Максімальны тэрмін адключэння гарачай вады ў Мінску істотна скарацілі
Жыхары шматкватэрных дамоў прызвычаіліся да таго, што летам гарачую ваду адключаюць прыкладна на пару тыдняў.

Але сёлета правілы мяняюцца — у Мінску тэрміны сталі прыкметна карацейшымі. Пра гэта ў эфіры АНТ расказаў першы намеснік міністра ЖКГ Андрэй Бекета, піша Tochka.by.
Паводле слоў чыноўніка, цяпер у сталіцы гарачую ваду не павінны адключаць больш чым на 9,5 сутак.
Для малых населеных пунктаў максімальны тэрмін застаўся ранейшым — 13 сутак.
Розніца тлумачыцца тэхнічнымі асаблівасцямі. Стан сетак, від крыніцы энергіі і абсталяванне ўплываюць на тое, колькі часу патрабуецца для падрыхтоўкі да зімы. У Мінску сетка больш сучасная, таму тэрміны ўдалося скараціць.
У той жа час у сталіцы выпрабавалі і новы падыход: замену труб цяпер можна праводзіць лакальна, адключаючы толькі невялікі квартал, а не цэлы раён.
«Яна [тэхналогія] дазваляе рэальна адключыць невялікі квартал для забеспячэння спажыўцоў на час правядзення аварыйных работ гарачым водазабеспячэннем альбо цеплазабеспячэннем», — растлумачыў Бекета.
Аднак масава ўкараняць гэтую тэхналогію пакуль не плануюць — у Мінжылкамгасе лічаць, што цэнтралізаваная сістэма застаецца аптымальнай для беларускага клімату.
Нягледзячы на незадаволенасць жыхароў з сезона ў сезон, штогадовыя адключэнні застануцца. Як тлумачыць чыноўнік, сістэма водазабеспячэння ў краіне патрабуе комплекснай падрыхтоўкі да ацяпляльнага сезона.
Яна ўключае праверку газавага абсталявання, дыягностыку катлоў, прамыўку і апрасоўку цеплатрас, а таксама работы ў жылых дамах і цеплавых вузлах.
Каментары