«Выглядае як жарт». У беларускі спісалі 3740 BYN за 6 хвілін у роўмінгу
У сацыяльнай сетцы Threads адна з карыстальніц падзялілася гісторыяй пра кошт мабільнага інтэрнэту ў міжнародным роўмінгу. У абанента спісалі 3740,75 рубля (каля $1350) за знаходжанне ў сетцы на працягу 6 хвілін. Выданне Myfin.by звязалася з дзяўчынай і папрасіла расказаць пра сітуацыю падрабязней.

«Падтрымка запэўнівае, што такія вот тарыфы»
Аляўціна 29 мая паляцела ў Грузію, а як толькі самалёт прызямліўся, адключыла на смартфоне «авіярэжым», каб уключыць eSIM, якую загадзя спампавала і аплаціла.
«Але яна выдала памылку, і мне пачалі прыходзіць назапашаныя за час палёту смс і аўдыяпаведамленні ў Telegram».

Згодна з афіцыйнай дэталізацыяй, якую абанентка атрымала пазней, сесія працягвалася роўна 6 хвілін. За гэты час апарат у фонавым рэжыме паспеў спампаваць 110 мегабайтаў даных. Нумар заблакавалі.

«У службе падтрымкі аператара МТС мне пацвердзілі, што ніякай памылкі тут няма, спісанне адбылося карэктна згодна з дзейным тарыфам. Аказваецца, базавы тарыф на інтэрнэт-трафік у Грузіі складае 33 рублі за 1 мегабайт. У маіх сяброў з Расіі кошт роўмінгу ў аналагічных умовах абыходзіцца роўна ў 100 разоў танней».
Аляўціна адзначае, што паўтара года таму ўжо лётала ў Грузію з гэтым самым нумарам, і тады падобных інцыдэнтаў не здаралася.
У найбліжэйшыя тры месяцы Аляўціна вяртацца ў Беларусь не плануе. Аднак у падтрымцы заявілі, што гатовыя разгледзець варыянт растэрміноўкі або адтэрміноўкі плацяжу па гэтым даўгу, але для гэтага трэба з'явіцца ў офіс МТС у Мінску асабіста і напісаць заяву.
Журналісты папрасілі МТС пракаментаваць сітуацыю. Вось які адказ быў атрыманы:
«Пры актывацыі eSIM іншых сэрвісаў патрабуецца абавязковае падключэнне да інтэрнэту — праз Wi-Fi або мабільныя даныя. У гэтым выпадку абанент скарыстаўся інтэрнэт-трафікам з памегабайтнай тарыфікацыяй, не падключыўшы аптымізуючыя паслугі.
Самае надзейнае рашэнне ў такіх сітуацыях — загадзя падключыць паслугі, якія прадухіляюць неспадзяваныя выдаткі. Напрыклад, у Грузіі даступныя інтэрнэт-пакеты ад 1 ГБ за 25 рублёў да 10 ГБ за 60 рублёў.
А ўжо з 5 чэрвеня абанентам МТС і ўвогуле не прыйдзецца турбавацца пра вялікія налічэнні, лакальную SIM-карту, eSIM або Wi-Fi: замест памегабайтнай тарыфікацыі ва ўсіх партнёраў па інтэрнэт-роўмінгу пачнуць па змаўчанні дзейнічаць сутачныя інтэрвалы ў большасці папулярных кірункаў: першыя два крокі па 0,5 ГБ (ад 15 рублёў), далей па 1 ГБ (ад 22 рублёў), якія зробяць роўмінг празрыстым, даступным і абароняць ад падобных сітуацый нават тых, хто забыўся падключыць пакет».
Каментары