За паўтара стагоддзя сярэдняя тэмпература цела ў людзей знізілася на паўградуса. Чаму так адбылося і якую тэмпературу цяпер лічыць нормай?

У сярэдзіне XIX стагоддзя нямецкі доктар Карл Вундэрліх на падставе замераў тэмпературы пад пахай прыкладна 25 тысяч пацыентаў вызначыў, што ў здаровага дарослага чалавека яна ў сярэднім складае 37 °C. Пры гэтым ваганні нормы ляжаць паміж 36,2 і 37,5 °C.
Як піша Interia.pl, у 2020 годзе даследчыкі са Стэнфардскага ўніверсітэта вырашылі праверыць, ці так гэта дагэтуль. З розных баз яны сабралі больш за 677 тысяч замераў тэмпературы, зробленых у амерыканцаў з 1862 па 2017 год. Найстарэйшыя з іх — медыцынскія запісы ветэранаў Грамадзянскай вайны ў ЗША (1861—1865), якіх дактары абследавалі на працягу дзесяцігоддзяў. Найноўшыя — даныя пацыентаў стэнфардскай клінікі.
Высветлілася, што тэмпература цела амерыканцаў з кожным пакаленнем, народжаным праз дзесяць гадоў пасля папярэдняга, падала прыкладна на 0,03 °C. У выніку ў мужчын, народжаных у канцы XX стагоддзя, яна ў сярэднім стала на 0,59 °C ніжэйшая, чым у тых, хто нарадзіўся ў пачатку XIX стагоддзя. У жанчын розніца меншая, 0,32 °C.
Першае тлумачэнне, якое прыходзіць у галаву, гэта недакладнасць старых тэрмометраў ці спосаб вымярэння. Даследчыкі праверылі гэта на ветэранах Грамадзянскай вайны. Сярод іх былі людзі, народжаныя і ў 1820-я, і ў 1840‑я гады, але тэмпературу ўсім мералі аднолькава. І нават унутры гэтай групы выявілася тая ж заканамернасць: чым пазней чалавек нарадзіўся, тым ніжэйшая ў яго тэмпература. Калі б справа была толькі ў тэрмометрах, такой розніцы сярод ветэранаў не было б.
Яшчэ больш красамоўныя даныя прыйшлі з Балівіі, дзе з 2002 па 2018 год антраполагі назіралі за цімане — народам, які жыве ў амазонскіх лясах. На пачатку назіранняў сярэдняя тэмпература цела цімане была блізкая да 37 °C, а за 16 гадоў знізілася прыкладна да 36,5 °C. Тое, на што ў амерыканцаў пайшло каля двух стагоддзяў, у цімане адбылося менш чым за два дзесяцігоддзі.
Чаму мы «астываем»
Чаму ж тэмпература цела людзей зніжаецца? Адназначнага адказу навукоўцы пакуль не маюць, але ёсць некалькі праўдападобных тлумачэнняў.
Найперш змены тлумачацца тым, што мы сталі менш хварэць. У XIX стагоддзі людзі гадамі жылі з нявылечанымі інфекцыямі, і на барацьбу з імі арганізм увесь час траціў лішнюю энергію. Вакцыны, антыбіётыкі, чыстая вада і гігіена значна паменшылі гэтую нагрузку. Аднак цімане паказваюць, што справа не толькі ў гэтым: інфекцыі ў іх па-ранейшаму вельмі распаўсюджаныя, а тэмпература ўсё роўна ўпала.
Другая версія звязаная з камфортам. Калі ў доме цёпла зімой і прахалодна летам, арганізм траціць менш энергіі на тое, каб сагравацца ці астуджацца. Паводле гіпотэзы аўтараў, гэта магло запаволіць абмен рэчываў, а разам з ім знізіць і тэмпературу цела. Цімане ні ацяплення, ні кандыцыянераў не маюць, але за апошнія дзесяцігоддзі ў іх стала больш цёплага адзення і коўдраў, а жытло — цяплейшым. Даследчыкі мяркуюць, што і гэта магло адыграць ролю.
Дык якая тэмпература нармальная?
Спецыялісты даўно даводзяць што «нармальная тэмпература» — гэта дыяпазон, а не адна лічба. У здаровага дарослага яна можа быць ад прыкладна 36,1 да 37,2 °C.
У пажылых з-за больш павольнага метабалізму і меншай фізічнай актыўнасці яна звычайна ніжэйшая. Жанчыны ў сярэднім маюць крыху вышэйшую тэмпературу за мужчын. Мае значэнне і час сутак. Самая нізкая тэмпература бывае а 3‑ 5‑й гадзіне раніцы, самая высокая — пад вечар. Так што 37 °C па-ранейшаму можа быць цалкам нармальнай тэмпературай для канкрэтнага чалавека, як і значна ніжэйшая. Важней ведаць, якая тэмпература звычайная менавіта для вас.
Каментары