Спорт44

Вікінг супраць англасакса: Холанд і Кейн выводзяць Нарвегію і Англію на апошні бой

Хто найлепшы Эрлінг Холанд ці Гары Кейн? Дазнаемся сёння ноччу.

Сёння апоўначы адны з найвыдатнейшых форвардаў у сучаснай гісторыі самай папулярнай футбольнай лігі свету — англійскай Прэм’ер-лігі — выведуць свае зборныя на вырашальную бітву за выхад у паўфінал чэмпіянату свету. Два гіганты сусветнага футбола — нарвежац Эрлінг Холанд і англічанін Гары Кейн — сыдуцца тварам да твару і, магчыма, нарэшце паставяць кропку ў спрэчцы пра тое, хто з іх найлепшы і чаму, піша Бі-бі-сі.

Супрацьстаянне Кейн — Холанд не такое яркае і вострае, як больш вядомыя дуэлі Месі — Раналду або Ямаль — Белінгем, паколькі яны правялі ў адной лізе ўсяго адзін сезон. Але іх кар’еры цесна перапляліся, і матч Англія — Нарвегія стане для абодвух рэдкай магчымасцю асабіста высветліць, хто мацнейшы.

Гары Кейн. Фота: AP Photo/Colin Hubbard

Гары Кейн — лідар і твар зборнай Англіі. Эрлінг Холанд — таран і талісман зборнай Нарвегіі. Абодва — нацыянальныя сімвалы. На гэтым падабенства заканчваецца і пачынаюцца цікавыя адрозненні.

Кейн — сямейны, разважлівы і стрыманы чалавек. Холанд — свой хлопец, здаровы і магутны, выглядае крыху дзікавата, але заўсёды шырока ўсміхаецца і ўсім задаволены. Напрыканцы ліпеня Кейну споўніцца 33 гады, Холанду — 26. У Холанда — 60 мільёнаў падпісчыкаў у Instagram, у Кейна — утрая менш.

Эрлінг Холанд. Фота: Tom Weller / picture alliance via Getty Images

Холанд — ідэальны герой для сацыяльных сетак.

Па-за полем ён пастаянна жартуе і дурэе, ствараючы самы папулярны вірусны кантэнт. А на полі яму амаль няма роўных: нават людзі, далёкія ад футбола, дзеляцца ролікамі, у якіх Холанд выглядае сапраўдным волатам.

Вось ён — увасабленне нястрымнай сілы: імчыць па полі сямімільнымі крокамі і лёгка раскідвае назойлівых абаронцаў у штрафной. Вось ён — увасабленне непахіснай перашкоды: стаіць, як скала, ад якой адзін за адным камічна адлятаюць усе, хто спрабуе збіць яго з ног або хаця б зрушыць з месца.

Кейн — поўная супрацьлегласць. Яго лад жыцця больш сціплы.

Ён жанаты са сваёй школьнай каханай, выхоўвае чацвярых дзяцей. Публічна аддае перавагу размовам пра сям’ю, каманду і дабрачыннасць. Гэта надзейны і дысцыплінаваны прафесіянал, паважаны лідар.

Яго галоўнае захапленне — гольф. Не самы ўдалы вобраз для TikTok і Instagram.

Розніца ў характары двух гігантаў англійскага футбола дзіўным чынам адлюстроўвае і розніцу іх шляху да поспеху.

У Кейна — доўгі і пакутлівы шлях праз церні да зорак. У Холанда — яркі і імклівы прарыў, сапраўдны волатаўскі наскок.

З Кейнам асацыююцца пакуты англійскіх заўзятараў і невыносна доўгае чаканне моманту, калі Кубак свету нарэшце «вернецца дадому», як спяваюць фанаты мужчынскай зборнай Англіі, чый апошні і адзіны трыумф на чэмпіянаце свету адбыўся 60 гадоў таму — у 1966 годзе. Нават чэмпіянат Еўропы мужчынская зборная не можа выйграць, тады як жаночая ўжо двойчы запар стала чэмпіёнкай Еўропы і дайшла да фіналу чэмпіянату свету.

І асабіста Кейну не шанцавала ўсе 14 сезонаў у Англіі. Ён быў лідарам і сімвалам «Тотэнхэма», але клуб за гэтыя гады так нічога і не выйграў. Толькі перайшоўшы ў Германію ўжо прызнанай легендай англійскага футбола, Кейн атрымаў партнёраў найвышэйшага ўзроўню ў складзе мюнхенскай «Баварыі» і летась нарэшце пацалаваў свой першы чэмпіёнскі кубак.

На той момант яму было ўжо амаль 32 гады.

Фота: Justin Setterfield/Getty Images

З Холандам жа асацыююцца не пакуты і паразы, а лёгкасць і прарыў. Нарвегія не выходзіла ў фінальную стадыю Кубка свету з 1998 года, а Холанд забяспечыў ёй не толькі паездку ў Амерыку, але і выхад з групы, а таксама перамогу над самой Бразіліяй у матчах плэй-оф. У той сустрэчы ён забіў абодва мячы, і ўпершыню ў гісторыі Нарвегія выйшла ў чвэрцьфінал сусветнага першынства.

У асабістай кар’еры Холанда ўсё таксама значна весялей, чым у Кейна. Трафеі ён збірае з 18 гадоў, а ўжо да 22 гадоў атрымаў усё тое, пра што Кейн толькі марыў: стаў чэмпіёнам Англіі і пераможцам Лігі чэмпіёнаў.

Холанд на паўгалавы вышэйшы за Кейна — не толькі ростам, але і выніковасцю, у тым ліку і на гэтым чэмпіянаце. У Амерыцы нарвежскі вікінг правёў чатыры матчы і забіў сем галоў. У англічаніна матчаў больш — пяць, але галоў менш — шэсць, прычым два з пенальці.

Стыль гульні ў іх падобны, але разам з тым розны. Абодва — магутныя цэнтральныя форварды, здольныя праціснуць абарону ў штрафной.

Але Холанд мацнейшы фізічна і больш эфектыўны: яму дастаткова аднаго дотыку, каб адправіць мяч у сетку.

На гэтым чэмпіянаце ён забіваў у сярэднім раз на 50 хвілін, Кейн — раз на 75 хвілін.

Кейн саступае яму ў фізічнай моцы і рэалізацыі момантаў, аднак ён старэйшы і больш вопытны, а яго футбольнае амплуа шырэйшае — ён можа не толькі завяршаць атакі, але і арганізоўваць гульню, адыходзіць з пазіцыі цэнтральнага нападніка на ролю атакуючага паўабаронцы. 

Гэта пацвярджае і статыстыка гэтага турніру: акрамя шасці галоў, у Кейна ёсць яшчэ і галявая перадача, тады як у Холанда асістаў няма.

Менавіта таму Кейн — не толькі галоўная зорка, але і капітан зборнай Англіі, а Холанд — толькі галоўная зорка зборнай Нарвегіі, у той час як капітанская павязка належыць 27‑гадоваму лідару лонданскага «Арсенала» Марціну Эдэгору.

Хто лепшы: Кейн ці Холанд?

Паміж імі больш агульнага, чым можа здацца.

Холанд нарадзіўся ў англійскім Лідсе, дзе гуляў у футбол яго бацька. Калі б ён не выбраў выступаць за Нарвегію, то цалкам мог бы цяпер быць на месцы Кейна ў ролі галоўнага форварда зборнай Англіі.

А Кейн мог апынуцца на месцы Холанда ў «Манчэстэр Сіці», калі б яго трансфер з «Тотэнхэма» ў 2021 годзе не сарваўся ў апошні момант. «Сіці» прапаноўваў за Кейна 100 мільёнаў фунтаў, але «Тотэнхэм» патрабаваў не менш за 150 мільёнаў.

Дубль Эрлінга выбіў Бразілію з чэмпіянату свету. Фота: Yuki Iwamura / AP 

Самы паспяховы трэнер Прэм’ер-лігі апошняга дзесяцігоддзя Пеп Гвардыёла адклаў пошук замены Серхіа Агуэра яшчэ на год, а ўжо летам 2022 года купіў у дортмундскай «Барусіі» нападніка, які быў утрая таннейшы, маладзейшы, больш задорны і больш эфектыўны — Эрлінга Холанда.

У выніку лонданскі клуб Кейна ў сезоне 2022/23 заняў толькі восьмае месца ў Прэм’ер-лізе і вылецеў з усіх кубкавых турніраў.

Кейн і Белінгем. Фота: Julian Finney — FIFA/FIFA via Getty Images 

Сам Гары Кейн хоць і забіў 30 галоў — колькасць, якой звычайна хапае для звання лепшага бамбардзіра сезона, — усё ж саступіў гэты тытул Эрлінгу Холанду, бо той забіў рэкордныя для Прэм’ер-лігі 36 галоў у сваім дэбютным сезоне і дапамог «Манчэстэр Сіці» аформіць гістарычны трабл — перамагчы ў чэмпіянаце Англіі, Кубку Англіі і Лізе чэмпіёнаў.

А Гары Кейн увогуле пакінуў Англію і пераехаў у Германію.

Цяпер ужо Холанд каштуе ўтрая даражэй за Кейна. Паводле апошняй ацэнкі Transfermarkt, 25‑гадовы нарвежац дзеліць першае месца ў спісе самых дарагіх футбалістаў свету разам з 18‑гадовым іспанцам Ламінам Ямалем. Іх трансферны кошт ацэньваецца на 200 мільёнаў еўра, тады як кошт Кейна значна сціплейшы — 60 мільёнаў еўра.

Каментары4

  • Filipp
    11.07.2026
    "Хто найлепшы Эрлін Холанд ці Гары Кейн? Дазнаемся сёння ноччу."©
    Я за Кейна!
  • Cymus
    11.07.2026
    Haaland - па-беларуску чытаецца Голан. "Холанд" пішуць расейцы, бо не маюць двух "Г". У беларускай мове ўжываць такі варыянт недарэчы (тое самае, што пісаць Хітлер або Хамбург).
  • %
    11.07.2026
    Працягваю заўзець за Англію, працягваю спадзявацца

Цяпер чытаюць

Былы міністр культуры Руслан Чарнецкі знайшоў сабе падпрацоўку9

Былы міністр культуры Руслан Чарнецкі знайшоў сабе падпрацоўку

Усе навіны →
Усе навіны

Па Магілёве курсіраваў аўтобус з вялікай дзіркай у падлозе3

«Спадзяюся, але не факт, што паступлю»: абітурыентка, якая здала ўсе іспыты на 100 балаў16

Беларускі шахцёр пайшоў у IT. А пасля кінуў працу і стварае свой брэнд карамелі3

Такога дзіцячага садка вы яшчэ не бачылі. Яго спраектаваў лаўрэат «архітэктурнага Нобеля»9

Выйшаў зборнік турэмных эсэ Мікалая Статкевіча

Грунвальдскі музей адказаў на просьбу беларусаў паставіць на полі бел-чырвона-белы сцяг27

Парламент Францыі прыняў закон аб эўтаназіі, нягледзячы на супраціў многіх дэпутатаў3

Зяленскі прапанаваў Сяргея Карэцкага на пасаду прэм'ера Украіны2

Чаму кароткая праграма пральнай машыны не найлепшы выбар3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былы міністр культуры Руслан Чарнецкі знайшоў сабе падпрацоўку9

Былы міністр культуры Руслан Чарнецкі знайшоў сабе падпрацоўку

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць