Грамадства1313

Дэлегатка КР Мамаева: Адно з абвінавачванняў, што я перасылала скрыншоты ўнутранай перапіскі спісу іншым асобам

Аляксандра Мамаева пракаментавала «Белсату» сітуацыю вакол вынясення ёй вотуму недаверу. Паводле яе слоў, такая працэдура не прадугледжаная ні дакументамі самой фракцыі «Еўрапейскі выбар», ні статутам Каардынацыйнай рады.

Палітык адзначыла, што публічная заява пра вотум недаверу ўтрымлівала спасылкі на нібыта існыя рызыкі для бяспекі, аднак ніякіх доказаў або фактаў, якія б пацвярджалі гэтыя сцвярджэнні, нададзена не было. Паводле Мамаевай, напярэдадні на ўнутранай сустрэчы фракцыі быў агучаны дакумент з абвінавачваннямі ў яе адрас, але азнаёміцца з ім ёй не дазволілі. Акрамя таго, дакумент быў ананімным і не выносіўся на паўнавартаснае абмеркаванне.

Расказваючы пра сутнасць прэтэнзіяў, Мамаева паведаміла, што адным з абвінавачванняў былі сцвярджэнні аб нібыта перадачы ёю ўнутранай перапіскі спісу трэцім асобам:

«Адным з абвінавачванняў было тое, што я нібыта перасылала скрыншоты ўнутранай перапіскі спіса іншым асобам. Гэтага ніколі не было, я гэтага не рабіла, і ніякіх доказаў нададзена не было. Гаворка ішла не пра перадачу інфармацыі КДБ, а ўвогуле пра нібыта перасылку матэрыялаў камусьці па-за межамі спіса».

Якія яшчэ прэтэнзіі?

Яшчэ адной прэтэнзіяй, паводле яе, сталі абвінавачванні ў прысваенні вынікаў чужой працы. Таксама некаторыя чальцы фракцыі выказалі незадаволенасць тым, што яна загадзя праводзіла кансультацыі адносна будучай працы міжнароднай камісіі.

Мамаева не адмаўляе, што такія кансультацыі сапраўды адбываліся, але падкрэслівае, што гэта ўваходзіла ў ейныя службовыя абавязкі як кіраўніцы міжнароднай камісіі.

«Мне ставілі ў віну тое, што я праводжу кансультацыі наконт далейшай працы і фармавання міжнароднай камісіі. Аднак гэта адпавядае рэчаіснасці, бо я працягваю працаваць як кіраўніца міжнароднай камісіі. Мандат дэлегацыі ў ПАРЕ быў працягнуты, таму мая праца таксама працягваецца», — патлумачыла яна.

Паводле Мамаевай, пасля выбараў у КР міжнародную камісію неабходна сфармаваць нанова. Менавіта таму яна пачала папярэднія кансультацыі з прадстаўнікамі розных фракцыяў, каб паскорыць гэты працэс.

«На пасяджэнні міжнароднай камісіі мы абмяркоўвалі неабходнасць як мага хутчэй сфармаваць новы склад камісіі і пачаць яе працу. Таму я загадзя праводзіла кансультацыі наконт таго, каго фракцыі плануюць вылучаць у камісію і над якімі напрамкамі варта працаваць», — адзначыла яна.

Палітык падкрэсліла, што пра гэтую працу было вядома кіраўніцтву спіса:

«Лідар нашага спіса Валерый Мацкевіч уваходзіць у міжнародную камісію, ведае пра гэтую дзейнасць, і ў нас ёсць зафіксаваны пратакол адпаведнай дамоўленасці».

Палітычная барацьба ўнутры спісу?

Мамаева таксама адхіліла абвінавачванні ў тым, што нібыта праводзіла перамовы ад імя ўсёй фракцыі.

«Гэта не адпавядае рэчаіснасці. Я ніколі не выступала ад імя фракцыі, тым больш што ўнутры спіса гэтае пытанне яшчэ не абмяркоўвалася. Уся праца, якую я праводзіла, ажыццяўлялася выключна ў межах маіх паўнамоцтваў у міжнароднай камісіі», — падкрэсліла яна.

Каментуючы сам працэс вынясення вотуму недаверу, Мамаева заявіла, што ўважае яго несправядлівым і непразрыстым. Паводле яе ацэнкі, пастанова прымалася без яе ўдзелу, без доступу да матэрыялаў, на якіх грунтаваліся абвінавачванні, і без магчымасці даць тлумачэнні.

Яна таксама бачыць у гэтай сітуацыі прыкметы палітычнай барацьбы ўнутры спіса:

«Я мяркую, што такія публічныя заявы могуць нанесці шкоду маёй асабістай, дзелавой і палітычнай рэпутацыі, а таксама маюць прыкметы нядобрасумленнай палітычнай канкурэнцыі. У спісе ёсць некалькі асобаў, якія падобныя абвінавачванні выказвалі мне і раней. Таму я разглядаю тое, што адбываецца, як мэтанакіраваную кампанію супраць мяне групы людзей».

КДБ ужо прапанаваў супрацу

На пытанне, ці магла цяперашняя сітуацыя быць звязаная з ранейшымі паведамленнямі пра спробы вербавання з боку КДБ, Мамаева адказала, што ніякіх пытанняў на гэты конт ад чальцоў фракцыі не паступала.

«Пра ўсе такія спробы, якія былі, я заўсёды інфармавала кіраўніка фракцыі Валерыя Мацкевіча. Я таксама інфармавала камісію датычна бяспекі Каардынацыйнай рады. Калі гэта тычылася маёй працы ў Народных амбасадах, то інфармацыя таксама перадавалася адпаведным структурам. Акрамя таго, усе звесткі пра такія пагрозы і спробы вербавання я перадавала ў паліцыю і службу бяспекі Славеніі, бо гэта знаходзіцца ў іх юрысдыкцыі», — сказала яна.

Пры гэтым Мамаева звярнула ўвагу на тое, што адбылося пасля публікацыі заявы пра вотум недаверу.

«Літаральна праз пяць хвілін пасля публікацыі на канале «Еўрапейскага выбару» мне прыйшлі паведамленні ад двух асобаў, якія раней спрабавалі мяне вербаваць, з прапановамі супрацы. Гэта паказвае, што падобныя сітуацыі адразу выкарыстоўваюцца рэжымам і КДБ для расколу дэмакратычнай супольнасці», — заявіла яна.

Мамаева заявіла, што мае намер публічна абараняць сваё імя і выкарыстоўваць усе прадугледжаныя законам механізмы для абароны сваёй рэпутацыі.

У каментары «Нашай Ніве» Мамаева падкрэсліла: вотум недаверу ёй не звязаны з Алінай Харысавай (яна дасылала пераведамленні «СБУ», якой насамрэч аказаўся КДБ).

«Я не супрацоўнічаю з СБУ ці КДБ, хаця яны зараз вельмі актывізаваліся вось літаральна сёння пасля публікацыі ў гэтым накірунку. Я ніколі не рабіла нейкія запісы паседжанняў чата «Еўрапейскі выбар» ці спісу «Еўрапейскі выбар» і ніколі нікому ніякія скрыны ці сэнсетыўную інфармацыю не перасылала». 

Мамаева застаецца ў «Еўрапейскім выбары» і працягвае сваю працу ў міжнароднай камісіі да першага паседжання Каардынацыйнай рады.

«А калі казаць пра прычыны, я думаю, што гэта нядобрасумленная палітычная канкурэнцыя, якая зараз адбываецца ў спісе «Еўрапейскі выбар», калі ёсць людзі, якія прэтэндуюць на пасады ў міжнароднай камісіі, у дэлегацыях, і вось такім чынам вотумам недаверу спрабуюць прымусіць мяне сысці з Каардынацыйнай рады, каб на маё месца мог прыйсці са спісу чалавек, які далей ідзе ў спісе і прэтэндаваць таксама на пасады і ў міжнароднай камісіі, і ў дэлегацыях».

Брухан: Фракцыя не можа пазбавіць Мамаеву мандату

Спікер КР Арцём Брухан таксама ў размове з «Белсатам» выказаўся наконт вотуму недаверу Аляксандры Мамаевай і растлумачыў працэдурны бок пытання. Паводле яго, унутраныя рашэнні фракцыі ёсць яе ўласнай справай і не рэгулююцца Статутам Каардынацыйнай рады. У той жа час статус дэлегата КР рэгламентуецца менавіта Статутам і рашэннямі выбарчай камісіі.

Брухан падкрэсліў, што Мамаева атрымала мандат дэлегата ад выбарцаў, аднак яшчэ не ўступіла ў поўныя паўнамоцтвы. Таму, паводле яго, фракцыя не можа аднабакова пазбавіць яе статусу дэлегата Каардынацыйнай рады.

«Каб пазбавіць яе мандата ў Каардынацыйнай радзе, трэба рашэнне дзвюх трацін і вынясенне вотуму недаверу не фракцыяй, а ўвогуле Каардынацыйнай радай», — адзначыў ён.

Пры гэтым ён удакладніў, што да першага пасяджэння ўсе падобныя рашэнні застаюцца ўнутранымі працэсамі фракцыі і не маюць наўпроставага ўплыву на мандат дэлегата.

Брухан таксама адзначыў, што з пададзенага публічна паведамлення не зусім зразумелая сутнасць канфлікту, і заклікаў чакаць больш поўнай інфармацыі пасля першага пасяджэння Каардынацыйнай рады.

Паводле яго, магчыма, што ў выніку Мамаева застанецца ў фракцыі, стане пазафракцыйнай або самастойна прыме рашэнне пра далейшы статус.

Ён дадаў, што цяпер важна дачакацца першага пасяджэння КР, якое павінна адбыцца да 22 чэрвеня.

Брухан адзначыў, што канчатковыя працэдурныя крокі і статус усіх бакоў будуць зразумелыя ўжо пасля гэтага пасяджэння.

Сама фракцыя «Еўрапейскі выбар» пакуль не пракаментавала сітуацыю.

Каментары13

  • He's
    06.06.2026
    Ўтварылі лукашэнкаўскае судзілішча без абвінаваўчага, без доступу да дакументаў, без навогул якога небудзь права на абарону, без неабходнай працэдуры якая існуе ў эўрапейскіх парламенцкіх краінах.
    Там хто небудзь навогул можа патлумачыць што яны знаходзяцца ў Эўропе і належыць адмовіцца ад лукашэнаўскіх судзілішч і інтрыг, а пачаць хоць крыху жыць па чалавечы, па людску. Даведацца як працуе парламент ў эўрапейскіх краінах са сталай дэмакратыяй, а не ператвараць Раду ў лукашызм ды КПСС?
  • Друг Гриша
    06.06.2026
    Пить меньше, Саша, надо и материться где надо и где не надо. Людей обманывать. Хотела медальку? Власти? Заигралась. Плела паутинку и запуталась в ней сама. Огепе.
  • Ну
    06.06.2026
    He's, выпадкова паставіў дызлайк вашаму допісу (хацеў падабайку). Чамусьці на НН няма магчымасці перанаціснуць (змяніць рэакцыю).

Цяпер чытаюць

Музыка Цім Суладзэ: Розніца 30 гадоў — тое, што адпавядае маім уяўленням пра адносіны38

Музыка Цім Суладзэ: Розніца 30 гадоў — тое, што адпавядае маім уяўленням пра адносіны

Усе навіны →
Усе навіны

Вы таксама часта чуеце гул у вушах, якога іншыя не чуюць? Навукоўцы знайшлі тлумачэнне3

Зяленскі: На жаль, расійскі бок зноў выбірае вайну1

50 чалавек ехалі на грузавіку праз пустыню Сахара. Грузавік зламаўся, і амаль усе памерлі ад смагі1

У Бразіліі 37‑гадовая жанчына выдавала сябе за 12‑гадовую і трапляла ў прыёмныя сем'і, дзе жыла за чужы кошт7

Кіроўца, які ўляцеў на шалёнай хуткасці ў падземны пераход у Кіеве, перад тым справакаваў чатыры ДТЗ1

Лукашэнка ў Гродне згадаў пра Ціханоўскую ва Украіне і расказаў пра цяжкую долю беларускіх дактароў на Захадзе29

Магілёўскія студэнты зрабілі адкрыццё, разбіраючы даўнюю археалагічную калекцыю1

Загінуў калмыцкі Герой Расіі, які летась праславіўся, дакладваючы Пуціну пра поспехі13

«Выглядае як жарт». У беларускі спісалі 3740 BYN за 6 хвілін у роўмінгу4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Музыка Цім Суладзэ: Розніца 30 гадоў — тое, што адпавядае маім уяўленням пра адносіны38

Музыка Цім Суладзэ: Розніца 30 гадоў — тое, што адпавядае маім уяўленням пра адносіны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць