У Гомелі беларуса асудзілі, імаверна, па новай справе «рэйкавых партызанаў»
У Гомельскім абласным судзе вынеслі прысуд 65‑гадоваму жыхару вёскі Лагуны Добрушскага раёна Сяргею Стасенку.

Яму прыпісалі замах на «акт тэрарызму» (ч. 2 арт. 289 КК), «незаконныя дзеянні датычна вогнястрэльнае зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў» (ч. 4 арт. 295 КК), «наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку ці шляхоў зносінаў» (ч. 4 арт. 309 КК), «здраду дзяржаве» (ч. 1 арт. 356 КК), «стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім» (ч. 3 арт. 361‑1 КК).
Мяркуючы з артыкулаў, мужчына меў намер пашкодзіць чыгунку, піша «Гомельская вясна».
Вынесены прысуд высвятляецца, але зразумела, што ён звязаны з пазбаўленнем волі. Беларусу пагражала да 20 гадоў пазбаўлення волі.
Мужчына жыў у вёсцы Лагуны, побач з якой праходзіць чыгунка ў бок украінскага горада Гарадня, а таксама недалёка размешчаны вайсковы аэрадром.
Каментары