Спала 6 гадзін, працавала, вучылася ў выходныя, на курсы зарабіла сама: цана 100 балаў на ЦЭ для школьніцы з Беразіна
Ганна Уласава здала грамадазнаўства і рускую мову на 100 балаў кожны прадмет, а гісторыю Беларусі — на 99, піша «Мінская праўда».

Рыхтавацца да ЦЭ Ганна пачала ўжо працуючы. У 16 гадоў — без згоды бацькоў — яна ўладкавалася барыстай, потым бармэнам. Усе заняткі з рэпетытарамі аплачвала самастойна.
Падлічым разам:
- руская мова — каля 2500 рублёў (заняткі з ліпеня).
- грамадазнаўства — каля 2700 рублёў.
- гісторыя Беларусі (курсы «Кедр») — 554 рублі за 3 месяцы.
Усяго на падрыхтоўку — больш за 5 тысяч рублёў. Ганна зарабіла гэтыя грошы сама.
— Колькі гадзін на дзень? Калі працую — не займаюся наогул. У выходныя — па 3‑4 гадзіны. Спала 6‑7 гадзін, часам 8, калі шанцавала, — расказвае дзяўчына.
Ключавой фігурай у падрыхтоўцы Ганны стала Юлія Генадзьеўна Сушынская, рэпетытарка. Яна раней працавала ў гімназіі, а цяпер займаецца толькі прыватнай практыкай. І падыход у яе не «натрэніраваць на тэсты», а навучыць разумець матэрыял.
— Калі працуеш на разуменні, а не на словах-маркерах, то і з фармулёўкамі праблем няма, — тлумачыць Ганна.
Відаць, гэта працуе: па грамадазнаўстве — 100 балаў.
На пытанне пра тое, што адцягвае сучасных школьнікаў, Ганна адказвае коратка:
— Я ўвогуле чалавек асацыяльны. Ні TikTok, ні доўгіх пасядзелак у сацсетках.
— Сяброў мала, гуляць не клічуць. Замест гэтага — праца, канспекты і адна звышмэта.
У 2025 годзе прахадны бал на факультэт філасофіі і сацыяльных камунікацый (дзе вучылася мама Ганны) складаў 382.
У Ганны па суме трох прадметаў — 389—390 плюс гісторыя на 99 балаў (адна памылка).
Першы ЦЭ па грамадазнаўстве прайшоў для Ганны спакойна: яна выцягнула любімы нумар 14, села за пяты варыянт і «нікога не чапала».
А вось на рускай мове атмасфера была іншай.
— Пасля таго як на першым ЦЭ знайшлі парушэнні, на другім заходзіла камісія, здымалі файлы, вытрасалі кішэні. Атмасфера была вельмі напружаная, — успамінае дзяўчына.
У самы адказны момант адбыўся збой: пераносячы адказы ў бланк, яна пераблытала заданні. Закрэсліла, выправіла.
— Думала: камп'ютар не прачытае. Але чалавек, можа, зразумее.

Патэлефанавала рэпетытару з адным пытаннем пра фразу «паветра было насычана таямніцай» — гэта дапаўненне ці частка выказніка? Супакоілася.
А потым прыйшла SMS.
— Сядзела, абнаўляла сайт РІКВ з трэцяй гадзіны. Сайт «лёг». У Telegram напісалі: чакайце SMS. Праз паўгадзіны прыйшла. Я ўздыхнула з палёгкай.
Ганна пералічвае, чым заплаціла за поспех.
— Не малявала, не чытала, нічога са старых захапленняў не рабіла. Толькі вучылася, працавала і спала.
Нават здароўе не вытрымала: абвастрыўся атапічны дэрматыт. Пасля экзаменаў давялося легчы ў бальніцу, каб лячыць рукі.
— Ганна, Беразіно для цябе нешта значыць?
— Вядома. Тут прайшло маё дзяцінства. Я люблю бабулю, ведаю ўсіх яе сяброў. Гэта мой горад, і ён прынёс мне ўдачу.
Ганна самастойна вывучыла хімію, фізіку і матэматыку за паўтара года. Цяпер плануе паступаць на журфак або факультэт філасофіі — туды, дзе вывучаюць інфармацыю і камунікацыю. Як мама.
«Спасибо, Лена! Продолжайте вести наблюдение». Афіцэр, які пісаў Харысавай, пасвіўся ў чатах палітэміграцыі, а некаторым дзяўчатам нават прапаноўваў абмяняцца нюдсамі
Каментары
і чамусьці я ёй веру