачыць сябе ў стужцы. Дзякуй, што заснялі такі цудоўны момант!», — напісалі ў каментарах пад відэа маладыя людзі.

Галоўны герой гэтай рамантычнай гісторыі — Раман Смірноў, ён займаецца музыкай і грае поп-панк у гурце So late to stay
Яго дзяўчына Ліза толькі пяць дзён таму скончыла школу. Па яе інстаграме бачна, што яна вельмі любіць арыгінальны манікюр.
У той дзень пара святкавала пяць месяцаў з пачатку адносін — менавіта з гэтай нагоды Раман быў з букетам руж. Кажуць, гэта іх першае каханне.
Каментары