У Бразіліі 37‑гадовая жанчына выдавала сябе за 12‑гадовую і трапляла ў прыёмныя сем'і, дзе жыла за чужы кошт
Сваю дарослую знешнасць яна тлумачыла гармонамі і аўтызмам. І ёй верылі.

37‑гадовая Аманда Марыя Соўза дэ Алівейра распрацавала дэталёвую схему маніпуляцыі, якая дапамагала ёй на працягу доўгага часу паспяхова выдаваць сябе за 12‑гадовую дзяўчынку, каб трапляць у сем’і і атрымліваць фінансавую падтрымку ад дабрачынных арганізацый.
Паводле звестак следства, на якое спасылаецца выданне Folha de S.Paolo, гісторыя працягвалася з 2018 года. Аманда выкарыстоўвала фальшывыя імёны і выдумляла гісторыі пра жорсткае абыходжанне. Махлярка звычайна знаходзіла ахвяр, сцвярджаючы, што ўцякла ад гвалту, прымусовай прастытуцыі або здзекаў з боку сваякоў.
Каб выклікаць давер, як піша The Sun, жанчына штучна змяняла голас, карысталася дзіцячымі бутэлечкамі, пустышкамі і спецыяльнай коўдрай для сну. Яе паводзіны цалкам імітавалі псіхалогію дзіцяці, уключаючы начныя прыступы панікі і эмацыйную залежнасць ад «бацькоў».

Паводле следства, жанчына сцвярджала, што пакутуе ад аўтызму і іншых захворванняў. Калі ж узнікалі пытанні наконт яе дарослай знешнасці, яна тлумачыла гэта нібыта прымусовым ужываннем гармонаў у дзяцінстве, якое, паводле яе слоў, паўплывала на фізічнае развіццё.
Апошні і самы працяглы эпізод адбыўся ў горадзе Жаінвілі (Joinville), штат Санта-Катарына. Там Алівейра змагла пераканаць сямейную пару прыняць яе ў свой дом. На працягу 14 месяцаў сужэнцы клапаціліся пра яе як пра родную дачку, зладзілі свята ў гонар яе дня нараджэння і нават пачалі працэс афіцыйнага ўсынаўлення.
Акрамя таго, сям’я аплачвала дарагое лячэнне прэпаратам Mounjaro, бо Аманда сцвярджала, што мае сур’ёзныя праблемы са здароўем з-за перажытага ў дзяцінстве гвалту. Пры гэтым яна ўсяляк пазбягала размоў пра юрыдычнае афармленне дакументаў і ніколі не мела пры сабе пасведчання асобы.
Канец шматгадоваму падману паклала пільнасць аднаго са сваякоў сям’і з Жаінвілі. Западозрыўшы няладнае, ён пачаў шукаць інфармацыю ў інтэрнэце і наткнуўся на паведамленні пра падобныя выпадкі ў іншых гарадах. Паліцыя, выкліканая сям’ёй, хутка вызначыла сапраўдную асобу і ўзрост махляркі.
Паводле следчых, падобныя сцэнарыі Аманда выкарыстоўвала як мінімум у сямі выпадках у розных рэгіёнах Бразіліі.
Паведамляецца, што ў 2024 годзе яна была затрымана паліцыяй ў Гаясе. Тады выкрыць падман дапамагла адна з валанцёрак, якая апекавалася махляркай. Яна заўважыла металічныя іголкі, якія пачалі выходзіць з цела Аманды. Гэта выглядела як наступствы катаванняў і добра ўпісвалася ў яе гісторыю пра бацьку, які нібыта займаўся вядзьмарствам і рытуаламі.
Жанчына арганізавала медыцынскае абследаванне. Доктар, які праводзіў агляд, прызнаўся, што за многія гады практыкі ніколі не сустракаўся з падобным: рэнтгенаўскія здымкі выявілі ў целе жанчыны больш за 200 іголак.

Менавіта тады медыцынскі персанал змог высветліць рэальны ўзрост жанчыны, а паліцыя пазней апублікавала гэтыя здымкі як доказ афёры.
Хоць улады Гаяса затрымалі Алівейру за падробку асобы, яна так і не пачала адбываць прызначанае пакаранне. Сама махлярка пазней заяўляла, што пазбегнуць турмы ёй дапамог знаёмы капітан ваеннай паліцыі, з якім яна звязалася пасля выкрыцця. Гэтая беспакаранасць дазволіла ёй бесперашкодна з’ехаць у іншы штат і пачаць наступную, самую працяглую аферу ў Жаінвілі.
Пасля арышту Аманда дэ Алівейра прызналася ў сваіх дзеяннях. На гэты момант яна знаходзіцца ў жаночай турме ў чаканні вынікаў судова-псіхіятрычнай экспертызы. Даследаванне павінна вызначыць, ці з’яўляюцца яе ўчынкі вынікам свядомага махлярства, ці яны абумоўлены глыбокімі псіхічнымі праблемамі.
Каментары