Зборныя згуляюць асаблівы матч чэмпіянату свету ў гонар ЛГБТ. Абодва ўдзельнікі супраць, але ФІФА выступае за інклюзіўнасць і павагу, піша sports.ru.

Яшчэ да лёсавання арганізацыйны камітэт Сіэтла абвясціў, што запланаваны на 26 чэрвеня (у Еўропе будзе раніца 27 чэрвеня) матч турніру будзе прысвечаны ЛГБТ. У той момант удзельнікі гульні былі невядомыя.
Пасля лёсавання стала зразумела: у Сіэтле ў гэты дзень у трэцім туры групы G сустрэнуцца Іран і Егіпет. У Сіэтле запланавана яшчэ некалькі гульняў ЧС: Бельгія — Егіпет (15 чэрвеня), ЗША — Аўстралія (19 чэрвеня), Боснія і Герцагавіна — Катар (24 чэрвеня) і два матчы плэй-оф (1 і 6 ліпеня).
Егіпет і Іран заклікалі ФІФА ўмяшацца ў правядзенне мерапрыемстваў у рамках прайду ЛГБТК+. У лісце Футбольнай асацыяцыі Егіпта гаворыцца, што такія мерапрыемствы супярэчаць культурным і рэлігійным каштоўнасцям краін-удзельніц.
Кіраўнік Іранскай футбольнай федэрацыі Мехдзі Тадж заявіў, што Тэгеран і Каір выказалі «пярэчанні па гэтым пытанні». На яго думку, гэта «нерацыянальны крок, які падтрымлівае пэўную групу».
Паводле даных The Guardian, ФІФА адхіліла просьбу абедзвюх федэрацый, палічыўшы, што фармат матчу будзе прытрымлівацца ідэі інклюзіўнасці і павагі і не можа быць зменены пад патрабаванні асобных краін.
Таму перад пачаткам гульні будзе тэматычная сімволіка, фанатам дазволяць прыносіць вясёлкавыя сцягі, а ў капітанаў будуць абавязковыя павязкі.
У Егіпце гомасэксуальныя адносіны забароненыя. У Іране максімальнае пакаранне за гомасэксуальныя адносіны — смяротнае пакаранне.
На стадыёне будуць сцягі ЛГБТ, хоць Іран патрабаваў абыйсціся без іх.
Эрык Уол, член кансультатыўнага камітэта «Сіэтл Прайд Матч», растлумачыў, што гэтыя святкаванні — частка культуры Сіэтла, таму яны павінны паважацца гасцявымі камандамі.
«Ведаю, што Егіпет звяртаецца з петыцыяй да ФІФА, але гэта ўздымае этычныя пытанні, — адзначыў Уол. — У Катары яны казалі, што мы павінны паважаць культуру».
Уол нагадаў, што на чэмпіянаце свету ў Катары ФІФА пагражала жоўтымі карткамі гульцам з павязкай OneLove у падтрымку правоў ЛГБТ — з-за гэтага англічане і валійцы не сталі іх насіць. У Катары аднаполыя адносіны не легалізаваныя, шлюбы забароненыя.
Уол заявіў, што мерапрыемствы пройдуць па ўсім горадзе, а не толькі на матчы. «Мы не маем дачынення да таго, што адбываецца ўнутры стадыёна, але наяўнасць сцягоў Pride на стадыёне — гэта тыпова для Сіэтла», — дадаў член кансультатыўнага камітэта. Паводле яго слоў, мерапрыемствы пачалі рыхтаваць яшчэ ў канцы 2024 года. «Ніколі не было стратэгічнага намеру нашкодзіць камусьці або прымусіць ФІФА адчуць сябе пэўным чынам», — запэўніў Уол.
У горадзе будзе шмат плакатаў, таксама арганізуюць гістарычны маршрут, прысвечаны ЛГБТ. У планах — выставы мастацкіх твораў, святкаванне вакол стадыёна і па ўсім горадзе.
А Іран даваў ФІФА спіс з дзесяці ўмоў для ўдзелу ў чэмпіянаце свету. Сярод ключавых патрабаванняў — строгая забарона на дэманстрацыю неафіцыйных або непрынятых сцягоў, у прыватнасці ЛГБТ, на стадыёне.
Каментары