Гэта мадэль сабора Саграда Фамілія ў Барселоне. У камплекце будзе 12 060 дэталяў. Зборка зойме ад 25 да 35 гадзін.

Lego выпусціла найбуйнейшы набор за ўсю гісторыю кампаніі — мадэль сабора Саграда Фамілія ў Барселоне. У камплекце будзе 12 060 дэталяў, на 365 больш, чым у папярэдняга рэкардсмена, Lego-карты свету 2021 года.
Гатовая мадэль вышынёй 62 сантыметры і шырынёй 47 сантыметраў будзе паўтараць парадак будаўніцтва рэальнага сабора: ад крыпты і фасада Раства да вежаў і галоўнага ўваходнага фасада, піша Bild.
Паводле ацэнкі спецыялізаванага часопіса Stonewars, зборка зойме ад 25 да 35 гадзін.

Набор ужо можна замовіць у анлайн-краме Lego, але пастаўкі пачнуцца толькі 1 лістапада 2026 года. Кошт мадэлі — 749 еўра.
Дызайнер Lego Рок Жгалін Кабэ сказаў, што мэтай было «з вялікай павагай аддаць даніну бачанню Гаўдзі».
«Гэта не толькі найбуйнейшы набор Lego усіх часоў, але і мадэль аднаго з самых амбіцыйных архітэктурных твораў свету», — дадаў ён.

Каментары