Версія анафілактычнага шоку малаверагодная. Што кажа клініка пра смерць 30‑гадовай доктаркі, якая выдаляла там зуб і памерла
Беларусаў узрушыла трагедыя з 30‑гадовай доктаркай са Старобіна — яна пайшла выдаляць зуб мудрасці пад наркозам і памерла. Цяпер камісія Міністэрства аховы здароўя праводзіць праверку з гэтай нагоды. Што вядома цяпер?

У клініцы «Стамарус», куды звярталася 30‑гадовая Валерыя Баброўнік, паведамілі Onliner, што выпадак правяраюць дзяржаўныя органы і камісія Мінздароўя.
Версію пра анафілактычны шок, якая распаўсюдзілася ў сацсетках, медцэнтр лічыць малаверагоднай.
У «Стамарусе» заявілі, што ў пацыенткі «клінічная карціна анафілактычнага шоку адсутнічала». Пры гэтым канчатковыя высновы пра прычыны смерці яшчэ павінны зрабіць спецыялісты.
Паводле клінікі, цяпер правяраюць якасць дапамогі Валерыі на ўсіх этапах — у самім медцэнтры, падчас працы хуткай і ў бальніцы. Таксама праводзяцца следчыя дзеянні.
«Да заканчэння афіцыйных экспертыз любыя сцвярджэнні ў публічнай прасторы з’яўляюцца заўчаснымі», — адзначылі ў медцэнтры.
Падрабязней каментаваць стан пацыенткі і аказаную ёй дапамогу ў клініцы адмовіліся, спаслаўшыся на медыцынскую таямніцу.
Як высветліў Onliner, пасля пагаршэння стану Валерыі ёй пачалі аказваць рэанімацыйную дапамогу, выклікалі хуткую і шпіталізавалі ў бальніцу.
Пра смерць Валерыі Баброўнік стала вядома ў канцы кастрычніка. Жанчыне было 30 гадоў, яна працавала намесніцай загадчыка па медыцынскай частцы Старобінскай гарадской бальніцы. У Валерыі засталіся муж і сын, які вучыцца ў другім класе.
Каментары