Грамадства1616

Беларуска выйшла замуж за лонданскага мільянера, старэйшага на 41 год. Ён пакінуў ёй $400 тысяч з умовай маўчаць — а яна адсудзіла мільёны

Алена Рудзік і Аляксандр Клейна пазнаёміліся ў Іерусаліме на Каляды 2001 года. Яму было 68, ёй — 27.

Праз два гады беларуска выйшла замуж за брытанскага мільянера, пакінула Ізраіль і пераехала ў Лондан. Калі ў 2020‑м ён памёр ва ўзросце 87 гадоў, яго маёмасць ацэньвалі больш як у £9 мільёнаў фунтаў ($12 мільёнаў па цяперашнім курсе ). Жонцы па завяшчанні дасталося 300 тысяч фунтаў ($400 тысяч па цяперашнім курсе) — «з тым разуменнем, што яна не будзе прэтэндаваць на спадчыну».

Праз пяць гадоў судовых войнаў Высокі суд Англіі прызнаў гэта неразумным і прысудзіў удаве сямейны дом без іпатэкі і амаль 1,9 мільёна фунтаў (каля $2,5 мільёна) зверху — з перспектывай атрымаць 40% усёй маёмасці.

Мужчына з Венгрыі і дзяўчына з Беларусі

Аляксандр Клейн нарадзіўся 25 сакавіка 1933 года ў Венгрыі. У Лондан трапіў падлеткам, у 15—16 гадоў — пакаленне венгерскіх яўрэяў, чыё дзяцінства прыйшлося на Халакост. У Брытаніі ён збудаваў буйны бізнэс на нерухомасці: дзясяткі дамоў і кватэр, аформленых праз васямнаццаць кампаній.

Алена Рудзік нарадзілася 2 лютага 1974 года ў Беларусі. На момант знаёмства яна жыла і працавала ў Іерусаліме. Клейн — на 41 год старэйшы, ужо двойчы жанаты — угаварыў яе пакінуць Ізраіль і пераехаць да яго ў Лондан, аплачваючы гатэль і арэнду кватэры. У студзені 2003‑га яна пераехала, у маі яны заручыліся, а 18 верасня 2003 года пабраліся ў Іерусаліме.

«З умовай не прэтэндаваць» — гэта быў яго почырк

Незадоўга да вяселля Клейн даў Алене падпісаць дакумент, які цалкам пазбаўляў яе правоў на любыя прэтэнзіі да яго маёмасці. Юрыста ў яе не было, а яе англійскай, як пазней зазначыў суд, не хапала, каб зразумець напісанае: яна толькі ў маі 2003‑га пайшла на курсы для пачаткоўцаў і амаль не хадзіла на іх — рыхтавалася да вяселля.

Гэтая фармулёўка была не выпадковай. За два гады да таго, у лістападзе 2001-га, Клейн на сустрэчы з юрыстам казаў, што разводзіцца з першай жонкай Яэль і хоча скараціць ёй спадчыну да 10 тысяч фунтаў — з той самай агаворкай, што яна «не будзе прэтэндаваць». Шаблон паўтараўся ад жонкі да жонкі.

У шлюбе, паводле матэрыялаў справы, Клейн адгаворваў Алену вучыцца і працаваць. Калі яна вывозіла сына на адпачынак ці да дзядоў у Беларусь, муж патрабаваў падпісваць асобныя «пагадненні» — з датамі, кантактамі і парадкам справаздачы перад ім. У 2007‑м у іх нарадзіўся сын Эліят.

Беларусь праходзіць праз усю гісторыю. У 2011-м, калі шлюб трашчаў, Клейн — праз шэсць тыдняў пасля інфаркту — праз юрыстаў патрабаваў, каб маці Алены выехала з сямейнага дома, прапаноўваючы дачцэ на чатыры тыдні сваю кватэру каля Marble Arch. Бацька Алены пераедзе да яе ў Лондан пазней — пасля смерці яе маці.

Завяшчанне і сакратарка на паўстагоддзя

Па завяшчанні 2011 года жонцы прызначаліся 300 тысяч фунтаў, сыну — 100 тысяч фунтаў у трасце. А 90% усяго астатку маёмасці Клейн пакідаў на дабрачынны траст — яўрэйскім школам, ешывам і прытулкам.

Асобная фігура — Сідлія Адлер, шматгадовая сакратарка і бізнэс-партнёрка Клейна. Іх сувязь, паводле суда, цягнулася з 1960-х. Ёй дасталіся 200 тысяч фунтаў і 10% астатку, яе ж Клейн прызначыў выканаўцай завяшчання. Алена, паводле сваіх слоў, чула ад мужа, што Адлер — «проста сакратарка».

Бізнэс Клейн вёў нефармальна: дакументы складаў сам, без юрыстаў, але клікаў адваката за сведку — бо абое з Адлер верылі, што подпіс адваката робіць паперу «афіцыйнай і законнай». На гэтых самаробных паперках пазней і паўстане галоўная бітва.

Дзе будуць жыць удава і дванаццацігадовы сын і на што жыць — тастамент не вызначыў увогуле. За пяць гадоў пасля смерці мужа Алена атрымала ў спадчыну адзіную выплату — 7500 фунтаў.

Пяцігадовая вайна

Першай перашкодай стала Адлер. Яна так вяла справы, што ў 2021‑м суд адхіліў яе ад выканання завяшчання і прызначыў незалежную карпарацыю Cripps. Адлер абавязалі заплаціць 80% судовых выдаткаў удавы.

Калі да маёмасці дабраліся, аказалася, што з васямнаццаці кампаній частка выключаная з рэестра, нейкія «валодаюць» нерухомасцю, якой у іх няма, а з рахункаў зніклі сотні тысяч фунтаў. Адлер, паводле суда, выводзіла грошы з кампаній без правоў.

А ў лістападзе 2023‑га яна пайшла ва-банк: падала асобны іск, заявіўшы, што акцыі кампаній насамрэч належалі ёй, а не Клейну. Стаўкі былі велізарныя — калі б суд пагадзіўся, маёмасць абвалілася б з прыкладна 8 мільёнаў фунтаў да 1,4 мільёна фунтаў, а спадчына практычна знікла б. Спрэчныя долі ацэньвалі ў 2,5 мільёна фунтаў.

Іск дайшоў да паўнавартаснага разбору і ў кастрычніку 2024‑га быў адхілены. Пазіцыю Адлер ахарактарызавалі як «абуральную» і «цынічнае выкарыстанне суда». Само ж адміністраванне маёмасці так зацягнулася, што суддзя Уільямс параўнаў справу з «Халодным домам» Дзікенса — бясконцай цяжбай, якая пагражае з'есці ўсю спадчыну.

Рашэнне

7 сакавіка 2025 года суддзя Уільямс прызнаў, што завяшчанне не забяспечыла ўдаву разумна.

Дашлюбныя пагадненні суд адхіліў: без юрыдычнай дапамогі, пры нераўнавазе бакоў і недастатковай англійскай яны не маюць вагі. Хоць Клейн нажыў багацце яшчэ да шлюбу, амаль 17‑гадовы шлюб, выхаванне сына і вядзенне дома пераважылі.

Алене прысудзілі сямейны дом у раёне Хендан на поўначы Лондана без іпатэкі (каля £1 мільёна) і адзіную суму £1 864 089 — на бягучыя патрэбы, капіталізаваны прыбытак і ўтрыманне сына. Разам — каля £2,86 мільёна як абсалютны мінімум. Калі ж маёмасць удасца ацаніць больш чым на £7,16 мільёна, удава атрымае 40% усёй чыстай вартасці. Выдаткі на працэс ускладзены на Адлер і спаганяцца будуць з яе долі ў спадчыне.

Грошы Алене выплацяць часткамі: рэальная вартасць маёмасці дагэтуль не вызначаная, а кампаніі толькі мусяць быць распрададзеныя. Пакуль гэтага не адбудзецца, ніводзін з пералічаных у завяшчанні — ні сваякі, ні дабрачынныя фонды — не атрымае нічога.

Каментары16

  • Алекс
    06.06.2026
    Олени не переводятся)
    Хорошо так заработала п...

    [Зрэдагавана]
  • Нефанатка
    06.06.2026
    Суладзе текст перешлите😂
  • Док
    06.06.2026
    - Отец, я согрешил. Я обманул еврея.
    - Какой же это грех, Юзик, это же чудо!

Цяпер чытаюць

Музыка Цім Суладзэ: Розніца 30 гадоў — тое, што адпавядае маім уяўленням пра адносіны41

Музыка Цім Суладзэ: Розніца 30 гадоў — тое, што адпавядае маім уяўленням пра адносіны

Усе навіны →
Усе навіны

Вы таксама часта чуеце гул у вушах, якога іншыя не чуюць? Навукоўцы знайшлі тлумачэнне3

Зяленскі: На жаль, расійскі бок зноў выбірае вайну1

50 чалавек ехалі на грузавіку праз пустыню Сахара. Грузавік зламаўся, і амаль усе памерлі ад смагі1

У Бразіліі 37‑гадовая жанчына выдавала сябе за 12‑гадовую і трапляла ў прыёмныя сем'і, дзе жыла за чужы кошт7

Кіроўца, які ўляцеў на шалёнай хуткасці ў падземны пераход у Кіеве, перад тым справакаваў чатыры ДТЗ1

Лукашэнка ў Гродне згадаў пра Ціханоўскую ва Украіне і расказаў пра цяжкую долю беларускіх дактароў на Захадзе29

Магілёўскія студэнты зрабілі адкрыццё, разбіраючы даўнюю археалагічную калекцыю1

Загінуў калмыцкі Герой Расіі, які летась праславіўся, дакладваючы Пуціну пра поспехі13

«Выглядае як жарт». У беларускі спісалі 3740 BYN за 6 хвілін у роўмінгу4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Музыка Цім Суладзэ: Розніца 30 гадоў — тое, што адпавядае маім уяўленням пра адносіны41

Музыка Цім Суладзэ: Розніца 30 гадоў — тое, што адпавядае маім уяўленням пра адносіны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць