У Брэсцкай вобласці завяршыліся пошукі 40‑гадовага Станіслава Мамаева, які знік амаль тыдзень таму. 28 лістапада пошукава-выратавальны атрад «Паўднёвы Захад» паведаміў, што мужчыну знайшлі мёртвым.

Станіслаў Мамаеў знік 22 лістапада. Прыкладна а 14‑й гадзіне ён знаходзіўся ў аграгарадку Відамля Камянецкага раёна, адкуль выехаў у бок Пружанаў на чорным аўтамабілі Renault Logan з расійскімі рэгістрацыйнымі нумарамі. Пасля гэтага звестак пра яго месцазнаходжанне не было.
На наступны дзень валанцёры распаўсюдзілі арыенціроўку з інфармацыяй пра зніклага. Пазней яны асобна звярнуліся да кіроўцаў, якія 22 лістапада пасля 13:52 праязджалі па трасе Р85 паміж Відамляй і Пружанамі, а таксама па прылеглых дарогах. Аўтамабілістаў прасілі праверыць запісы відэарэгістратараў, на якія магла трапіць машына Мамаева.
У пошуках удзельнічалі супрацоўнікі міліцыі, валанцёры атрада «Паўднёвы Захад» і калегі мужчыны. 28 лістапада стала вядома, што яго знайшлі нежывым.
Каментары